Без Лукашэнкі ў Беларусі больш шанцаў на адносіны з Азіяй, чым з ім

Аналітык «Цэнтра новых ідэй» і былы дыпламат Павел Мацукевіч у сваім блогу «Пульс Леніна-19» расказвае пра тое, наколькі мы патрэбны Кітаю і што ўвогуле можа зацікавіць азіяцкія краіны ў Беларусі.

Індустрыяльны парк «Вялікі Камень». Фота: «НЧ»

Індустрыяльны парк «Вялікі Камень». Фота: «НЧ»


Новае даследаванне «Цэнтра новых ідэй» праводзіць рэвізію беларускіх інтарэсаў у Азіі, а таксама ўмоў і перашкод для супрацоўніцтва, прапаноўваючы крокі для іх пераадолення. З гэтым рэгіёнам у Мінску звязваюць рашэнне адразу некалькіх надзённых праблем: забеспячэнне міжнароднай легітымнасці, разрыў заходняй ізаляцыі і ледзь не поўнае замяшчэнне гандлёвых страт у гандлі з Еўрасаюзам.

Праўда, яшчэ ў жніўні мінулага года Лукашэнка крыху дэзавуяваў «замену старэючай Еўропы на Азію» заявай, што «нам ні ў якім разе нельга сыходзіць з Еўрасаюза». Тым не менш, «разварот на Азію» ўсё роўна застаецца ў жаргоне афіцыйных асоб.

Беларусь зацікаўлена ў адносінах з азіяцкімі краінамі незалежна ад палітычнай сістэмы. Невыпадкова цікавасць да Азіі абудзілася з першых дзён незалежнасці, калі наша краіна яшчэ і блізка не асацыявалася з «апошняй дыктатурай у Еўропе». І гэта цікавасць была ўзаемнай.

Азіяцкія краіны ў ліку першых прызналі суверэнітэт Беларусі. Працэс устанаўлення дыпламатычных адносін з імі нават пачаўся раней за Расію і краіны СНД. Кітай і Індыя аказаліся сярод першых 14 дзяржаў, дзе незалежная Беларусь прыняла рашэнне адкрыць свае дыппрадстаўніцтвы.

Як і цяпер, так і тады самым важным партнёрам у рэгіёне быў Кітай. Яшчэ на пачатку адносін Пекін узяў абавязацельства садзейнічаць умацаванню незалежнасці Беларусі. Згодна з пагадненнем аб устанаўленні дыпадносін ад 1992 года, «урад КНР падтрымлівае намаганні Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на абарону нацыянальнай незалежнасці, суверэнітэту, мірнае ўрэгуляванне шляхам перамоў пытанняў, звязаных з этнічнымі тэрыторыямі».


Навошта Беларусі Азія

У нашы дні сам факт, што Кітай прымае Лукашэнку, які знаходзіцца пад санкцыямі і адчувае праблемы з легітымнасцю, васальна залежнага ад Расіі, як прэзідэнта з дзяржаўным візітам, фармальна ўмацоўвае суверэнітэт Беларусі.

Леташняе ўзняцце дыпадносін з Кітаем да ўзроўню ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства таксама сведчыць пра кітайскую зацікаўленасць у самастойнасці Беларусі. Рашэнне здаецца актуальным для 2019 года, у рэаліях санкцый і вайны ва Украіне дэградацыя адносін была б больш натуральнай.

Пры гэтым усе гэтыя кітайскія пернікі наўрад ці азначаюць, што КНР стане ўскладняць свае адносіны з Расіяй дзеля Беларусі, калі дойдзе да справы, і прама аспрэчваць расійскую сферу ўплыву.

Азія ўяўляе цікавасць у першую чаргу як ёмісты, перспектыўны рынак, які хутка пашыраецца.

Толькі Кітай штогод імпартуе з усяго свету прадукцыі на суму да 3 трлн. долараў ЗША (сукупны знешнегандлёвы абарот Беларусі — толькі 77 млрд. долараў). У 2022 годзе КНР стала другім знешнегандлёвым партнёрам Беларусі пасля Расіі: беларускія экспартныя пастаўкі дасягнулі адзнакі ў 1,6 млрд. долараў.

