Гаворачы пра чужую незалежнасць, Пекіну варта б глядзецца ў люстэрка

У міжнароднай палітыцы прывыклі, што Кітай заўсёды стрыманы і акуратны ў сваіх выказваннях, пільна падбірае словы і пралічвае іх наступствы. Чым былі словы кітайскага амбасадара ў Францыі наконт незалежнасці краін былых Саветаў, пакуль незразумела. Але сустрэчныя пытанні ўзнікаюць і да самога Кітая. Budzma.me расказвае, як КНР атрымала міжнароднае прызнанне.

Ілюстрацыя: Midjourney

Ілюстрацыя: Midjourney


Пачалося ўсё з таго, што не так даўно кітайскі дыпламат Лу Шае падчас гутаркі з французскім журналістам з тэлеканала «La Chaîne Info» зрабіў рэзанансную заяву, дзе паставіў пад сумнеў суверэнітэт дзяржаў, што паўсталі пасля распаду СССР.

Пытанне журналіста, вядома, тычылася найперш Крыма, але кітайскі чыноўнік пайшоў далей і дазволіў сабе троху болей. Паводле Лу Шае, не існуе нейкай міжнароднай дамовы, якая б канкрэтызавала статус поставецкіх краін як суверэнных. Таксама кітайскі дыпламат заклікаў перастаць «прыдзірацца» да пытання постсавецкіх меж. І гэта пры тым, што сам Кітай вельмі нервова рэагуе на «тайваньскае» пытанне.


Словы Лу Шае імгненна выклікалі вострую рэакцыю ў сталіцах балтыйскіх дзяржаў: кітайскіх амбасадараў выклікалі для тлумачэнняў у Вільні, Рызе і Таліне. Адрэагавалі таксама і французскія чыноўнікі, якія назвалі выказванні кітайскага дыпламата жудаснымі.

Але давайце адкінем убок эмоцыі ды паспрабуем разабрацца: ці мае хаця б каліва рацыі кітайскі дыпламат, калі разважае пра рэспублікі, якія паўсталі пасля распаду Савецкага Саюза. У прыватнасці, пра Украіну.

Вайна, ААН і незалежнасць

Пытанне прызнання новапаўсталых дзяржаў пасля распаду СССР адбывалася вельмі марудна, але, тым не менш, усе яны з’яўляюцца членамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Першымі членства атрымалі Літва, Латвія і Эстонія — яшчэ ўвосень 1991 года. Увесну 1992 года да іх далучыліся яшчэ 8 дзяржаў: Азербайджан, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан. Апошняй з былых савецкіх рэспублік была прызнана Грузія, якая стала членам ААН 31 ліпеня 1992 года.

Дык а што з Беларуссю, спытаеце вы?

Рэспубліка Беларусь захавала сваё месца ў ААН аўтаматычна, бо разам з Расійскай Федэрацыяй і Украінай была ў ліку заснавальнікаў гэтай арганізацыі яшчэ ў 1945 годзе. Ад пачатку савецкае кіраўніцтва думала над тым, каб правесці ў склад новай арганізацыі ўсе саюзныя рэспублікі, але такая ініцыятыва чакана не атрымала падтрымкі.


Разам з тым заходнія краіны не маглі цалкам адмовіць Саветам, бо СССР на той томант ужо быў сур’ёзным геапалітычным гульцом, які зрабіў значны ўнёсак у разгром Трэцяга Рэйху. Па ўсім відаць, бакі пайшлі на нейкую дамову — замест 15 савецкіх рэспублік вырашылі ўзяць 2. Так, акрамя ўласна СССР, сярод заснавальнікаў аказаліся яшчэ 2 саюзныя рэспублікі — БССР і УССР, найбольш пацярпелыя падчас вайны.

Рашэнне аб уключэнні Беларусі і Украіны ў склад дзяржаў-заснавальніц ААН тады падтрымалі ЗША, Вялікабрытанія, Францыя і... Кітай. Таму калі ў канцы чэрвеня 1945 года ў Сан-Францыска сабраліся прадстаўнікі дзяржаў-заснавальніц, каб падпісаць Статут ААН, была там і беларуская дэлегацыя. Ад імя нашай краіны подпіс пад Статутам пакінуў Кузьма Кісялёў, які тады займаў пасаду камісара замежных спраў БССР. Таму калі Савецкі Саюз разваліўся, Беларусь не проста захавала сваё месца ў ААН — ужо ў верасні 1992 года ў Мінску запрацавала прадстаўніцтва гэтай арганізацыі.

ААН, Кітай, Тайвань і... новая вайна?

