Як Турцыя дапамагае Беларусі абысці санкцыі? Што знайшлі ў сакрэтных дакументаў Пентагону?

Беларускія расследавальнікі знайшлі інфармацыю пра тое, як Турцыя дапамагае Беларусі абыходзіць міжнародныя санкцыі і робіцца пасярэднікам у гандлі паміж нашай краінай і ЕС.

Калаж www.golosameriki.com

Калаж www.golosameriki.com

На адной са старонак злітых дакументаў Пентагона згадваецца, што Турцыя дапамагала Беларусі абыходзіць міжнародныя санкцыі. Пра гэта піша «М*дыязона» са спасылкай на Беларускі расследавальніцкі цэнтр. «М*дыязона» адзначыла, што атрымала фота гэтага дакумента ад крыніцы.

З тэксту вынікае, што турэцкія кампаніі закуплялі падсанкцыйныя тавары ў Беларусі і далей прадавалі іх на еўрапейскіх рынках. Таксама турэцкія кампаніі перапрадавалі тавары з Еўропы ў Расію.

«Гандлёвы аташэ Турцыі ў Беларусі ў кастрычніку і лістападзе 2022 года паведаміў, што турэцкія кампаніі закуплялі падсанкцыйныя тавары ў Беларусі і прадавалі іх на еўрапейскіх рынках, перапрадавалі тавары з Еўропы ў Расію», — гаворыцца ў дакуменце, пра гэта пішуць расследавальнікі.

Турэцкія кампаніі выкарыстоўвалі «пэўныя банкі», як пазначана ў дакуменце, каб пазбегнуць увагі з боку міжнароднай групы распрацоўкі фінансавых мер барацьбы з адмываннем грошай.



Гэта міжнародная група раней унесла Турцыю ў «шэры» спіс краін, якія знаходзяцца пад узмоцненым кантролем. Што гэта за банкі, і якой беларускай прадукцыяй гандлявалі ў Еўропе турэцкія кампаніі, у дакуменце не ўдакладняецца.

Акрамя таго, зыходзячы са сказанага ў дакуменце, Турцыя фактычна выконвала ролю пасрэдніка ў расійска-ўкраінскай вайне, выступаючы на баку Масквы. Так, паводле звестак Пентагона, у лютым 2023 года нейкія «турэцкія кантакты» сустракаліся з вайскоўцамі ПВК «Вагнер», каб абмеркаваць куплю абсталявання і зброі расійскімі наймітамі для «ўзмацнення груп у Малі і Украіне».

Пры гэтым не ўдакладняецца, пра якія менавіта віды ўзбраення ішла гаворка і ці ўдалося ПВК «Вагнер» закупіць неабходнае абсталяванне.

Журналісты «Politico» і «The Washington Post», якія таксама атрымалі доступ да дакументаў, звярнуліся да турэцкіх улад па каментар, аднак тыя адмовіліся абмяркоўваць гэту інфармацыю з журналістамі. Прэс-служба заснавальніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына таксама ніяк не пракаментавала гэту інфармацыю.



Што за дакументы Пентагона?

Пра ўцечку сакрэтных дакументаў ваеннага ведамства ЗША стала вядома 7 красавіка. Паводле інфармацыі журналістаў, файлы трапілі ў чат «Thug Shaker Central» у Discord у пачатку сакавіка. Пазней ФБР затрымала службоўца ВПС ЗША Джэка Тэйшэйра, які мадэраваў чат. Яго лічаць датычным да ўцечкі дакументаў. Пазней пачалі з’яўляцца звесткі, што гэтыя дакументы публікаваліся ў закрытым геймерскім чаце цэлы год, а пасля і ў адкрытых чатах і дайшлі да СМІ.

Паводле заходніх СМІ, першакрыніцай уцечкі стала група з назвай «Thug Shaker Central», куды ўваходзілі 20-30 чалавек, «аб'яднаных цікавасцю да зброі, вайсковага рыштунку і да Бога». Тэйшэйра пісаў у чат пад нікам OG і лічыўся нефармальным лідарам групы. У 2022 годзе ён пачаў публікаваць у «Thug Shaker Central» даслоўныя расшыфроўкі сакрэтных разведвальных дакументаў, тлумачыў дэталі іншым удзельнікам. З часам ён стаў выкладваць фатаграфіі дакументаў, якія ў выніку і трапілі ў адкрыты доступ.

Удзельнікі чата адмовіліся раскрыць крыніцу ўцечкі, але журналісты вылічылі яго па лічбавых слядах. Перад тым, як імя падазраванага назваў Мінюст ЗША, яго раскрыла «The New York Times».