Калі страшна страціць давер. Спартыўны функцыянер Барбашынскі — адзін з тых, на кім трымаецца сістэма

Сёння ён падпявае Лукашэнку, а што будзе рабіць заўтра? «Тр*буна» расказвае пра чарговы «твар» улады, якая мае мноства абліччаў.

Праўладны спартыўны функцыянер Андрэй Барбашынскі. Фота: «Ашмянскі веснік»

Праўладны спартыўны функцыянер Андрэй Барбашынскі. Фота: «Ашмянскі веснік»


Алімпійскі чэмпіён-1992 і намеснік старшыні Беларускай федэрацыі гандбола Андрэй Барбашынскі вядомы сваёй падтрымкай рэжыму Лукашэнкі: у 2020-м стаў ён даверанай асобай дыктатара, а потым падпісаўся за яго і спрабаваў абвінаваціць у зверствах рэжымных носьбітаў формы тых, хто ад іх пацярпеў. Зрэшты, атрымлівалася недарэчна.

Чарговым наборам няўвязак у заявах стала свежае інтэрв'ю Барбашынскага парталу дзяржТБ. Адной з тэм размовы стаў бізнес па вытворчасці матрацаў, які Барбашынскі вядзе ўжо амаль 20 гадоў. Як аказалася, у гэтым кірунку ў экс-гандбаліста з'явіліся сур'ёзныя праблемы: 90% прадукцыі прадпрыемства Барбашынскага пастаўляла ў Еўропу — а цяпер там рэжымніка больш «нідзе ніхто не чакае». Патлумачыў гэта экс-гандбаліст тым, што яго бізнес «закранулі санкцыі». З-за такога калапсу штат прадпрыемства, на якім да 2020-га працавала каля 150 чалавек, моцна скараціўся: ім відавочна ўжо не маглі плаціць ранейшую зарплату.

— 10 адсоткаў на расійскім і беларускім рынку — вельмі мала, каб утрымліваць такое прадпрыемства. Страцілі вялікую колькасць супрацоўнікаў. У нас кваліфікаваныя работнікі, шкада іх страціць. Нікога не асуджаю — карміць сем'і трэба. Калі адновім вытворчасць у ранейшым рэжыме, хоць бы як год таму, многія вернуцца, — расказаў пра бягучую сітуацыю Барбашынскі.

Якраз крыху больш за год таму, на пачатку лютага 2022-га, экс-гандбаліст расказваў пра свой бізнес зусім іншае: гаварыў пра сярэдні заробак у 650 долараў і жаданне нарасціць колькасць супрацоўнікаў, якіх не хапала. Канкураваў за персанал Барбашынскі з еўрапейскімі краінамі — напрыклад, у Польшчы за такую ж працу можна атрымліваць блізу 1000 долараў на месяц. Аднак у тым інтэрв'ю рэжымнік наогул не думаў пра тое, ці ёсць у яго супрацоўнікаў сем'і і як іх карміць, а пафасна выказваўся: «Калі ў нас работнікі лічаць, што я ім павінен, то я не ведаю чаму. Мала грошай — трэба ісці на яшчэ адно прадпрыемства і там зарабляць».

На якія санкцыі цяпер наракае Барбашынскі? Ну, напрыклад, у сакавіку 2022-га Еўрасаюз увёў забарону на любую прадукцыю з выкарыстаннем дрэва — а прадпрыемства Барбашынскага якраз вырабляе, акрамя матрацаў, і ложкі з драўлянага масіву. Ды і ў цэлым абмежаванні абцяжарылі лагістыку і іншыя бізнес-працэсы, таму праблемы экс-гандбаліста зразумелыя. Аднак ён ні слова не кажа пра іх першапрычыну. А гэта, уласна, дзеянні любімага ім рэжыму Лукашэнкі — менавіта ў адказ на яго гвалт, рэпрэсіі і саўдзел у вайне Расіі ва Украіне ўвялі свае абмежаванні не толькі ЕС, але і ЗША і іншыя краіны.


