Новая «жалезная заслона» XXI стагоддзя. Дзе пройдзе мяжа?

З часам мірны план Кітая зайграе новымі фарбамі. Але зразумеюць яго таемны сэнс толькі тады, калі стане відавочна, што ён звернуты не да Расіі і Украіны, а да ЗША. 

ordinary_people_2.png

Кітайскі мірны план здаецца супярэчлівым: ён і падтрымлівае тэрытарыяльныя прэтэнзіі Расіі, а з другога — прызнае цэласнасць і суверэннасць Украіны. На самай справе ніякай супярэчнасці няма. Проста ў Кітая ёсць свае панкітайскія амбіцыі, і ў яго няма жадання спрыяць рэалізацыі вар'яцкіх панславісцкіх амбіцый Крамля. Таму кітайскі план у прынцыпе прадугледжвае захаванне моцнай і суверэннай Украіны, прычым пры пратэктараце з боку ЗША.

Расійскі навуковец, гісторык і палітолаг Уладзімір Пастухоўпрапануе паразважаць пра не самыя прыемныя сцэнары, па якіх можа развівацца сусветная гісторыя.

Узнікла патрэба выказацца на хваравітую тэму наконт непажаданых, але «дрэнных сцэнараў» зыходу вайны, якія на жаль, не з’яўляюцца неверагоднымі. Адмова абмяркоўваць гэтыя сюжэты на той падставе, што яны з'яўляюцца «няправільнымі» і «непрымальнымі» з маральна-этычных пазіцый, безумоўна, вартая ўхвалы як прыклад салідарнасці з народам Украіны, што змагаецца супраць вераломнага агрэсара, але наўрад ці дапаможа правільна зарыентавацца ў прасторы-часе новага светапарадку. А першую прэзентацыю гэтага светапарадку мы, відаць, мелі няшчасце назіраць на працягу ўсяго мінулага года.

Пуцін, на мой погляд, з'яўляецца гістарычнай фігурай, якая па волі выпадку апынулася ва ўладзе ў момант, калі ў Расіі за адзін раз намецілася два тэктанічныя гістарычныя зрухі.

Па-першае, гэта плаўны транзіт Расіі з дзяржаў «першага шэрагу» ў дзяржавы «другога», а дзякуючы палітыцы Пуціна, магчыма, і нават «трэцяга» шэрагу. Гэты працэс у значнай ступені аб'ектыўны і абумоўлены дэмаграфіяй, дзе роля Пуціна — быць каталізатарам.

Па-другое, гэта транзіт Расіі з Еўропы ў Азію — гэта значыць, ад дзяржавы еўрапейскага тыпу назад у «Арду», дзе ў Пуціна больш значная роля трыгера. Перспектывы заканчэння вайны, на мой погляд, трэба разглядаць у кантэксце менавіта гэтых двух працэсаў.

У пэўным сэнсе публіцысты, якія шмат і з задавальненнем пішуць пра нечаканы для Захаду паварот падзей, калі ўкраінскі народ і ягоны лідар Зяленскі развярнулі і адпрэчылі прыгатаваны для іх план «бліцкрыгу» паводле «афганскага сцэнару», хітруюць. Не толькі Кіеў, капітуляцыя якога чакалася ў тэрмін ад трох дзён да двух тыдняў, паднёс заходнім палітычным астролагам сюрпрыз, але і Масква, якая не капітулявала перад заходнімі санкцыямі ні праз тры месяцы, ні праз паўгода, ні праз год.

Так што лік па няздзейсненых прагнозах, на самай справе, 1:1.

І Украіна, і Расія здолелі перавесці гульню «ў доўгую» і заручыліся падтрымкай знешніх партнёраў: Украіна — ЗША і іх саюзнікаў, Расія — Кітая і іншых краін былога «трэцяга свету», які прэтэндуе на тое, каб стаць «другім», а то і «першым». І менавіта ў гэтым кантэксце трэба разглядаць перспектывы завяршэння гэтай вайны.

