Дасье ў карыкатурах. З прэзідэнцкага крэсла — на нары
У Францыі суд прыгаварыў да турэмнага зняволення экс-прэзідэнта Нікаля Сарказі. Такім чынам працягнуўся папулярны ў нашым стагоддзі трэнд, калі экс-прэзідэнты траплялі на лаву падсудных. Нагадаем самыя гучныя справы.
Першым гарантам у нашым стагоддзі, жыццё якога завяршылася ў турме, быў Садам Хусэйн. Яго рэжым упаў 17 красавіка 2003 года пасля інтэрвенцыі ў Ірак заходняй кааліцыі. Каля паўгода ў экс-прэзідэнта атрымлівалася хавацца, аднак у снежні 2003 года ён быў злоўлены і адпраўлены пад суд. Неўзабаве асаблівы трыбунал Ірака прад'явіў Садаму першыя абвінавачанні. У ліку яго злачынстваў было, у прыватнасці, пакаранне смерцю сялян адной вёскі. Гэта адбылося ў адплату за няўдалы замах на Хусэйна, калі прэзідэнцкі картэж праязджаў праз вёску. У выніку суд прызнаў Хусэйна вінаватым і прысудзіў яго да смяротнага пакарання праз павешанне. Зрэшты, на думку мастака, прысуд не напалохаў экс-дыктатара. На малюнку Садам кажа, што не баіцца пакарання, паколькі за сваё жыццё шмат разоў кагосьці караў смерцю.
Наступны ў нашым спісе Слабадан Мілошавіч, за якім Гаагскі трыбунал ганяўся з 1999 года. Слабадана абвінавачвалі ў ваенных злачынствах. У тым ліку ў выгнанні з Косава каля 750 тыс. этнічных албанцаў (а гэта амаль траціна ўсяго албанскага насельніцтва краю). У 2003-м Мілошавіч быў перададзены Сербіяй у Гаагу і пераведзены ў турму ААН. З-за дрэннага здароўя прэзідэнта суд зацягнуўся. 11 сакавіка 2006 года Слабадан Мілошавіч быў знойдзены мёртвым у сваёй камеры. Лічыцца, што ён памёр ад сардэчнага прыступу, што стала падставай для жартаў. Так, на карыкатуры выдання The Guardian лекары, якія спрабуюць высветліць прычыны смерці Слабадана, сумняюцца, што ў нябожчыка магло быць сэрца.
30 мая 2012 года спецыяльны трыбунал па Сьера-Леонэ ў Нідэрландах прысудзіў былога прэзідэнта Ліберыі Чарльза Тэйлара да 50 гадоў турмы. Месяцам раней суд прызнаў яго вінаватым у ваенных злачынствах. У абвінаваўчым заключэнні сцвярджаецца, што на пасадзе прэзідэнта Ліберыі Тэйлар падчас грамадзянскай вайны ў суседняй Сьера-Леонэ, якая доўжылася з 1991 па 2002 гады, узбройваў і падтрымліваў баявікоў, што тэрарызавалі насельніцтва гэтай краіны. Канфлікт прывёў да гібелі больш за 120 тысяч чалавек. Зрэшты, у судзе Тэйлар спрабаваў абараняцца. У адказ на гэта мастак выдання Africa Cartoon прапанаваў Тэйлару прывесці ў суд у якасці сведак абароны сваіх ахвяр, якім яго баевікі адсякалі рукі. Ніхто з іх не зможа паказаць на экс-прэзідэнта як на вінаватага ў злачынствах.
Цяпер накіруемся ў Паўднёвую Карэю, якая сабаку з'ела на працэсах над былымі і дзеючымі кіраўнікамі дзяржавы. У 2017 годзе, праз тры тыдні пасля імпічменту, ужо былая прэзідэнт рэспублікі Пак Кын Хе была арыштаваная па абвінавачваннях у карупцыі, злоўжыванні ўладай, ціску на бізнес і выдаванні дзяржсакрэтаў. Сітуацыю, у якую трапіла палітык, цікава выявіў мастак выдання World Press.
Па выніках суда ў 2018 годзе былая прэзідэнт прысуджаная да 25 гадоў турмы і штрафу ў 17,8 млн долараў. І Пак Кын Хе далёка не першы кіраўнік паўднёвакарэйскай дзяржавы, улада якога скончылася на нарах. У 1996 годзе адзін з былых прэзідэнтаў атрымаў 22 гады за хабарніцтва. Яго папярэднік Чон Ду Хван (1980-1988) быў прысуджаны да смяротнага пакарання за карупцыю, але пасля атрымаў амністыю. Яшчэ адзін былы гарант пасля абвінавачванняў у атрыманні хабару наклаў на сябе рукі.
Пальму першынства па колькасці асуджаных прэзідэнтаў у нашым стагоддзі ўтрымлівае Егіпет. Вынікам арабскай вясны ў Егіпце стаў судовы працэс супраць прэзідэнта Хосні Мубарака (1981-2011). Спачатку яго прысудзілі да пажыццёвага зняволення за загад страляць па дэманстрантах, потым адмянілі прысуд і выпусцілі на свабоду. Мубарака на пасадзе прэзідэнта тым часам замяніў ісламіст Мухамед Мурсі (2012-2013). У выніку вайсковага перавароту ён таксама трапіў пад суд. Судзілі гаранта за беспарадкі, якія прывялі да звяржэння ўлады Мубарака, і шпіянаж на карысць Катара. Вынесенае Мурсі смяротнае пакаранне было заменена на пажыццёвае зняволенне. 17 чэрвеня 2019 года вязень памёр ад сардэчнага прыступу падчас судовага пасяджэння. Вось такі незвычайны зігзаг лёсу. А ўсяго пяць гадоў таму Мурсі малявалі ў выглядзе ўсёмагутнага фараона. Малюнак мастака выдання Cartoonstock.
На фоне згаданых вышэй прэзідэнтаў Ніколя Сарказі вельмі пашанцавала. За карупцыю і парушэнне правіл фінансавання прэзідэнцкай кампаніі ён атрымаў усяго тры гады. Прычым два з іх — умоўна. Зрэшты зараз вядзецца яшчэ адно расследаванне супраць Сарказі. Гутарка пра значныя сумы грошай, якія ён быццам атрымаў на выбарчую кампанію 2007 года ад Муамара Кадафі. Таму прозвішча Сарказі ў кантэксце новых судоў мы яшчэ хутчэй за ўсё пачуем. Але прысуд ужо стаў гільяцінай для палітычнай кар’еры Ніколя. На гэтую тэму малюнак Дэйва Гранланда.
Няма сумневаў таксама ў тым, што на Сарказі ўсё не скончыцца. Трапяць пад суд і іншыя прэзідэнты. Трэба толькі пачакаць.