Генсек NATO: нават пасля завяршэння вайны ва Украіне небяспека, якую ўяўляе Расія, не знікне
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп лічыць, што па вайне Расіі супраць Украіны дасягнуты «значны прагрэс». Але ў NATO лічаць, што нават калі вайна ва Украіне скончыцца, небяспека, якую ўяўляе Расія, не знікне. Ідуць 1353-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Агулам на працягу мінулых сутак зафіксавана 169 боесутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 7 лістапада.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 58 штурмаў расіян ў раёнах Чырвонага Ліману, Шахава, Мірнаграду, Ніканораўкі, Радзінскага, Новапаўлаўкі, Новаэканамічнага, Лісоўкі, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Філіі і іншых.
На Славянскім і Канстанцінаўскім кірунках Сілы абароны Украіны адбілі па 14 атак расіян на кожным.
На Паўднёва-Слабажанскім і Купянскім кірунках УСУ спынілі па 12 атак арміі РФ на кожным.
На Аляксандраўскім і Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунках расійцы здзейснілі па 10 атак на кожным.
* * *
УСУ абверглі даныя аналітычнага праекта DeepState аб страце тэрыторый у Днепрапятроўскай і Запарожскай абласцях.
Раней праект DeepState у сваёй зводцы паведаміў аб акупацыі расіянамі Паўлаўкі, а таксама іх прасоўванні ў раёнах Балагана, Удачнага, Ступачак, у Плаўнях, Прыморскім, Успенаўцы.
«Сапраўды, сітуацыя на Аляксандраўскім, Гуляйпольскім і Арэхаўскім кірунках напружаная: толькі за мінулыя суткі зафіксавана амаль паўсотні баявых сутыкненняў з ворагам. Але пазначаныя ў паведамленні населеныя пункты не знаходзяцца пад кантролем расіян», — паведамілі Сілы абароны Поўдня Украіны ў Тэлеграм.
Пазначана, што ў цяперашні час адна з брыгад УСУ трымае абарону ў раёне вёскі Паўлаўка, і там працягваюцца жорсткія баі. Сутыкненні з расійцамі адбываюцца і ў раёне Плаўняў, дзе трымаецца «шэрая зона».
Расіяне спрабуюць пранікнуць у фланг УСУ ў раёне Прыморскага праз былое Кахоўскае вадасховішча, дзе буйная расліннасць і трыснёг вышынёй у некалькі метраў, аднак Сілы абароны знішчаюць іх.
«У раёне Успеніўкі праціўнік агнявым паражэннем знішчыў некалькі пазіцый, таму нашым абаронцам прыйшлося адысці ўглыб абароны, але баі за населены пункт не спыняюцца», – запэўнілі вайскоўцы.
«На гэтых участках лініі фронту мы пастаянна праводзім пошукава-ўдарныя дзеянні і знішчаем варожыя дыверсійныя групы. За мінулыя суткі на поўдні вораг страціў больш за дзве сотні асабовага складу», — паведамілі ў Сілах абароны.
* * *
У ноч на 7 лістапада расійская армія атакавала Чугуеў Харкаўскай вобласці больш чым 10 беспілотнікамі, на месцах трапленняў пачаліся пажары, пашкоджаны грамадзянскае прадпрыемства і навучальная ўстанова.
У ноч на 7 лістапада расійскія войскі атакавалі грамадзянскую інфраструктуру Запарожскай вобласці, у выніку чаго пашкоджанні атрымалі дзіцячы сад і жылыя дамы.
* * *

* * *
Пасол Украіны ў ЗША Вольга Стэфанішына ў эфіры тэлепраграмы Balance of Power заявіла, што яе краіна вядзе са Штатамі «пазітыўныя» перамовы аб набыцці ракет Tomahawk і іншай зброі далёкага дзеяння.
«Абмеркаванні яшчэ працягваюцца, але ў нас ёсць шмат дэлегацый, якія працуюць над павелічэннем даступных фінансавых рэсурсаў для набыцця вялікіх ваенных магчымасцяў у ЗША. Гэта не толькі Tomahawk, але і розныя тыпы іншых ракет далёкага і блізкага дзеяння, і я магу толькі сказаць, што гэта досыць пазітыўна», — адзначыла яна.
Пасол таксама адзначыла, што Украіна працуе, каб атрымаць «больш сродкаў супрацьпаветранай абароны».
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас вячэры з лідарамі Цэнтральнай Азіі ў чарговы раз паўтарыў, што спыніў 8 войнаў, а па вайне Расіі супраць Украіны ён лічыць, што дасягнуты «значны прагрэс».
Трамп адзначыў, што тры месяцы таму яго адміністрацыя заключыла мірнае пагадненне паміж Арменіяй і Азербайджанам. «Мы імкнемся скончыць яшчэ адну, калі гэта магчыма, паміж Расіяй і Украінай. Пакуль нам гэта не ўдалося, але, я думаю, што мы дасягнулі значнага прагрэсу», — сказаў ён.
* * *
Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ на форуме NATO-Industry Forum у Бухарэсце заявіў, што Расія ўжо не абганяе NATO ў вытворчасці боепрыпасаў.
Рутэ адзначыў, што нават пасля завяршэння расійскай вайны супраць Украіны «небяспека, якую ўяўляе Расія, не знікне». «У найбліжэйшай будучыні Расія будзе заставацца дэстабілізуючым фактарам у Еўропе і свеце. І Расія не адзіная ў сваіх намаганнях падарваць глабальныя правілы. Яна супрацоўнічае з Кітаем, Паўночнай Карэяй, Іранам і іншымі краінамі», – сказаў ён.
Генсек Альянсу ў гэтым кантэксце згадаў пра неабходнасць нарошчвання абароннай вытворчасці, якая б пераўзыходзіла сапернікаў.
«Мы ўжо мяняем сітуацыю з боепрыпасамі. Да нядаўняга часу Расія вырабляла больш боепрыпасаў, чым усе члены NATO разам узятыя. Але цяпер гэта не так. Па ўсім Альянсе мы адкрываем дзясяткі новых вытворчых ліній і пашыраем існуючыя. Мы вырабляем больш, чым за апошнія дзесяцігоддзі», — сказаў Рутэ.
Ён дадаў, што NATO павінна развіваць гэты прагрэс у іншых сферах — «ад высокатэхналагічнай супрацьпаветранай абароны да недарагіх перахопнікаў дронаў».