Вядзьмарскі першамай

Згодна з павер’ямі, у ноч на 1 траўня мая аматары нячыстай сілы адзначаюць сваё прафесійнае свята — Вальпургіеву ноч. Сёлета праз вядомыя падзеі шабаш мае незвычайны прысмак.

emotions_3976461_1280.jpg


Справа нават не ў тым, што калектыўныя мерапрыемствы, якімі суправаджаюцца святкаванні, у большасці краін Захаду жорстка забароненыя. Папросту з-за эпідэміі грамадскі статус ведзьмаў, сатаністаў і іншых прадстаўнікоў акультных навук змяніўся.
Яшчэ нядаўна, да пандэміі, да тых жа сатаністаў ставіліся як да секты арыгіналаў. Самі яны хутчэй асацыяваліся з адным з кірункаў цяжкай музыкі. Незадоўга да віруснай навалы секцыя аматараў д’ябла была створаная пры ваенна-марской акадэміі ЗША. Раней, восенню, адна з груп сатаністаў прапанавала Дональду Трампу ўвесці іх у склад духоўных дарадцаў амерыканскага прэзідэнта. Усё гэта, натуральна, выклікала выключна смех.
Цяпер жарты скончыліся. Сёння многія хрысціянскія царквы зрабілі Люцыпара і яго клеўрэтаў непасрэднымі адказнымі за эпідэмію. Напрыклад, Брыян Тамакі (Brian Tamaki), лідар новазеландскай Царквы лёсу, абвінаваціў менавіта Сатану ў распаўсюдзе смяротнай заразы. «Вірус распаўсюджваецца праз “паветрана-кропельных дэманаў” і ёсць вынікам вычварэнстваў і парушэнняў многімі людзьмі духоўных і натуральных законаў», — сказаў святар у рамках адной з пропаведзяў.

 Брыян Тамакі

 Брыян Тамакі

Цікава, што ў клуб вычварэнцаў-сатаністаў святар запісаў і кліентаў рынка жывёл у кітайскім Ухані, дзе, як лічыцца, і з’явіўся вірус. «Вы не павінны піць кроў кажана або ўжываць мяса змей і патрашыць іх ці ёсць іх жывымі», — інструктуе ён сваю паству.
Арыгінальную версію эпідэміі прапанаваў вядомы амерыканскі хрысціянскі прапаведнік Пэры Стоўн. Ён сцвярджае, што каронавірус — гэта спроба д’ябла забіць пажылых хрысціян-амерыканцаў. Гэты трук, маўляў, дазволіць Люцыпару ператварыць Злучаныя Штаты ў сацыялістычную рэспубліку, паколькі моладзь абыякавая да канцэптаў кансерватызму.
А вось паводзіны саміх сатаністаў менш за ўсё нагадваюць пра нейкія каварныя планы. Так, сайт Храма сатаны ў ЗША ў сувязі з эпідэміяй заклікае «імкнуцца дзейнічаць са спачуваннем і спагадай да ўсіх стварэнняў у адпаведнасці з розумам», што ў тым ліку азначае забарону на ўсе сходы сатанінскага храма, падтрымку сацыяльнага дыстанцыявання і г.д. Зрэшты, магчыма, гэта такая форма канспірацыі.
Калі ў краінах Захаду пакуль усё абмяжоўваецца пропаведзямі, то ў Афрыцы справа, падобна, справа ідзе да сярэднявечных працэсаў над ведзьмамі. Ва ўсялякім выпадку, пра гэта кажуць сябры арганізацыі «Абарона меркаваных ведзьмаў» — Advocacy for Alleged Witches (AfAW). У Афрыцы — рэгіёне са слабай эканомікай — стрэс з-за пандэміі спарадзіў масавыя абвінавачванні ў вядзьмарстве і падазрэнні ў апантанасці дэманамі.Прыводзяцца AfAW і канкрэтныя прыклады. Так, у Гане жанчын, падазраваных у вядзьмарстве, выганяюць з родных вёсак і прымушаюць жыць разам у т.зв. «лагерах ведзьмаў», куды ніхто не мае права прыязджаць. Таксама існуе тэндэнцыя абвінавачвання самых эксцэнтрычных жанчын у «накладанні чар», калі вірус трапляе ў вёску.
Пры гэтым адначасова са стыгматызацыяй ведзьмаў назіраецца феномен цікавасці людзей да чарадзейных сродкаў барацьбы з вірусам. Так, мексіканскі Universal піша, што ў краіне хутка сфармаваўся рынак, дзе прапануюць адэкалоны, бальзамы і свечкі супраць COVID-19. Гандлярка аднаго з такіх рынкаў у сталіцы кажа журналісту, што за пару дзён прадала каля 60 свечак па 40 долараў ЗША кожная.
Бум цікавасці да вядзьмарства назіраецца і ў Расіі. Вось як апісвае гэтую сферу журналіст «Вести ФМ»: «У сеціве актыўна навязваюць сродкі: бэджыкі, кулоны, манеткі, якія вешаюцца на шыю. У Кастраме прапануюць загавораныя амулеты ад вірусу. У Саратаве “чараўнікі” і “ведзьмакі” ходзяць па дамах і прапануюць загавораныя ад заражэння талісманы. Зрэшты, гэта не мяжа. У Растове-на-Доне за 50 000 рублёў прадаюць ... “лячэбнага” янота! Як сцвярджае прадавец, укус жывёлы “зробіць вас недасягальным для каронавіруса”».


Хоць эфект укусу янота ці кулона як сродку ад віруса сумнеўны, набыццё такіх тавараў дапамагае некаторым супакоіцца. Асабліва на фоне звестак пра дэфіцыт сродкаў абароны і недахопу дактароў у шпіталях.Застаецца дадаць, што сатырычныя сайты актыўна дзеляцца фэйкамі аб тым, што ўрады розных краін вось-вось пачнуць рэкамендаваць выкарыстоўваць вядзьмарства. «Бабулькі, якія з’яўляюцца экспертамі ў абрадах супраць суроку, цяпер будуць змагацца ў акопах поруч з медыкамі супраць каронавіруса. Веданне гэтага старажытнага абраду з сённяшняга дня будзе лічыцца ў Калабрыі кваліфікацыяй для медыцынскай прафесіі. Бабулі з энтузіязмам масава адпраўляюцца ў рэгіянальныя бальніцы, якія знаходзяцца на пярэднім краі надзвычайнай сітуацыі». Так жартуе італьянскае інтэрнэт-выданне Germaneto, і такім чынам выяўляе яшчэ адну незвычайную ўласцівасць магіі ў наш час — арыгінальна данесці да аўдыторыі праблему слабага дзяржаўнага фінансавання медыцынскага сектара.