«Квадрат» ямачнага рамонту значна даражэйшы, чым новы асфальт. Але чаму ў Беларусі ад яго не адмовяцца?
Беларускія дарогі абмеркавалі ў эфіры ток-шоу «Эканамічнае асяроддзе» на тэлеканале «Беларусь 1». І там было апрылюднена, што кошт «квадрата» ямачнага рамонту — 80 рублёў. Кошт новага — 50 рублёў, піша «Люстэрка».
Добрыя навіны — па шчыльнасці аўтадарог Беларусь з'яўляецца адным з лідараў на постсавецкай прасторы і ў краіне збіраюцца вярнуцца да будаўніцтва бетонных дарог. Дрэнная навіна — ад ямачнага рамонту сысці немагчыма.
Беларускі кіраўнік нядаўна зноў ператрос чыноўнікаў і паставіў задачу на працягу гэтага года «ўсе дарогі адрамантаваць, чаго б нам гэта ні каштавала».
У эфіры ток-шоу чыноўнікі абмяркоўвалі стан беларускіх дарог і думалі, што з гэтым рабіць.
«Капітальны рамонт, па-першае, гэта від рамонту, які праводзіцца ў тых выпадках, калі дарога ўжо не вытрымлівае сваіх нагрузак. Перыяд правядзення капрамонту — 12-15 гадоў. Сама ж тэма ліквідацыі ямачнасці — гэта імгненны кропкавы механізм, які вызначае і ўплывае на забеспячэнне бяспекі дарожнага руху. Гэта самае галоўнае. І ліквідацыя ямачнасці, з улікам нашых кліматычных умоў, напэўна, будзе заўсёды», — растлумачыў кіраўнік Галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Рыгор Глазко.
Аднак, па словах намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў Аксаны Гайдук, пакуль ад ямачнага рамонту сысці немагчыма: «Мы павінны памятаць, што гэта мера часовая, яна забяспечвае імгненную бяспеку дарожнага руху».
Толькі ў Мінскай вобласці па дзяржпраграме «Дарогі Беларусі» ў гэтай пяцігодцы запланаваны рамонт 2 тысяч кіламетраў мясцовых аўтадарог усіх тыпаў.
Але справа нават не ў грашах, неабходныя яшчэ тэхніка і людзі. Менавіта таму аднаўленне дарожнага палатна адбываецца паэтапна, па 400 кіламетраў на год.
«Па выніках 2021-2022 гадоў усе мэтавыя паказчыкі выкананы ў поўным аб'ёме як па рэспубліканскай сетцы (гэта падпраграма №1), так і па мясцовай. Што тычыцца мясцовай сеткі, то ў рамках даручэння кіраўніка дзяржавы, калі фарміравалася праграма «Дарогі Беларусі», было даручана за 2021-2025 гады адрамантаваць не менш за 7 тысяч мясцовых аўтамабільных дарог. Па стане на пачатак 2023 года адрамантавана каля 42,5% ад закладзенага ў гэту праграму», — прывёў лічбы Рыгор Глазко.
Што танней: 1 кіламетр цэментабетону або асфальтабетону?
З улікам эканамічнай сітуацыі, умоў надвор'я і ўласнай сыравіннай базы будаўніцтва бетонных дарог з'яўляецца для Беларусі выгаднай доўгатэрміновай інвестыцыяй, лічаць эксперты.
«Бетонныя дарогі нас выратуюць. З улікам і нашай эканамічнай сітуацыі, і ўмоў надвор'я, гэта, безумоўна, так. Цэмент у нашай краіне ёсць. Таму мы проста абавязаны падтрымліваць айчыннага вытворцу», — заявіла Гайдук.
Тэхналогія і тэхніка для выкарыстання цэментабетону для будаўніцтва і рэканструкцыі дарог у Беларусі ёсць.
«Калі параўнаць 1 км цэментабетону і асфальтабетону, то асфальтабетон будзе таннейшы на 10-25%. Але калі браць тэрмін эксплуатацыі 25 гадоў, то пры кладцы цэментабетоннай дарогі гэтыя 10-25% ужо становяцца не мінусам, а плюсам, — растлумачыў Рыгор Глазко. — Цэментабетон — больш доўгатэрміновая інвестыцыя».
Бетоннае пакрыццё паказвае сябе вельмі нядрэнна ва ўмовах нашага клімату, канстатаваў генеральны дырэктар камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Брэстаблдарбуд» Сяргей Дзямко. Паводле яго слоў, за цэментабетоннымі пакрыццямі ў Брэсцкай вобласці назіраюць апошнія 7 гадоў, і «паводзяць яны сябе выдатна». Адзіны нюанс — калі кладзецца цэментабетонная дарога, патрабуецца пэўны тэхналагічны перапынак у руху, таму што бетону неабходны час, каб набраць трываласць.
У Беларусі дзве бяды, і адна з іх — дарогі?
Нагадаем, 24 красавіка Лукашэнка на нарадзе па развіцці Гродзенскай вобласці наракаў з-за сітуацыі з рамонтам і ўтрыманнем мясцовых аўтамабільных дарог. Прычым такое становішча дарог — па ўсёй краіне. І заявіў, што пастаўлена задача на працягу гэтага года «ўсе дарогі адрамантаваць, чаго б нам гэта ні каштавала». А раней, у студзені, абураўся дрэннай якасцю дарог у Мінску і запатрабаваў аператыўна вырашыць гэту праблему.
Чыноўнікі ў адказ на крытыку дарог заяўляюць, што будаўніцтва аднаго кіламетра дарогі складае 2-3 мільёны долараў, а рамонт з заменай пакрыцця — «досыць дарагая працэдура».
Сітуацыя з дарогамі пагоршылася пасля ўвядзення санкцый у дачыненні да Беларусі. Раней будаўніцтва і рэканструкцыя асноўных дарог і магістраляў праводзілася за кошт бюджэту і замежных крэдытаў Сусветнага банка, ЕБРР, Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. Але гэтыя структуры разарвалі супрацоўніцтва з уладамі Беларусі.