Еўрапейскі Саюз плануе пазбавіць грамадзян Расіі шматразовых шэнгенскіх віз

Уладзімір Пуцін нібыта просіць Трампа «ўрэгуляваць» вайну ва Украіне, але ў той жа час прымае законы, якія толькі ўзмацняюць вайну. А Еўропа, адчуваючы небяспеку, імкнецца абмежаваць прысутнасць расіян на сваёй тэрыторыі. Ідуць 1352-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

577315259_1183606537285756_9001179846749032250_n.jpg

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 276 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 6 кастрычніка.

Больш за траціну — 100 атак расіян —было спынена на Пакроўскім кірунку ў раёнах Маяку, Ніканораўкі, Чырвонага Ліману, Міралюбаўкі, Пакроўску, Лісоўкі, Зверава, Новапаўлаўкі, Котліна, Удачнага і іншых.

Праводзяцца захады па блакаванні расійцаў, якія намагаюцца прасочвацца і назапашвацца ў Пакроўску. Працягваецца актыўнае процідзеянне спробам груп варожай пяхоты замацавацца.

На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 35 атак у раёнах Александра-Шульціна, Плешчыеўкі, Шчарбінаўкі і Русінага Яру.

На Аляксандраўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 31 штурм у раёнах Зялёнага Гаю, Іванаўкі, Аляксандраграду, Паддубнага, Студзеньскага, Ворана, Сасноўкі і іншых.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 27 разоў, намагаючыся прасунуцца паблізу Грэкаўкі, Новаегораўкі, Калодзежаў, Карпаўкі, Шандрыгалава і іншых.

На Славянскім кірунку армія РФ 17 разоў атакавала паблізу Ямпаля, Дроноўкі, Серабранкі, Пераезнога і іншых.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбылося 14 боесутыкненняў у раёнах Ваўчанска, Балогаўкі і ў бок Сінэльнікавага.

На Гуляйпольскім кірунку зафіксавана 13 баявых сутыкненняў у раёнах Новамікалаеўкі, Успенаўкі, Паляўнічага.

* * *

Сітуацыя на Пакроўскім кірунку вельмі складаная, паколькі задзейнічана шмат розных падраздзяленняў, працу якіх трэба сінхранізаваць, заявіў начальнік разведкі зенітнага ракетна-артылерыйскага дывізіёна брыгады «Рубеж» Данііл Барысенка ў эфіры ўкраінскага тэлемарафону.

«Сітуацыя сапраўды вельмі складаная і з нашага боку асноўная складанасць у тым, што задзейнічана вялікая колькасць розных падраздзяленняў. Як УСУ і Нацыянальнай Гвардыі, так і ваеннай службы правапарадку. Вельмі шмат спецназаўцаў», — сказаў Барысенка.

Цяпер ідуць цяжкія баі за Пакроўск. Генеральны штаб Украіны 5 лістапада абверг «акружэнне Пакроўску», пра што заяўляюць расійскія прапагандысты. Украінскія Сілы абароны працягваюць трымаць абарону ў межах Пакроўска-Мірнаградскай агламерацыі.

* * *

У выніку расійскага ўдару беспілотнікамі восем чалавек пацярпелі ў горадзе Каменскае Днепрапятроўскай вобласці. Былі разбураны дах і перакрыцці ў адным з пад'ездаў чатырохпавярховага дома.

У горадзе Валгарэчанск Кастрамской вобласці Расіі ўначы прагрымелі выбухі – дроны ўдарылі па Кастрамской ДРЭС, трэцяй па магутнасці цеплавой электрастанцыі Расіі. Адзначаецца, што адбылося як мінімум тры трапленні.

У ноч на чацвер, 6 лістапада ў часова акупаваным Крыме адбыўся пажар на нафтабазе ў раёне пасёлка Бітумнае пад Сімферопалем, паведамляе Telegram-канал «Крымскі вецер». Канал піша, што гарыць, верагодна, нафтабаза «Крымнафтазбыт».

У расійскім Валгаградзе быў ізноў атакаваны мясцовы НПЗ — «Лукойл Валгаграднефтэперапрацоўка». Пра гэта піша шэраг Telegram-каналаў, публікуючы відэа з пажарам.

