На Кубе адмянілі першамайскую дэманстрацыю: няма паліва, каб завезці на яе людзей
З-за эканамічных прычын свята не адбылося ўпершыню з 1959 года. Замест масавай дэманстрацыі ў сталіцы, хутчэй за ўсё, пройдуць розныя мясцовыя шэсці, на якія людзі змогуць прыйсці пешшу.
1 траўня ў камуністычнай Кубе звычайна адбываецца святкаванне таго, што тут называецца Міжнародным днём працоўных. У гэты дзень у Гавану кожны год аўтобусамі з усяго вострава звозілі сотні тысяч людзей.
Дэманстрацыі праводзіліся штогод, пачынаючы з 1959-га — пасля перамогі рэвалюцыі. Адмена па эканамічных прычынах здарылася ўпершыню. У 2020 і 2021 гадах, зрэшты, шэсці адмяняліся з-за пандэміі Covid-19, піша ВВС.
Крыху раней да таго прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канель заявіў, што краіна атрымлівае толькі дзве траціны неабходнага ёй паліва. Паводле яго слоў, у гэтым вінаваты пастаўшчыкі, якія не выконваюць сваіх кантрактных абавязацельстваў.
Дырэктар праграмы «Энергія і навакольнае асяроддзе» з Тэхаскага ўніверсітэта ў Осціне Хорхе Піньён сказаў, што гэта — недвухсэнсоўны намёк на Венесуэлу. Абедзве краіны заключылі бартарнае пагадненне яшчэ ў 2000 годзе, згодна з якім Куба адпраўляе ў Венесуэлу лекараў і настаўнікаў, а па некаторых крыніцах, і агентаў контрвыведкі — і ў абмен атрымлівае нафту. Цяпер гэта пагадненне аказалася пад пагрозай.
Што здарылася?
«Апошнія два дзесяцігоддзі Венесуэла пастаянна губляе даход, таму што не прадае гэту нафту на міжнародным рынку, — сказаў Піньён. — Я думаю, што яны дайшлі да таго пункта, калі проста не могуць дазволіць сабе далейшыя безнаяўныя яе пастаўкі кубінцам».
Экспарт нафты з Венесуэлы на Кубу і так ужо скараціўся амаль на палову за апошняе дзесяцігоддзе. Прычына таму — уласныя ўнутраныя праблемы Венесуэлы: агульная здабыча нафты скарацілася і па прычыне карупцыі, і з-за дрэннага кіравання, і з-за санкцый.
У Венесуэлы пасля шматгадовага эканамічнага крызісу нечакана з'явіўся значна больш выгадны пакупнік. Венесуэльская нафта больш высокай якасці цяпер ідзе ў ЗША.
Гэта паставіла Кубу ў цяжкае становішча: нафта на Кубе ёсць, але яна нізкай якасці, і нафтаперапрацоўчыя заводы вострава не ў стане яе перапрацаваць.
Куба таксама пастаянна адчувае недахоп цвёрдай валюты — і таму не можа купляць у неабходнай колькасці паліва на сусветным рынку.
Санкцыі «максімальнага ціску», уведзеныя адміністрацыяй Трампа і ў асноўным пакінутыя ў сіле прэзідэнтам Байдэнам, пазбаўляюць Кубу даходаў у замежнай валюце на мільярды долараў у год.
Зрэшты, урад Кубы не адмаўляецца ад камуністычных заваёў і па-ранейшаму заяўляе, што сацыялістычная мадэль цудоўна пасуе краіне і што ва ўсім вінаваты санкцыі ЗША.