Гендарная роўнасць, якой няма. Як улады выкарыстоўваюць жанчын у сваіх мэтах

Штогод улады справаздачацца ў міжнародных структурах аб поспехах у дасягненні гендарнай роўнасці. І сапраўды, на паперы ўсё выглядае добра. А як на самай справе?

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Беларусь займае 36-е месца ў свеце па ўзроўні гендарнай роўнасці, як сведчаць даныя адпаведнага індэкса. Эксперты высока ацэньваюць магчымасці беларусак удзельнічаць у эканоміцы краіны, але прызнаюць, што ў палітыцы ў іх слабыя шанцы. Пры гэтым 40% дэпутатаў верхняй палаты парламента — жанчыны, гэты паказчык вышэйшы, чым у многіх дзяржавах ЕС. «Нямецкая хваля» высветліла ў экспертак, ці патрэбныя Беларусі гендарныя квоты і ці ёсць у беларускіх жанчын рэальная ўлада.

Нават у «жаночых» сферах у Беларусі кіруюць мужчыны

У Беларусі жанчыны складаюць большасць насельніцтва — 53,8%. Па прадстаўніцтве іх у парламенце краіна лідзіруе на постсавецкай прасторы і займае 22 месца ў свеце: 40% дэпутатаў верхняй палаты парламента і 28% ніжняй — жанчыны.

«Беларускія ўлады выкарыстоўвалі гэты аргумент, каб паказаць міжнародным партнёрам, якіх поспехаў дасягнула краіна, — тлумачыць сацыёлаг Алена Агарэлышава. — Але такі прывабны вобраз Беларусі не з'яўляецца адлюстраваннем сапраўднай дэмакратыі, паколькі з 1996 года міжнародная супольнасць не прызнае выбары ў краіне легітымнымі. Няма розніцы, каго рэжым пасадзіў у крэсла дэпутата — гэты чалавек не валодае самастойнасцю, не з'яўляецца рэальным прадстаўніком выбаршчыкаў, яго задача — слепа выконваць загады зверху. Пры такім раскладзе ўсё роўна, 40% жанчын у парламенце або ўсе 100%».


Паводле звестак Белстата, самыя «жаночыя» сферы дзейнасці ў краіне — ахова здароўя (84% занятых у ёй — жанчыны), адукацыя (83,2%), фінансы і страхаванне (74,9%). Пры гэтым кіруючыя пасады ў гэтых абласцях часта займаюць мужчыны, у тым ліку ва ўрадзе. У Беларусі ўсяго адна міністарка — Ірына Касцевіч, якая ўзначальвае Мінпрацы. Найбольш заўважнымі жанчынамі ва ўладных структурах можна назваць старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву, кіраўніцу Белстата Іну Мядзведзеву, намесніцу кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Вольгу Чупрыс — іх можна ўбачыць на нарадах, якія праводзяцца Аляксандрам Лукашэнкам па ключавых пытаннях.

Але важна сапраўднае, а не намінальнае прадстаўніцтва жанчын ва ўладзе, упэўненая палітолаг Леся Руднік: «Як паказвае практыка, жанчыны значна больш увагі надаюць сацыяльнай палітыцы. Яны звяртаюць увагу на пытанні, якія мужчыны могуць нават не заўважаць, паколькі іх становішча ў грамадстве больш прывілеяванае. Акрамя таго, прадстаўніцтва жанчын гарантуе вялікую ўцягнутасць у дыскусіі, а значыць, выпрацоўку рашэнняў, якія б адлюстроўвалі інтарэсы розных сацыяльных груп. Вядома, калі ў жанчын сапраўды ёсць голас».

Большасць суддзяў у краіне — жанчыны. Але што яны вырашаюць?

У гісторыі незалежнай Беларусі жанчыны ніколі не былі прадстаўленыя на топ-пазіцыях у сілавых органах. Тое ж тычыцца і кіраўніцтва судоў: пры тым, што ў цэлым жанчын-суддзяў — большасць (56%), у Вярхоўным судзе перавага ўжо ў бок мужчын (66%), а ў прэзідыуме ВС наогул няма ні адной жанчыны. На нізавым узроўні суддзяў часцей за ўсё набіраюць з былых сакратароў і судовых выканаўцаў, куды неахвотна ідуць мужчыны — зарплата каля 900-1200 рублёў (358-478 еўра ў пераліку). Далей па кар'ернай лесвіцы прабіваюцца тыя, хто папрацаваў у райсудах.

«У традыцыйна "мужчынскіх" сферах жанчыны павінны быць удвая больш эфектыўнымі, каб іх заўважылі і павысілі, — лічыць Алена Агарэлышава. — Дыскрымінацыя закладзена ў аснову фармавання сілавых ведамстваў, калі ў Акадэмію МУС на адну спецыяльнасць набіраюць 40 мужчын і 5 жанчын. І хаця прахадныя балы ў жанчын значна вышэйшыя, на выхадзе мы часцей за ўсё бачым іх у ролі прэс-сакратарак, а не кіраўніц».


«Зусім інакш уладкаваная сістэма ў ЕС, — гаворыць Леся Руднік. — На ўзроўні партый закладзены прынцып кватавання, гэта значыць жанчыны абавязкова павінны быць прадстаўленыя ў палітычным жыцці. І ў далей пры фармаванні ўрада мы ўжо бачым жанчын з розных партый на кіруючых пасадах і ў войску, і ў пракуратуры, і ў спецслужбах». У такім выпадку, на думку суразмоўніцы, ёсць сэнс у квотах. У Беларусі ж, дзе фармальна ў парламенце 40% дэпутатаў — жанчыны, так і не быў прыняты закон аб прадухіленні хатняга гвалту. І квоты, дадае Руднік, сітуацыю не вырашаць.

Чаму жанчыны ва ўладзе выгадныя рэжыму

«Паколькі жанчынам складаней прабіцца на кіруючыя пасады, то, як правіла, дамагаючыся поспеху, яны дэманструюць больш высокую лаяльнасць, — мяркуе сацыёлаг Алена Агарэлышава. — Гэтая якасць для рэжыму ключавая, таму мы бачым абнаўленне судзейскага і пракурорскага карпусоў. Аднак намінальная прысутнасць там жанчын, як і ў парламенце, не вырашае пытанняў з забеспячэннем законнасці і справядлівасці».

Яшчэ адна, не самая відавочная, прыкмета гендарнай няроўнасці — нізкая ўцягнутасць жанчын у карупцыю, дадае Руднік: «У Беларусі ў жанчын значна менш доступу да ўлады, рэсурсаў, вялікіх бізнесаў».



Самыя гучныя такога роду крымінальныя справы, дзе фігуравалі чыноўніцы, — у дачыненні да начальніцы ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя Людмілы Равуцкай (у 2019 годзе), сенатаркі Ганны Шарэйка(у 2016-м) і кіраўніцы Фонду сацыяльнай абароны Людмілы Бачыла (у 2018-м). За ўсю гісторыю незалежнай Беларусі была толькі адна справа, па якой абвінавачанай праходзіла чыноўніца ўзроўню міністра — тагачасная кіраўніца Нацбанка Тамара Віннікава, якая была арыштаваная ў 1997 годзе, але пазбегла суду.