Выключаць магчымасць таго, што ў першую чаргу Кітай, а за ім Індыя, Бразілія, Турцыя, ПАР і нават саўдзіты «падставяць плячо» Крамлю, нельга. Кітаю ў вядомых межах (пакуль Крэмль сапраўды не схапіўся за «чырвоную кнопку») цяперашні канфлікт быў выгадны геапалітычна, а астатнія проста гатовыя на ім зарабіць.

У гэтай сітуацыі Расія будзе перамяшчацца ўніз па дыяганалі, павольна ператвараючыся ў азіяцкага тыпу краіну «другога-трэцяга» шэрагу пад заступніцтвам Кітая. Можна спрачацца пра тое, наколькі гэта адпавядае пуцінскай парадыгме «ўставання з каленяў» (каб пасці ніцма?), але пры пастаянным «падсосе» з Усходу рэсурсаў для вядзення вайны Расіі хопіць надоўга.

Але і ва Украіны, мяркуючы па ўсім, рэсурсы хутка не скончацца, бо ў гэтай сітуацыі Захаду ўжо цяжка будзе адступіцца, нягледзячы на ўсе намаганні войска «карысных ідыётаў».

Мне здаецца, што ў бітве за Украіну, якая працягвалася практычна бесперапынна на працягу ўсіх трох дзесяцігоддзяў постсавецкага перыяду, Захад, які, захапіўшыся сваім «еўрапейскім гамбітам», прагледзеў ферзя — Кітай. У выніку ён можа зрабіць цяпер толькі размен Украіны на Расію (якая адыдзе Кітаю).

Наколькі такі размен з'яўляецца раўнацэнным, не мне меркаваць. Проста ў працэсе гульні раптам высветлілася, што з таго боку дошкі сядзіць зусім іншы шахматыст, а той, каго да гэтага прымалі за шахматыста, апынуўся толькі праекцыяй адной з фігур на дошцы.

Наколькі хутка ЗША асэнсоўваюць тое, што здарылася, сказаць цяжка, — у іх цяпер унутрыпалітычная абстаноўка не спрыяе адэкватнаму ўспрыманню нестандартных працягаў накатаных дзесяцігоддзямі традыцыйных партый, — але, калі яны будуць тармазіць, то праз некаторы час яны выявяць, што фактычна маюць агульную мяжу з Кітаем, якая праходзіць праз Данбас і — не пабаюся гэтага слова — Херсон. Гэта будзе новы водападзел, «жалезная заслона» XXI стагоддзя, дзе Украіне будзе адведзеная роля ФРГ, а Расіі — ГДР.

Перспектыва ўзнікнення ва Усходняй Еўропе новай «жалезнай заслоны», да таго ж задрапіраванай пад «кітайскую сценку», успрымаецца як чыста абстрактная да таго часу, пакуль захоўваецца надзея на нанясенне ваеннай паразы аднаго з бакоў канфлікту. Для Масквы — гэта ўмоўна захоп Кіева або знішчэнне асноўных сіл украінскай арміі ў якім-небудзь стратэгічным катле, для Украіны — гэта ўмоўна фізічнае вызваленне ўсіх акупаваных тэрыторый, уключаючы Крым.

На мой погляд, гэта магчыма, толькі калі адзін з бакоў першым распачне авантурны стратэгічны наступ, які дазволіць другому боку скарыстацца сітуацыяй і нанесці зваротны ўдар. Калі пазіцыі бакоў не будуць раскрывацца, то да канца 2023 года партыя пяройдзе ў стадыю цунгцвангу, гэта значыць разлічанай на доўгія гады рэсурснай, пазіцыйнай вайны, дзе фактычна будуць спаборнічаць эканомікі ЗША і Кітая. Я не лічу такі варыянт асноўным сцэнарам, але я яго не выключаю.