Асобныя краіны рэгіёна ўваходзяць у лік сусветных лідараў па аб'ёме прамых інвестыцый за мяжу. У 2021 годзе агульны аб'ём прамых інвестыцый з Азіі за мяжу дасягнуў 394 млрд. долараў. У тэорыі гэты інвестыцыйны патэнцыял можа быць выкарыстаны Беларуссю.

Акрамя гэтага Беларусь у ліку першых далучылася да глабальнай ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях», прапаноўваючы аптымальныя сухапутныя чыгуначныя маршруты з Азіі ў Еўропу.

У сваю чаргу і для Беларусі ва ўмовах заходніх санкцый уяўляюць цікавасць транспартна-лагістычныя магчымасці азіяцкіх краін. Транспартны калідор «Поўнач-Поўдзень», які праходзіць па тэрыторыі Ірана, фактычна стаў брамай у свет «далёкай дугі» для беларускага экспарту.


Навошта Азіі Беларусь

Фармальна спектр супрацоўніцтва з Азіяй вельмі шырокі і разнастайны — ад фармацэўтыкі, энергетыкі і IT да адукацыі, навукі і культуры. Аднак аніводная з азіяцкіх краін не пазіцыянуе адносіны з Беларуссю як асаблівыя, акрамя Кітая.

У чым заключаюцца кітайскія інтарэсы, можна толькі меркаваць. Адзін з варыянтаў адказу даў Лукашэнка на саміце ШАС у Самаркандзе: «Такі немалы і надзейны сябар у Еўропе, як Беларусь, заўсёды будзе карысны не толькі для Шанхайскай арганізацыі, але і для КНР». Для гэтага, праўда, трэба спачатку нармалізаваць адносіны з Еўропай.

Кітай можа бачыць у Беларусі лабіста сваіх інтарэсаў на постсавецкіх пляцоўках — ЕАЭС, СНД, АДКБ. Дастаткова ўспомніць званок Сі Цзіньпіна Аляксандру Лукашэнку ў студзені 2021 года, фармальна прымеркаваны да юбілею дыпадносін, падчас якога Лукашэнка «праінфармаваў калегу наконт дзейнасці міратворчых сіл АДКБ у Казахстане».

У Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва Беларусь і Лукашэнка таксама могуць аказацца карыснымі Кітаю, як і іншым азіяцкім краінам, у святле афармлення паўнавартаснага сяброўства ў ШАС (цяпер у статусе назіральніка), якое мае адбыцца сёлета.

Лукашэнка можа таксама выступаць кансультантам Пекіна ў справах і планах у Крамлі — прыкладна як робіць гэта для заходніх СМІ. Усё-ткі ніхто так часта і так блізка не кантактуе з Пуціным, як Лукашэнка.

Ацэньваючы інтарэсы Кітая ў Беларусі ў кантэксце праекта «Адзін пояс, адзін шлях», варта ўлічыць, што новы «Шаўковы шлях» складаецца не толькі з сухапутных маршрутаў, але і марскіх. Апошнія пацярпелі падчас пандэміі каронавіруса, але набываюць у значнасці праз вайну ва Украіне. Папулярнасць чыгуначнага маршруту дастаўкі праз Беларусь якраз была абавязана кан'юнктуры цэн на грузаперавозкі — марскія «стрэлілі» ў кошце на фоне пандэміі, зрабіўшы чыгуначныя прывабнымі.


Кітай пастаўляе свае тавары ў ЕС у асноўным па моры: на долю сухапутных перавозак прыпадае толькі каля 6% яго тавараабароту. У 2022 годзе транзіт праз Беларусь склаў 3,2% ад агульнага гадавога абароту паміж Кітаем і Еўропай. Непазбежныя лагістычныя трансфармацыі не азначаюць адыходу кітайскага транзіту з Беларусі, але дыверсіфікацыя маршрутаў у любым выпадку працягнецца.

Гандаль з Беларуссю не можа адыгрываць вялікую ролю для Кітая. Узаемны тавараабарот па выніках 2022 года дасягнуў рэкордных 5,8 млрд долараў, але блякне на фоне маштабаў кітайскага знешняга гандлю — 6,3 трлн долараў.

