Сёння ЕС можа прыняць 18-ты пакет санкцый у дачыненні да Расіі за вайну ва Украіне
Сітуацыя з пастаўкамі зброі Украіне і з новымі санкцыямі Еўропы адносна Расіі паціху развязваецца. Але, як адзначае прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, кожны дзень з адведзеных Расіі на прыняццё рашэння па заключэнні міру, жахлівы для Украіны. Хаця УСУ годна трымае абарону на франтах. Ідзе 1241-шы дзень поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пра саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі ва Украіне адбылося 180 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 17 ліпеня.
Па-ранейшаму траціна боесутыкненняў прыпадае на Пакроўскі кірунак: там абаронцы Украіны спынілі 61 штурм расіян у раёнах Палтаўкі, Папова Яру, Радзінскага, Новатарэцкага, Міралюбаўкі, Лісоўкі, Новаўкраінкі, Зверава, Удалага, Мураўкі, Аляксееўкі, Дачнага і іншых.
На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 30 разоў, спрабуючы прасунуцца каля Новаегараўкі, Грэкаўкі, Карпаўкі, Зялёнай Даліны, Студні, Серабранкі і іншых.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку за мінулыя суткі адбылося 21 баявое сутыкненне.
На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны спынілі 17 атак расіян у раёнах Паддубнага, Зоркі, Мірнага, Свабоднага Поля, Шаўчэнка і іншых.
На Краматорскім кірунку зафіксавана 13 боесутыкненняў ў раёнах Часава Яру, Ступачак, Арэхава-Васільеўкі, Белай Гары і Прадцечына.
На Паўднёва-Слабажанскім (Харкаўскім) кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 10 атак расіян паблізу Валчанску, Зялёнага і Старыцы.
На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла дзевяць атак паблізу Шчарбінаўкі, Аляксандра-Калінавага, Пятроўкі, Русінага Яра і іншых.
* * *
Узброеныя Сілы Украіны дасягнулі поспеху на адным з ключавых участкаў фронту — у кірунку Пакроўска, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
У сваёй справаздачы ISW паведамляе, што ўкраінскія войскі ўмацавалі свае пазіцыі ў раёне паўднёвага ўсходу Новаэканамічнага, непадалёк ад Пакроўска. Гэта пацвярджаюць геалакацыйныя відэазапісы ад 17 ліпеня.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 17 ліпеня, паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся на паўночны ўсход ад Бароўскай Андрэеўкі (паўночны ўсход ад Баравой) Луганскай вобласці.
* * *
У выніку расійскіх удараў БПЛА у ноч на 18 ліпеня ў Чугуеве Харкаўскай вобласці чацвёра параненых, ёсць пашкоджанні, у прыватнасці, медыцынскай і адукацыйнай устаноў, паведаміла кіраўнік горада Галіна Мінаева.
Адзін чалавек загінуў і яшчэ двое пацярпелі ў выніку расійскай атакі беспілотнікамі па Паўлаградскім раёне Днепрапятроўскай вобласці ноччу 18 ліпеня, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі (АВА) Сяргей Лысак. Дрон трапіў у электравоз, загінуў машыніст цягніка. Яго памочнік паранены, але ў стабільным стане.
У ноч на 18 ліпеня ў Запарожжы ў выніку атакі беспілотнікаў разбураныя нежылыя будынкі, атрымаў раненні 79-гадовы мужчына.
* * *

* * *
У Дзярждэпе ЗША заявілі, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп будзе «агрэсіўна» дамагацца рэалізацыі сваіх падыходаў па спыненні вайны ва Украіне.
«Я думаю, што прэзідэнт (ЗША Трамп) — гэта чалавек, які будзе прымаць гэтыя рашэнні, і ён працягвае падыходзіць да гэтага агрэсіўна, каб ягонае бачанне заканчэння гэтага канфлікту (вайны Расіі супраць Украіны) было рэалізаванае», — заявіла прэс-сакратарка Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Тэмі Брус.
Брус адзначыла, што пакуль Трамп «досыць празрыста» выказвае сваю ацэнку сітуацыі і праяўляе цярпенне. Але разам з тым, па яе словах, прэзідэнт ЗША будзе прытрымлівацца дамоўленасцяў з NATO па забеспячэнні Украіны ўсім неабходным для абароны.
* * *
Украіна атрымае сістэмы супрацьпаветранай абароны Patriot цягам бліжэйшых тыдняў. Цяпер усе пытанні ўзгадняюцца на ўзроўні міністэрстваў абароны Германіі і ЗША, паведаміў канцлер Германіі Фрыдрых Мерц.
