Гаага для Лукашэнкі — не самы кепскі варыянт: суд у Беларусі будзе больш непрыемным

Праблема Лукашэнкі заключаецца ў тым, што ён ужо натварыў столькі, што за гэта давядзецца адказваць. Ён разумее міжнародны кантэкст, разумее, куды ўляпаўся. Лукашэнка называе сябе гісторыкам, але гісторыі зусім не ведае. Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам пра магчымасць міжнароднага трыбуналу для Лукашэнкі.

"Правасуддзе непазбежна". Ілюстрацыйная выява

"Правасуддзе непазбежна". Ілюстрацыйная выява


«Мы яшчэ далёкія ад пачатку трыбуналу ў Беларусі над Лукашэнкам і прадстаўнікамі ягонага рэжыму. Але мы рыхтуем для гэтага глебу ўжо сёння. Бо сілавікі, суддзі, пракуроры, чыноўнікі ва ўладзе павінны адчуваць, што іх дзеянні будуць мець наступствы», — заявіла на ІІ Канферэнцыі беларусаў свету Святлана Ціханоўская.
Павел Латушка і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ) ініцыявалі прыцягненне Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці па справе аб вывазе дзяцей з Украіны.
Але Лукашэнка многа натварыў за 29 гадоў безраздзельнага праўлення: знікненні і забойствы палітычных апанентаў, крывавае падаўленне пратэстаў 2020 года, саўдзел у расійскай агрэсіі ва Украіне ды інш. Ці дазваляюць «заслугі» Лукашэнкі падвесці яго пад трыбунал?
— Сітуацыя з Пуціным мае свае асаблівасці, — мяркуе Аляксандр Фрыдман. — У Гаазе вырашылі пайсці па самым лёгкім шляху: узяць адну тэму, па якой ёсць добрая доказная база, з якой можна хутка і паспяхова працаваць. Калі браць ваенныя злачынствы, якія Расія чыніць ва Украіне, тут чакае цяжкая юрыдычная праца: аддаваліся загады ці не аддаваліся, — дробязяў шмат, працэс доўгі і складаны.
Да выдачы ордэра на арышт Пуціна наўпрост спрычынілася ўпаўнаважаная па справах дзіцяці РФ Львова-Бялова: яна сама апублікавала інфармацыю, сама пацвердзіла, што загады аддае Пуцін. У Гаазе ўхапіліся за прызнанне Львовай-Бяловай і пайшлі шляхам выдачы ордэраў на арышт яе самой і Пуціна.
Латушка разумее гэтыя нюансы, таму і робіць стаўку на прымусовае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей. Я думаю, Латушка сам разумее, што дабіцца выдачы ордэра на арышт Лукашэнкі будзе складана, таму ён дзейнічае на апярэджанне. Што гэта значыць? Ён апублікаваў інфармацыю, што збіраюць адпаведныя дакументы — відавочна, што яны яшчэ не сабраныя, што Міжнародны суд у Гаазе нічога не атрымаў.
Для Лукашэнкі гэта вельмі непрыемна, думаю, гэты мэсэдж да яго дайшоў: прапагандысцкі усплёск на адрас Латушкі са знявагамі сведчыць пра тое. Але цяпер беларускі рэжым будзе дзейнічаць вельмі асцярожна: ужо бачна, што ўсе праблемы з перамяшчэннем украінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі рэжым імкнецца падаць як ініцыятыву Талая, як яго прыватны праект, да якога дзяржава нібыта не мае ніякага дачынення. Таму даказаць саўдзел Лукашэнкі будзе складана. Не ведаю, якія дакументы мае на руках Латушка, але па тых звестках, якія прысутнічаюць у публічнай прасторы, — з абвінавачаннем Лукашэнку будзе цяжка.
Для Талая сітуацыя можа скласціся вельмі непрыемная. Але тут наўрад ці гэта пытанне да Міжнароднага крымінальнага суда. У расійскім выпадку Львова-Бялова дробная персона, але нельга было выдаць ордэр на арышт Пуціна, не выдаўшы на Львову-Бялову. У беларускім выпадку могуць знайсці падставы заняцца Талаем, але Талай наўрад цікавы Міжнароднаму крымінальнаму суду: нават па беларускіх мерках ён занадта дробная персона. Так, ён частка рэжыму, чалавек сістэмы, але персона дробная. А ці хопіць доказаў, каб на аснове «справы Талая» прад’явіць абвінавачанні Лукашэнку? Крымінальная справа па выкраданні ўкраінскіх дзяцей распачатая, супраць Лукашэнкі не патрэбна распачынаць новую справу: дастаткова сабраць дакументальныя доказы і далучыць да існуючай крымінальнай справы.
У будучыні, пасля заканчэння вайны, калі будзе працягвацца расследаванне, супраць Лукашэнкі можа быць выдадзены ордэр. Але гэта ўжо справа на будучыню.
Хаця і матэрыялы, звязаныя з продажам зброі ПВК «Вагнер», таксама маюць вагу. Але зноў жа, што мы маем? Уцечка дакументаў з Пентагона ўяўляе сабой аналітычныя запіскі амерыканскіх спецслужбаў, напэўна, яны грунтуюцца на канкрэтнай інфармацыі. Але ці ёсць дакументы за подпісам Лукашэнкі? Думаю, не. Ён не першы дзень у палітыцы, цудоўна адчувае, па якіх балючых кропках могуць наносіцца ўдары. Таму, відавочна, Лукашэнка дзейнічае надзвычай асцярожна і зробіць усё, каб не пакінуць матэрыяльных прамых доказаў.
— Апрача вывазу ўкраінскіх дзяцей, існуюць яшчэ як мінімум два кейсы: падзеі 2020 года ў Беларусі і расійскае ўварванне з тэрыторыі Беларусі 24 лютага 2022 года. Ці магчыма іх пакласці ў аснову крымінальнага пераследу?
— Безумоўна, усё гэта можна развіць, але вельмі цяжка праводзіць расследаванне. Па 2020 годзе ўсё прасцей: ёсць прамое прызнанне Лукашэнкі, што ён аддаваў загад падавіць пратэсты. Але для Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе 2020 год не з’яўляецца прыярытэтам. Кейс 2020 года можа быць развіты ў рамках універсальнай юрыдычнай працэдуры: супраць Лукашэнкі пададзеныя позвы ў пракуратуру Польшчы, у пракуратуру Германіі. Перспектывы, напэўна, ёсць, але для Лукашэнкі яны розныя. У яго адна магчымасць — заставацца ва ўладзе да самага канца, бо калі ён пакіне сваю пасаду, адразу могуць пачацца праблемы: новыя расследаванні, уцечкі дакументаў і гэтак далей. Прыклады перад вачыма: улада ў Сербіі змянілася, і новае кіраўніцтва, каб пайсці на збліжэнне з Еўразвязам, каб «перагарнуць старонку», проста пазбавіліся ад Мілошавіча, які ператварыўся ў баласт. І апынуўся Мілошавіч у Гаазе, хаця многа чаго натварыў, за што яго можна было засудзіць у Сербіі.