Індустрыяльны парк «Вялікі камень» не стаў для Кітая брамай у Еўропу, але вайна адкрыла іншыя магчымасці: парк можа дапамагчы кітайскім кампаніям з далучэннем да праграм імпартазамяшчэння ў Расіі.

Паласа перашкод

Азія не ставіць пад сумнеў легітымнасць Лукашэнкі, але прызнанне — яшчэ не «зялёнае святло» ў адносінах. Ёсць значныя азіяцкія краіны, якія фармальна прызнаюць афіцыйны Мінск, але зусім не фарсіруюць супрацоўніцтва з Беларуссю праз паводзіны беларускіх улад. Сярод іх — Японія і Паўднёвая Карэя.

Падзенне экспарту ў заходнія краіны і ва Украіну ўсё роўна лепш кампенсуецца пастаўкамі ў Расію. У 2022 годзе экспарт на расійскі рынак дасягнуў 26,1 млрд долараў. Гэта азначае, што рэкордны беларускі экспарт у Кітай за год меншы, чым у Расію за месяц (у сярэднім звыш 2 млрд).

Азія імпартуе аналагі вырабленай у Беларусі прадукцыі, але праблема заключаецца ў канкурэнцыі з замежнымі пастаўшчыкамі: нішы занятыя. Санкцыйная Беларусь, пазбаўленая аптымальнай лагістыкі, наўрад ці здольная з імі канкурыраваць. Сітуацыя пагаршаецца стратай доступу да заходніх тэхналогій і крэдытаў.

Ёсць перадавыя кітайскія тэхналогіі, але тое, што паступае ў Беларусь, не дацягвае да заходняга ўзроўню, а кітайскія крэдыты даражэйшыя за заходнія. У выніку Беларусь, якая страціла доступ да крэдытаў і тэхналогій Захаду, прайграе ўдвая — і ў кошце, і ў якасці.


Кітай, нягледзячы на выключнасць двухбаковых адносін, якая падкрэсліваецца беларускімі ўладамі, не спяшаецца ўкладваць у Беларусь рэальныя грошы. Па паказчыку ўкладзеных у 2022 годзе ў беларускую эканоміку прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове лідзіруюць Расія, Нідэрланды і ААЭ. Месца Кітая не афішуецца, але ў дакрызісныя часы (2020) яно было толькі 10-м.

Удзел у праекце «Адзін пояс, адзін шлях» таксама не варта пераацэньваць. Беларусь — толькі адна з гіганцкага спісу ўдзельнікаў: па стане на верасень 2022 года Кітай падпісаў пагадненні аб супрацоўніцтве ў рамках новага «Шаўковага шляху» са 149 краінамі і 32 міжнароднымі арганізацыямі.

Пагроза другасных санкцый можа адштурхоўваць азіяцкія краіны ад актывізацыі з Беларуссю. Усё-ткі для большасці з іх супрацоўніцтва з ЗША і ЕС у любым выпадку куды важнейшае за кантакты з афіцыйным Мінскам, каб ім рызыкаваць. Таму ў выпадку дэмакратызацыі ў Беларусі шанцы на паўнавартасную рэалізацыю нацыянальных інтарэсаў у Азіі вышэйшыя, чым пры Лукашэнку.

У любым выпадку, не варта пераацэньваць магчымасці. Беларусь не звязана з Азіяй геаграфічна, а адсутнасць агульнай мяжы скарачае агульныя інтарэсы. Беларусь ні для адной з азіяцкіх краін не з'яўляецца крытычна важным партнёрам або пастаўшчыком крытычна важных тавараў і паслуг. Цікавасць можа быць як да моста, які злучае Азію з Еўропай і забяспечвае бесперашкодны рух таварных патокаў.

Таму беларускі ключык да «асваення» Азіі — у замірэнні з Захадам. Зняцце санкцый пашырыць магчымасці для супрацоўніцтва куды больш, чым усе візіты туды Лукашэнкі за 29 гадоў кіравання.