Паводле яго, патрэбная яснасць адносна таго, як ЗША заменяць сістэмы ўзбраення, перададзеныя Еўропай. «У апошнія дні мы дасягнулі дамоўленасці, што мы паставім новыя сістэмы Patriot ва Украіну з Еўропы, і што гэтыя сістэмы потым будуць замененыя ЗША. Таму што мы таксама павінны падтрымліваць уласныя абаронныя магчымасці», — сказаў Мерц.
Ён выказаў здагадку, што міністры абароны ў бліжэйшы час дамовяцца аб схеме замяшчэння, але гэта «не пытанне гадзін — гэта пытанне дзён, магчыма, тыдняў, перш чым сістэмы будуць пастаўленыя Украіне».
* * *
Славакія 18 ліпеня здыме блакаванне 18-га пакета санкцый ЕС супраць Расіі. Аднак адразу пасля гэтага пачынаецца «другі этап барацьбы з Еўракамісіяй адносна расійскага газу», заявіў прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіцо ў Facebook.
«Нягледзячы на велізарны ціск, пагрозы і крытыку, мы прымусілі Еўракамісію звярнуць увагу на тое, як спыненне расійскага газу паўплывае на хатнія гаспадаркі і эканоміку Славакіі. Напружанне на абодвух баках барацьбы было адчувальным. Я лічу правільным паведаміць, што мы пераадолелі першы этап», — сказаў Фіцо.
Паводле яго слоў, Славакія мае пісьмовыя гарантыі ад Еўракамісіі, падпісаныя яе старшынёй Урсулай фон дэр Ляен, якія «пацвярджаюць абавязацельствы па цэнах на газ, яго наяўнасці, транзітных збораў і магчымасці прызнаць надзвычайную сітуацыю, калі не будзе расійскага газу». «Мы таксама атрымалі гарантыі адносна магчымых арбітражных спрэчак з-за невыканання абавязацельстваў па кантракце з "Газпромам", які дзейнічае да 2034 года. Акрамя афіцыйнага ліста, урад Славакіі і Еўракамісія дамовіліся і аб неафіцыйных гарантыях», — дадаў Фіцо.
Прэм'ер падкрэсліў, што Славакія нібыта ўжо выдаткоўвае 100 млн еўра на кампенсацыі за высокія цэны на энерганосьбіты, і таму не падтрымае прапанову аб спыненні паставак расійскага газу з 2028 года.
* * *
Міністр лічбавай трансфармацыі Украіны Міхаіл Фёдараў прэзентаваў платформу Test in Ukraine на базе кластара Brave1. Яна дазволіць замежным кампаніям тэставаць свае ўзоры ўзбраення ва Украіне.
Платформа Test in Ukraine дазволіць замежным вытворцам БПЛА, наземных дронаў, РЭБ і рашэнняў на базе штучнага інтэлекту афіцыйна тэставаць сваю прадукцыю ва Украіне. Кампаніі змогуць асабіста ўдзельнічаць у выпрабаваннях, каб адразу ўносіць змены, ці ж перадаваць свой прадукт Brave1, каб каманда кластара самастойна яго пратэставала.
«Гэта магчымасць атрымаць вопыт, які немагчыма змадэляваць у лабараторыях. Brave1 — ваша кропка ўваходу: для тэставання, сумеснага развіцця і маштабавання лепшых рашэнняў для перамогі Украіны», — сказаў Фёдараў.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі перасцярог, што кожны з 50 дзён, якія ЗША далі Расіі на спыненне вайны, можа абярнуцца новымі ахвярамі і разбурэннямі для Украіны. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю Тhe New York Post.
Зяленскі адзначыў, што «вельмі ўдзячны» Трампу за падтрымку санкцый у дачыненні да Расіі, у прыватнасці патэнцыйных 100-працэнтных тарыфаў супраць краін, якія купляюць расійскую нафту, калі Масква не пагодзіцца на мірнае пагадненне. Аднак, паводле яго слоў, 50-дзённы тэрмін азначае яшчэ больш смерцяў і разбурэнняў на працягу амаль двух месяцаў.
«Пяцьдзясят дзён для нас — гэта жах, кожны дзень страшны», — сказаў кіраўнік Украіны.
На яго думку, трэба прымусіць гаспадара Крамля завяршыць вайну, паколькі ён цяпер гэтага не хоча і не гатовы да кампрамісу. «Калі Украіна павінна зрабіць гэта самастойна, нам давядзецца прайсці вельмі доўгі шлях з вялікімі стратамі... Таму што патрэбныя не проста словы — патрэбныя сур'ёзныя рычагі ўплыву», — мяркуе Зяленскі.