Пасол Кітая ў Францыі паставіў пад сумнеў суверэнітэт Беларусі і ўсіх краін былога СССР. Што было далей?

Пасол Кітая ў Францыі Лу Шае 21 красавіка даў інтэрв'ю французскаму тэлеканалу LCI. Пасля публікацыі распачаўся сапраўдны міжнародны скандал. У МЗС Кітая мусілі заявіць, што «паважаюць» незалежнасць усіх постсавецкіх краін. Што здарылася?

image_9736.jpg

Пасольства Кітая ў Францыі сёння, 24 красавіка, выдаліла са свайго афіцыйнага акаўнта ў сацсетцы WeChat расшыфроўку інтэрв'ю пасла Лу Шае. Стэнаграма была даступная некалькі гадзін, піша Bloomberg, але цяпер там, дзе яна была апублікаваная, стаіць пазнака «выдаленая аўтарам».

Што здарылася?

Лу Шае даў інтэрв'ю французскаму тэлеканалу LCI 21 красавіка. Там ён, сярод іншага, заявіў, што Крым быў «рускім першапачаткова».

Словы пра Крым, які з самага пачатку належаў Расіі і які Мікіта Хрушчоў «падарыў Украіне ў часы Савецкага Саюза», не засталіся не заўважанымі сусветнай супольнасцю.

Аднак толькі заявамі пра Крым Лу Шае не абмежаваўся. Ён паставіў пад сумнеў права на незалежнасць усіх дзяржаў, якія калісьці ўваходзілі ў СССР. Паводле яго слоў, гэтыя краіны «не маюць эфектыўнага статусу ў міжнародным праве», таму што няма адпаведнага міжнароднага пагаднення, якое б ратыфікавала іх статус».

Інтэрв'ю Лу Шая выклікала велізарны рэзананс, у прыватнасці, яго асудзілі прадстаўнікі краін Балтыі і Украіны, а МЗС КНР прыйшлося афіцыйна заяўляць, што Кітай паважае суверэнітэт усіх краін, якія раней уваходзілі ў склад СССР, а яго пазіцыя па Крыме «застаецца нязменнай».


Міжнародная рэакцыя

Словы Лу Шае абурылі Эстонію, Латвію і Літву, якія заявілі, што выклічуць кітайскіх дыпламатаў у свае сталіцы для тлумачэння.

Так, міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс адзначыў, што падобныя заявы — адна з прычын, чаму краіны Балтыі не давяраюць Кітаю пасярэдніцтва для міру ва Украіне.

Амбасадар Украіны ў Францыі ВадзімАмельчанка таксама адрэагаваў на скандальныя заявы пасла Кітая адносна Крыма і статусу Украіны ў міжнародным праве.

Пасол Украіны папракнуў дыпламата Кітая ў Францыі, для якога «не ўсё проста» са статусам Украіны і Крыма. І сказаў, што Лу Шае мае «відавочныя праблемы з геаграфіяй». Такія заявы ідуць насуперак з пазіцыяй Кітая, які кажа, што намагаецца аднавіць мір ва Украіне «на аснове міжнароднага права і мэтаў і прынцыпаў Статута ААН».

«Тэставае пытанне «Каму належыць Крым?», як заўсёды, з'яўляецца паказальным. У наступны раз добра было б пашырыць яго пытаннем: «Каму належыць Уладзівасток?». Тут няма месца двухсэнсоўнасці. Крым — гэта Украіна». Пра гэта напісаў Амельчанка ў сваім Twitter.

Украінскі пасол у Францыі дадаў, што «савецкай імперыі больш не існуе, а гісторыя рухаецца далей».

Галоўны дыпламат ЕС Жазэп Барэль таксама раскрытыкаваў заяву Лу Шае і назваў яе непрымальнай.

А ў МЗС Францыі заявілі, што з «жахам успрынялі» выказванні дыпламата і заклікалі Кітай патлумачыць сваю пазіцыю.


У МЗС Кітая заявілі, што «паважаюць» незалежнасць усіх краін

Як адзначае Bloomberg, амбасадар Кітая Лу Шае, падобна, супярэчыць афіцыйнай пазіцыі Кітая, які прызнаў незалежнасць краін Балтыі ў 1991 годзе.

Маа Нін, прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Кітая

Маа Нін, прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Кітая

У адказ на скандальныя выказванні кітайскага амбасадара ў Францыі ў МЗС Кітая заявілі, што «паважаюць» незалежнасць краін былога Савецкага Саюза — і пазіцыя Пекіна ў гэтым пытанні «нязменная».

«Кітай паважае статус былых савецкіх рэспублік як суверэнных краін пасля распаду Савецкага Саюза», — заявіла журналістам прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў МааНін, піша Bloomberg.

Маа дадала, што Кітай устанавіў «двухбаковыя адносіны дружбы і супрацоўніцтва» з былымі савецкімі краінамі з моманту ўстанаўлення з імі дыпламатычных адносін, — і заявіла, што некаторыя СМІ «скажаюць» пазіцыю Кітая па Украіне.