Але Барбашынскі, нягледзячы ні на што, працягвае запэўніваць, што «гаворыць што думае», і нахвальваць Лукашэнку — цяпер са слоў экс-гандбаліста вынікае, што яго палітычны кумір з'яўляецца «добрым прыкладам: займацца сабой трэба». Хоць былы спартсмен прызнаў, што хтосьці з ранейшых знаёмых яго больш «не ўспрымае як чалавека» праз палітычную пазіцыю, але тут жа ўпэўнена заявіў, што ў гэтым «нічога страшнага» і ён перажыве. Па вуліцах Беларусі, на якіх у любы момант сілавікі Лукашэнкі могуць напасці на чарговага непажаданага ім чалавека, Барбашынскі ходзіць без страху — наадварот, «атрымліваючы асалоду, усміхаючыся».

Праз саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне ва Украіне беларускія спартсмены атрымалі міжнародны бан у большасці відаў спорту, але і тут Барбашынскі не называе першапрычын, абвінавачваючы ў спартыўных санкцыях міжнародныя арганізацыі. Фармулёўка здзіўляе яшчэ больш.

«У мяне з сабой у заплечніку ёсць Алімпійская хартыя. Ці бываюць паўцяжарныя жанчыны? Не! У мяне такое адчуванне, што МАК трэба вызначацца», — выдаў Барбашынскі.

Больш за тое, экс-гандбаліст абураны нават тым, што цяпер МАК згодны дапускаць беларускіх спартсменаў на пэўных умовах. Дайшло да таго, што Барбашынскі ўбачыў «парушэнне правоў чалавека», адносна чаго абсалютна сляпы, калі гаворка заходзіць пра рэжым Лукашэнкі. Абурэнне былога спартсмена выклікала патрабаванне не падтрымліваць вайну, сутнасць якога ён бачыць у «падпісанні нейкіх анкет», а таксама забарону на дзяржсімволіку — што асабліва забаўна, бо сваё золата АГ Барбашынскі выйграў пад сцягам МАК (выступаў за так званую «аб'яднаную каманду», якая дажывала алімпійскі цыкл пасля развалу СССР). Довад за зняцце бана? «Без нас гэты спорт будзе непаўнавартасным, сумным». Праўда, у рэальнасці такога нешта не заўважна.


Не менш дзіўны набор «аргументаў» Барбашынскі выдаў, разважаючы пра бан непасрэдна ў гандболе. Па-першае, у інтэрв'ю ўтрымліваецца фраза, што «Еўрапейская федэрацыя не пускае на чэмпіянат свету і не хоча пашыраць геаграфію каманд», — хоць санкцыі ўведзеныя на сусветным узроўні (а як еўрапейцы могуць пашырыць геаграфію свайго кантынента, застаецца загадкай). Па-другое, для Барбашынскага «Кувейт у гандболе паказвае шыкоўныя вынікі» — на паверку яны заключаюцца ў тым, што зборная гэтай краіны стала толькі сёмай на чэмпіянаце Азіі ў 2022-м і не патрапіла на ЧС-2023. Ну а як прыклад выхаду з сітуацыі з банам экс-гандбаліст прывёў удзел «Бусла Кітая» ў чэмпіянаце Беларусі — хоць каманда стала апошняй у турнірнай табліцы.

Урэшце, у пары месцаў Барбашынскі проста супярэчыў сабе цягам хвіліны-другой. Так, спачатку на пытанне, ці пацерпіць Беларусь ад міжнароднага бана, экс-гандбаліст заўважыў, што гэта «магчыма», аднак ужо праз некалькі сказаў заявіў: «Я ўпэўнены, што мы нічога не страцілі». А яшчэ рэжымнік лічыць, што беларускія гандбалісты «могуць паехаць у топавыя еўрапейскія клубы, каб павышаць сваё спартыўнае майстэрства» — а яшчэ праз некалькі адказаў вынес вердыкт: «Для людзей, якія пакідаюць нашу рэспубліку, спорт скончаны».