Украінскі палітолаг: Лукашэнка цяпер проста хоча выратаваць сябе
Украінскі журналіст, палітолаг і пісьменнік Уладзімір Цыбулька разважае, ці ўратуе Лукашэнку Сі Цзіньпін, чаму Лукашэнка змяніў рыторыку на больш міралюбную, і чаму не будзе гандлю палітвязнямі.
— Абвінавачанне ў незаконнай дэпартацыі дзяцей — вельмі зневажальны кейс для Пуціна і Расіі, — адзначыў Уладзімір Цыбулька ў эфіры канала 6*V. — Але для Лукашэнкі, думаю, ёсць яшчэ больш важкія абвінавачанні. Ён падаў тэрыторыю сваёй краіны для нападу на Украіну, і гэта падпадае пад вядзенне агрэсіўнай вайны.
У той жа час палітолаг пагадзіўся, што беларускі кіраўнік сапраўды апошнім часам змяніў рыторыку з агрэсіўнай на міралюбную.
— Хутчэй за ўсё, часткай расійскага палітыкума званок Сі Цзіньпіна Зяленскаму стаў успрымацца як прызнанне патэнцыйнай перамогі Украіны. І для Лукашэнкі больш не застаецца выбару. Вядома, у цені Сі Цзіньпіна ён адчувае сябе больш бяспечна, чым у цені Пуціна.
Ён спадзяецца, што менавіта Сі Цзіньпін выратуе яго ад адказнасці — і перад Украінай, і перад сусветнай супольнасцю. Але той не ўратуе.
Беларусь для Кітая ў цяперашнім фармаце не цікавая. Украіна больш цікавая, бо ў яе ёсць зона свабоднага гандлю з Еўрасаюзам. І цяпер размяшчэнне кітайскіх вытворчасцяў на тэрыторыі Украіны аўтаматычна запускае прадукцыю на рынак ЕС.
Тут варта браць пад увагу той факт, пра які мы выдатна ведаем: нават калі ў Лукашэнкі спытаць якая гадзіна, ён схлусіць.
Пры гэтым, на думку ўкраінскага палітолага, чакаць традыцыйнага «гандлю палітвязнямі» не варта.
— Мне падаецца, Лукашэнка ўжо не разглядае палітвязняў як «валюту» для гандлю за асабістую свабоду і бяспеку.
Ён працягвае іх утрымліваць, таму што калі адпусціць — будзе выглядаць слабым для сваіх прыхільнікаў. Хоць, па-мойму, ён у прынцыпе слабы чалавек, ён моцны толькі ў сваёй галаве і, можа, у вачах сыноў, — мяркуе Цыбулька.