У новы пакет санкцый ЕС могуць уключыць двух беларускіх чыноўнікаў
Яшчэ двух прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі прапануюць уключыць у 11-ты пакет санкцый Еўрасаюза ў звязку з агрэсіяй Расіі супраць Украіны, паведамляюць вартыя даверу крыніцы «Св*боды» ў Бруселі.
У наступны сьпіс санкцыяў прапануюць уключыць двух беларускіх чыноўнікаў.
Адзін з іх — гэта Уладзімер Марозаў, начальнік Беларускай чыгункі. Ён, як
сьцьвярджаецца, падтрымліваў разгортваньне і транспартаваньне расейскага
вайсковага пэрсаналу і тэхнікі, якія ўдзельнічалі ў агрэсіўнай вайне Расеі
супраць Украіны, таму нясе адказнасьць за падтрымку і рэалізацыю дзеяньняў і
палітыкі, якія падрываюць і пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту
і незалежнасьці Ўкраіны.
Другі — Дзьмітры Пантус, старшыня Дзяржаўнага ўпраўленьня ваеннай прамысловасьці Беларусі, якое распрацоўвае і абслугоўвае ўзбраеньне, садзейнічае вытворчасьці зброі падведамаснымі прадпрыемствамі, забясьпечвае вайскова-прамысловую каапэрацыю, ажыцьцяўляе нагляд за перамяшчэньнем зброі празь дзяржаўную мяжу і забясьпечвае навігацыю расейскага войска. На сваёй пасадзе Дзьмітры Пантус надае ваенную падтрымку Расеі ў яе агрэсіўнай вайне супраць Украіны.
У сераду 10 траўня амбасадары ЭЗ упершыню абмяркуюць новы пакет санкцыяў, пакуль ён яшчэ далёкі ад канчатковага ўзгадненьня.
Што будзе ў 11-м пакеце санкцыяў супраць Расеі
Прэзыдэнтка Эўракамісіі Ўрзуля фон дэр Ляен 9 траўня ў Кіеве заявіла, што ў 11-м пакеце санкцыяў супраць Расеі плянуецца ўвесьці забарону на імпарт новых тэхналёгій і запчастак для самалётаў, а таксама ўзмацніць адказнасьць за абыход санкцыяў.
«Мы працягваем рабіць усё залежнае ад нас, каб спыніць
ваенную машыну Пуціна. Нашы санкцыі працуюць. Напрыклад, мы зьменшылі наш
імпарт з Расеі прыблізна на дзьве траціны. Гэта вялізны ўдар па даходах Расеі.
Мы ўжо прымусілі Крэмль заплаціць высокую цану дзякуючы 10 пакетам санкцыяў.
Эўракамісія зацьвердзіла прапановы для 11-га пакета, які будзе сканцэнтраваны
на недапушчэньні абыходу абмежаваньняў. Мы працуем па гэтым пытаньні з
партнэрамі, у тым ліку краінамі G7»,
— паведаміла Ўрзуля фон дэр Ляен.
У новым пакеце санкцыяў супраць Расеі прапануюць:
уключыць новых фізычных і юрыдычных асобаў;
распаўсюдзіць забарону на транзыт праз тэрыторыю Расеі падсанкцыйных перадавых тэхналёгій і камплектуючых, якія выкарыстоўваюцца ў аэракасьмічнай галіне (цяпер гэта забарона распаўсюджваецца на тавары падвойнага прызначэньня);
цалкам забараніць экспарт люксавых аўтамабіляў (цяпер забарона распаўсюджваецца толькі на аўтамабілі коштам большым за 50 000 эўра), распаўсюдзіць забарону на экспарт тэхналягічнай прадукцыі, знойдзенай на палях бітваў ва Ўкраіне;
стварыць сыстэмы процідзеяньня абыходу санкцыяў: першым крокам будзе папярэджаньне трэціх краін аб тым, што яны абыходзяць санкцыі; наступны крок — накладаньне санкцыяў на суб’екты з трэціх краінаў, якія працягваюць абыходзіць санкцыі;
увесьці дадатковыя санкцыі ў дачыненьні да іранскіх і 8 кітайскіх кампаній;
распаўсюдзіць забарону на перавозкі на грузавыя аўтамабілі, зарэгістраваныя ў Расеі;
узмацніць кантроль за імпартам мэталяпрадукцыі: неабходна будзе прадэманстраваць, што прадукцыя, якая ўвозіцца з трэціх краінаў, ня зробленая ў Расеі ці з расейскіх кампанэнтаў (аналягічныя абмежаваньні будуць адносна драўніны і вырабаў з дрэва);
накласьці абмежаваньні на інтэлектуальную ўласнасьць;
увесьці забарону на заход у парты ЭЗ суднаў, якія адключаюць сыстэму адсочваньня руху або перавозяць падсанкцыйныя тавары;
уключыць у прававы акт забароны на імпарт нафты па паўночнай частцы нафтаправоду «Дружба» (г.зн. той часткі, якая ідзе празь Беларусь, Польшчу і Нямеччыну);
пашырыць сьпіс забароненых да вяшчаньня СМІ (уключаючы RT Балканы).
Прыняцьце чарговага пакету санкцыяў адносна Беларусі па-ранейшаму замарожанае.