Хронікі рэпрэсій. Беларускамоўнага пенсіянера ўжо пяты раз судзяць за адно і тое ж
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі 5 траўня.
Праваабаронцы правялі несуцяшальныя даныя красавіцкага маніторынгу палітычна матываваных крымінальных спраў у Беларусі:
Не менш за 43 чалавекі, з іх 11 жанчын і 32 мужчыны, асуджаныя па «пратэсных» крымінальных справах. Сумарна яны прысуджаныя да 89 гадоў і 3 месяцаў пазбаўлення волі, 34 гадоў «хатняй хіміі», 3 гадоў «хіміі з накіраваннем», 9250 рублёў штрафу;
Па «пратэсных» крымінальных справах суды ўжылі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, у 65,12% выпадкаў.
Пакаранне па палітычна матываваных крымінальных справах, звязаных з пазбаўленнем волі і яе абмежаваннем, суды ўжывалі ў 100% выпадкаў асуджэння ўдзельнікаў «пратэсных» спраў.
* * *
5 траўня МУС падрыхтавала традыцыйнае пятнічнае абнаўленне «Спісу грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Цяпер у ім 2770 чалавек.
Акрамя іншых, туды дадаліся: пінскі блогер Мікалай Клімовіч, фігуранты «справы прафсаюзаў» Васіль Бераснеў і Вацлаў Арэшка, вядомы лекар-трансплантолаг Аляксей Аляксейчык.
* * *
Суд Мазырскага раёна пачаў разглядаць справу палітзняволенага дырэктара гродзенскай студыі вэб-дызайну «Іквадарт» Глеба Койпіша аб замене яму рэжыму адбыцця пакарання на больш строгі.
Глеб Койпіш павінен быў выйсці на волю ў жніўні 2023 года, цалкам адбыўшы прызначанае яму пакаранне ў выглядзе двух гадоў «хіміі». Справу разглядае суддзя Анатоль Стрэльчанка.
Койпіша затрымалі 25 жніўня 2021 у Гродне. Дома ў яго, а таксама ў студыі, быў праведзены ператрус. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). 9 снежня суд Ленінскага раёна Гродна вынес яму прысуд: два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. 14 сакавіка 2022 Глеб пачаў адбываць пакаранне ў Мазыры, у ПУАТ №21.
МУС 28 кастрычніка 2022 года ўключыў палітзняволенага ў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».
У Койпіша была магчымасць да ўступлення прысуду ў сілу з’ехаць з краіны, аднак ён прыняў рашэнне застацца.
* * *
Жыхарку Глыбокага Алу Арэхва, якая працуе прадаўцом-кансультантам, 19 красавіка асудзілі па двух артыкулах — ч. 2 артыкула 19.11 КаАП Беларусі («Распаўсюджанне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць») і ч. 1 артыкула 24.23 КаАП Беларусі — парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў. Старшыня суда Глыбоцкага раёна Алена Кот 19 красавіка асудзіла жанчыну на 10 сутак.
Ала Арэхва ў сацыяльных сетках «Аднакласнікі» і «УКантакце» посціла і ставіла «лайкі» матэрыялам, прызнаных уладамі «экстрэмісцкімі». Таксама яна паставіла падабайку выяве з нацыянальным бела-чырвона-белым сцягам і каментаром «Свабода», паведамляе «Віцебская вясна». Гэтае дзеянне Глыбоцкі суд расцаніў як адзіночнае пікетаванне з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў без дазволу Глыбоцкага райвыканкама. Суддзя Алена Кот спаслалася таксама на тое, што старонка жанчыны ў сацыяльных сетках была адкрытая і публікацыі на ёй былі даступныя для агляду іншым грамадзянам.
Суд, акрамя арышту, пастанавіў канфіскаваць мабільны тэлефон.
* * *
У судзе Савецкага раёна Гомеля 2 траўня быў вынесены чарговы прысуд 71-гадоваму пенсіянеру з Нясвіжа Васілю Дземідовічу. Суддзя Аляксандр Мохараў прызнаў пенсіянера вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 391 Крымінальнага кодэкса («Абраза суддзі») і прызначыў два з паловай гады калоніі са штрафам у памеры 30 базавых велічыняў. Палітвязня ўжо чатыры разы судзілі за рэпосты і каментры ў тг-канале «К*рнікі Б*ларусі».
Шляхам частковага складання канчаткова яму прызначылі сем гадоў пазбаўлення волі і штрафам у памеры 4 930 рублёў.
5 траўня ў Пухавічах над Дземідовічам распачаўся ўжо пяты суд — яго абвінавачваюць зноў па арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Суддзя — Вольга Бабук.
На Дзень Волі 2021 года Васіля затрымалі за тое, што вывесіў на сваім доме ў Нясвіжы бел-чырвона-белы сцяг. Тады яго адправілі на «суткі». Вядома, што яго тады жорстка затрымалі чатыры супрацоўнікі.
Праз тое, што палітвязня ўключылі ў «спіс тэрарыстаў», яму нельга рабіць грашовыя пераводы. Акрамя гэтага, у Васіля няма сваякоў, якія б маглі яго падтрымліваць.
За апошні год пенсіянер перажыў дзясяткі этапаў. Этапуюць палітвязняў у цяжкіх умовах: у «сталыпінскім» вагоне пад жорсткім кантролем канваіраў і сабак, у кайданках, падчас чаго іх часта не кормяць, усе рэчы яны нясуць у руках закаваных у кайданкі. Таму гэта вельмі дрэнна адбіваецца на здароўі Васіля.