* * *

577437976_1184218750557868_5990472806351418587_n.jpg

* * *

Пуцін падпісаў шэраг законаў, якія фактычна адкрываюць магчымасць разгортвання расійскіх рэзервістаў на акупаванай тэрыторыі Украіны, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Эксперты адзначаюць, што ў Расіі прыняты закон, які дазваляе рэзервістам удзельнічаць у спецыяльных трэніроўках для забеспячэння абароны крытычна важных аб'ектаў РФ. Раней расійскія чыноўнікі сцвярджалі, што ўлады будуць накіроўваць рэзервістаў толькі для абароны крытычна важнай інфраструктуры ў межах свайго рэгіёну, але закон такіх абмежаванняў не ўтрымлівае.

Крэмль вызначае чатыры незаконна анексаваныя вобласці Украіны як частку Расіі, і адсутнасць тэрытарыяльных абмежаванняў у законе можа дазволіць уладам накіроўваць рэзервістаў у акупаваныя раёны Украіны.

Таксама Пуцін 5 лістапада падпісаў закон, што распаўсюджвае штомесячныя выплаты, якія атрымліваюць расійскія кантрактнікі, на любога ваеннаслужачага, які служыць для адбіцця ўзброенага ўварвання ў Расію, — падчас узброенай правакацыі на дзяржаўнай мяжы або на расійскай тэрыторыі, або паблізу раёнаў, дзе Расія праводзіць «спецыяльную ваенную аперацыю».

Крэмль можа выкарыстоўваць пункт закона аб тых, хто служыць паблізу «спецыяльнай ваеннай аперацыі», каб устанавіць умовы для разгортвання і аплаты рэзервістаў для баявых дзеянняў ва Украіне, ацэньвае ISW.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас выступлення на Амерыканскім бізнес-форуме ў Маямі заявіў, што Уладзімір Пуцін падчас іх апошняй тэлефоннай размовы нібыта папрасіў «урэгуляваць» вайну ва Украіне.

«Я размаўляў з ім (Пуціным) два тыдні таму, і ён сказаў, маўляў, мы спрабавалі ўрэгуляваць гэтую вайну 10 гадоў і не змаглі гэтага зрабіць. Вы павінны ўрэгуляваць гэта», — сказаў Трамп.

Кіраўнік Белага дома дадаў, што «ўрэгуляваў некаторыя з гэтых пытанняў за гадзіну», але не ўдакладніў, пра якія менавіта дамоўленасці ідзе гаворка.

У той жа час Трамп раскрытыкаваў Арганізацыю Аб'яднаных Нацый, абвінаваціўшы яе ў поўнай бяздзейнасці ва ўрэгуляванні расійска-ўкраінскай вайны і іншых канфліктаў, якія, па яго словах, ён спыніў пасля вяртання ў Белы дом у студзені 2025 года.

* * *

Міністр абароны Вялікабрытаніі Джон Хілі па-ранейшаму перакананы, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп можа пераканаць кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна пачаць мірныя перамовы па Украіне, піша Politico.

Хілі падчас палёту з Нарвегіі ў Парыж, куды ён накіроўваўся на сустрэчу з новым міністрам абароны Францыі, заявіў: «Прэзідэнт Трамп — гэта тая фігура, якая можа пасадзіць Пуціна за стол перамоваў, якая патэнцыйна можа пакласці канец баявым дзеянням».

Выданне адзначае, што свае заявы Хілі агучыў пасля пасяджэння Аб'яднаных экспедыцыйных сіл у Бодэ, дзе яны падпісалі новае пагадненне аб партнёрстве з Украінай.

* * *

Еўрапейскі Саюз рыхтуецца да далейшага ўзмацнення візавых правілаў для грамадзян Расіі, фактычна спыніўшы выдачу шматразовых шэнгенскіх віз у большасці выпадкаў, паведамляе Politico са спасылкай на тры крыніцы.

Згодна з новымі правіламі, расіяне змогуць атрымаць толькі аднаразовыя візы для ўезду ў Шэнгенскую зону. Выключэнні будуць рабіцца ў абмежаваных выпадках – напрыклад, з гуманітарных меркаванняў або для людзей, якія таксама маюць грамадзянства ЕС.

Узмоцненыя візавыя правілы для расіян, як чакаецца, будуць афіцыйна ўхвалены і ўведзены на гэтым тыдні, гаворыцца ў публікацыі.

ЕС ужо ўскладніў атрыманне віз для расіян, прыпыніўшы пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму з Расіяй у канцы 2022 года пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну. Некаторыя краіны-члены, у прыватнасці краіны Балтыі і Польшча, пайшлі яшчэ далей, забараніўшы або жорстка абмежаваўшы ўезд расіян на сваю тэрыторыю.