А што Кітай? А вось тут вымалёўваецца цікавая гісторыя, бо ў 1945 годзе адным з заснавальнікаў ААН была Кітайская Рэспубліка — цяпер гэта мяцежны Тайвань, улады якога ніяк не хочуць далучацца да КНР і падумваюць пра абвяшчэнне незалежнасці. Такі крок можа прывесці да ўварвання і пачатку Трэцяй сусветнай вайны.


Кароткі гістарычны экскурс дазволіць зразумець сутнасць канфлікту. У 1912 годзе ў Кітаі адбылася рэвалюцыя і была зрынута манархія. Ва ўладзе аказаўся лідар Гаміньдана («нацыянальнай партыі») доктар Сунь Ятсэн, які ў хуткім часе памёр. Яго замяніў на пасадзе генерал Чан Кайшы. Акрамя лідараў Гаміньдана і КПК, якая ўзнікла ў 1921 годзе, было яшчэ мноства правінцыйных генеральчыкаў, якія кантралявалі невялікія тэрыторыі Кітая. Доўгія дзесяцігоддзі там шла міжусобная барацьба.

Адносіны Гаміньдана і камуністаў былі далёкія ад ідэалістычных. Яны то мірыліся, то абвяшчалі вайну. Прычым у 1920-я гады савецкія ўлады падтрымлівалі менавіта кітайскіх нацыяналістаў, а не сваіх аднадумцаў. Тое самае было потым некаторы час і на Балканах на пачатку Другой сусветнай вайны, калі партызаны Ёсіпа Броз Ціта яшчэ не сталі заўважнай палітычнай сілай.

У другой палове 1940-х гадоў адбылася чарговая, гэтым разам ужо апошняя, грамадзянская вайна. Нацыяналісты ў ёй прайгралі і былі вымушаны бегчы на Тайвань. А абвешчаная ў кастрычніку 1949 года КНР, якую ачоліў Маа Цзэдун, яшчэ доўгі час не атрымлівала ніякага міжнароднага прызнання. За выняткам хіба што Савецкага Саюза, які аказваў дапамогу кітайскім таварышам.

Усё змянілася напрыканцы 1960-х гадоў, калі паміж КНР і СССР пачала назірацца канфрантацыя. Спачатку на ідэалагічным узроўні: Маа быў верным сталінцам і не без здзіўлення ды агіды назіраў за ўсім тым, што адбывалася пасля 1956 года ў Савецкім Саюзе. Яго ідэолагі адкрыта абвінавачвалі савецкіх у рэвізіянізме і адступніцтве. А потым пачаліся і тэрытарыяльныя спрэчкі, якія ледзь не прывялі да поўнамаштабнай вайны паміж дзвюма сацыялістычнымі дзяржавамі. У выніку Кітай аказаўся ў сапраўднай ізаляцыі. І гэтым удала скарысталіся... амерыканцы.

У ліпені 1971 года адбылася лёсавызначальная падзея: Пекін наведаў Генры Кісінджэр, вядомы амерыканскі палітык і адзін з лепшых стратэгаў ХХ стагоддзя. Разглядаючы архіўныя фота і відэа, можна падумаць, што сустрэліся даўнія прыяцелі. Генры Кісінджэр, які на той час займаў пасаду дарадцы па нацыянальнай бяспецы ў Белым доме, і Чжоу Эньлай, тагачасны старшыня Дзяржсавета КНР, ветліва ціснуць рукі, прыязна ўсміхаюцца, робяць кампліменты.

Тая паездка стала сапраўдным шокам для многіх, бо кардынальным чынам змяніла ўсе звыклыя расклады. Стала відавочна, што амерыканцы гатовы паступіцца пэўнымі прынцыпамі і шукаюць паразумення з кітайцамі, якія былі ў канфрантацыі з Масквой. Як потым пісаў сам Кісінджэр у сваіх успамінах, менавіта яго візіт у Пекін дазволіў працягнуць КНР у ААН.

І ўжо ў кастрычніку 1971 года на 26-й Сесіі ААН была прынята знакамітая Рэзалюцыя № 2758, паводле якой адзіным законным прадстаўніком Кітая ў ААН абвяшчалася КНР. Такім чынам, мандат у выніку складаных геапалітычных гульняў перайшоў ад Кітайскай Рэспублікі да афіцыйнага Пекіна.

Пасля гэтага кіраўніцтва КНР не раз карысталася трыбунай ААН, каб праводзіць свае ідэі: блакіравалі прыняцце новых сябраў, накладалі вета на абранне старшынь, прасоўвалі краіны трэцяга свету. З часам, набраўшыся досведу, Кітай ператварыўся ў паслядоўнага абаронцу прынцыпаў арганізацыі. Але апошнія гады выглядае на тое, што дыпламатыя вялікага дракона рухаецца ў іншым кірунку.