У гэтым выпадку з часам мірны план Кітая зайграе новымі фарбамі. Але зразумеюць яго таемны сэнс толькі тады, калі стане відавочна, што ён звернуты не да Расіі і Украіны, а да ЗША. Мары аб «вялікай угодзе з Захадам» («мары ідыётаў») абавязкова спраўдзяцца, але толькі не ў Масквы, а ў Пекіна. Ён і дасягне пагаднення, і атрымае працэнты па здзелцы ў выглядзе прызнання яго «права першай ночы» з Масквой. Ну а ЗША з саюзнікамі дастанецца Украіна, якая стане разам з Тайванем самым вялікім «сухапутным авіяносцам» Амерыкі. У пэўным сэнсе парадаксальны аксюмаран аб геапалітычнай «падводнай лодцы ў стэпах Украіны» стане рэальнасцю.

У сённяшніх развагах Масквы і Пекіна пра мір ёсць адно істотнае адрозненне. Маскоўскі план заўсёды прадугледжвае атрыманне кантролю над усёй Украінай, калі не мыццём, так катаннем. Для гэтага ў іх ёсць «багор і вядро» — два узаемазвязаныя элементы: тэрытарыяльныя саступкі + дэнацыфікацыя (па сутнасці — поўная дэмілітарызацыя Украіны, якая робіць яе безабароннай перад тварам новай агрэсіі, што будзе вісець над ёй як дамоклаў меч). Гэта план капітуляцыі Украіны — і менавіта таму ён ніколі не будзе прыняты ёю.

Кітайскі план здаецца супярэчлівым: ён, з аднаго боку, як бы падтрымлівае тэрытарыяльныя дамаганні Расіі, а з іншага — прызнае цэласнасць і суверэннасць Украіны.

На самай справе ніякай супярэчнасці няма. Проста ў Кітая няма мэты спрыяць рэалізацыі вар'яцкіх панславісцкіх амбіцый Крамля. У яго ёсць свае панкітайскія амбіцыі, і яму зусім не трэба дамагацца кантролю Расіі над Украінай. Што яму трэба ва Украіне — ён і сам возьме на дагаворнай аснове. Таму кітайскі план у прынцыпе прадугледжвае захаванне моцнай і суверэннай Украіны,  прычым пры пратэктараце з боку ЗША.

У той момант, калі агульныя мэты новых «вялікіх дзяржаў» будуць дасягнутыя, яны дамовяцца за спінай сваіх сатэлітаў. Але дамовяцца зусім не так, як марылася б Крамлю. Адзіная формула, якая будзе «прададзеная» Украіне, — гэта прызнанне лініі фронту фактычнай часовай мяжой з адначасовай поўнай мілітарызацыяй пакінутай незалежнай Украіны і ператварэння яе ў Славянскі Ізраіль. Пры гэтым яе ўступленне ў НАТА і размяшчэнне кантынгентаў і баз НАТА на яе тэрыторыі становіцца практычна неад'емнай умовай такой агульнай здзелкі.

Я думаю, да таго моманту ў Кітая на руках будуць вялікія аргументы, якія дазваляюць яму пераканаць Маскву, што такі зыход у яе ж інтарэсах. Аргументы ЗША ў дыялогу з Украінай відавочныя ўжо сёння.

У гэтым выпадку Расія апынецца ў становішчы бочкі з порахам, што павольна награваецца. Тэмпература ўнутры краіны будзе расці, а астуджаць сістэму, выводзячы лішкі энергіі праз ваенную выхлапную трубу, будзе немагчыма. Лёгкіх ахвяр не застанецца. З Захаду Расія будзе ўшчыльную падціснутая ЗША і хаўруснікам, з усходу — Кітаем. І вось тады пачнецца самае цікавае. Але гэта будзе ўжо другая частка сіквела. Пра яе трэба пісаць асобна.

 Пераклад «НЧ»