Лукашэнка цудоўна разумее: калі ён стане палітычным пенсіянерам, калі да ўлады прыйдуць тыя людзі, якім ён нават давярае (сёння цалкам лаяльныя Лукашэнку), — узнікне спакуса зрабіць Лукашэнку вінаватым за ўсё і пазбавіцца яго. І тым самым атрымаць шанц на палітычную будучыню для сябе. Я кажу пра розных функцыянераў рэжыму, ім трэба будзе паказаць, што ва ўсім вінаваты Лукашэнка, а яны ніякага дачынення да беззаконня не маюць.
— То-бок, ніякай перадачы ўлады, нават суперлаяльнай Качанавай?
— Лукашэнка можа захаваць у сваіх руках усю ўладу як кіраўнік УНС, захаваць магчымасць накладваць вета на любыя рашэнні. У выпадку Лукашэнкі магчымы сыход без сыхода. Ён можа пакінуць прэзідэнцкую пасаду (тэарэтычна гэта магчыма нават у 2025 годзе); калі нейкім чынам да гэтага часу вырашыцца вайна ва Украіне — будзе замарожаная ці як мінімум закончыцца фаза баявых дзеянняў — то ў гэтым выпадку Лукашэнка можа і не балатавацца. Калі сітуацыя не вырашыцца, ён, як мне падаецца, застанецца на сваёй пасадзе.
Аднак праблема Лукашэнкі заключаецца ў тым, што ён ужо натварыў столькі, што за гэта давядзецца адказваць. Ён разумее міжнародны кантэкст, разумее, куды ўляпаўся. Лукашэнка называе сябе гісторыкам, але гісторыі зусім не ведае. Існуе цалкам рытарычнае пытанне: калі б ён аказаўся сёння ў становішчы Сталіна ў сакавіку 1953 года, калі ў яго здарыўся чарговы інсульт, — ці ратавалі б яго? Сістэма ўлады заточаная пад Лукашэнку, як у СССР — пад Сталіна: Лукашэнка апошняя інстанцыя, Лукашэнка па-над усімі. Савецкія кіраўнікі фактычна дазволілі Сталіну сканаць. Пакуль Сталін паміраў, яны дзялілі ўладу паміж сабой. Калі б Лукашэнка аказаўся ў сітуацыі Сталіна — хто ведае, як павялі б сябе цяперашнія паплечнікі? Магчыма, ён і задае сабе такое пытанне, і калі шчыра на яго адказвае, то не можа быць упэўненым ні ў адным з іх. Як бы паводзілі сябе Качанава, Церцель ці Вальфовіч? Рытарычнае пытанне. І ў гэтым трагізм для Лукашэнкі, гэта трагедыя ўсіх дыктатарскіх рэжымаў: ніводзін дыктатар не можа добраахвотна сысці, ні Лукашэнка, ні Пуцін. Яны самі завялі сябе ў сітуацыю, калі ім няма куды сыходзіць. Сысці можаш, але адпачываць на лецішчы ў Магілёўскай вобласці не давядзецца, бо можна апынуцца ў «амерыканцы» ці нават у горшым месцы. Хаця, шчыра кажучы, Гаага для Лукашэнкі — не самы кепскі варыянт: суд у Беларусі і пакаранне для яго будзе больш непрыемным.
— Асабліва па ягоных законах, прынятых у эпоху «іншым разам не да законаў»…