У чым веліч Шарля дэ Голя?
У хуткім часе беларусаў чакае новы акт трагікамедыі, калі ўзурпатар, схаваны ад людзей у нейкай залі, паўторыць сакральную для сябе цырымонію інаўгурацыі. З гэтай нагоды мы прагадалі іншую падзею. У гэты самы дзень, але ўжо даўным-даўно адбылася інаўгурацыя сапраўднага лідара свайго народа. У Парыжы Шарль дэ Голь трыюмфальна быў абвешчаны прэзідэнтам. Чаму мы дагэтуль цёпла ўзгадваем генэрала?
«Могілкі поўныя незаменных людзей». Шарль дэ Голь
Для французаў дэ Голь застаецца вобразам стойкасьці і велічы. Для сьвету ён зьяўляецца напамінам аб тым, што нават у часы ўзрушэньняў адзін чалавек, узброены перакананасьцю і яснасьцю думкі, можа зьмяніць ход гісторыі.
Заклік 18 чэрвеня 1940 года
Веліч Шарля дэ Голя пачалася ў адзін з самых сумных момантаў у гісторыі Францыі. У чэрвені 1940 года, калі французская армія пацярпела поўны крах пад націскам нацысцкай Нямеччыны, урад маршала Петэна вырашыў капітуляваць. Ён падпісаў перамір'е, паводле якога большая частка краіны была акупаваная немцамі. Для многіх здавалася, што сам дух Францыі згас, і магчыма на вельмі і вельмі доўга.
З Лёндана праз BBC Шарль дэ Голь выдаў свой цяпер ужо легендарны заклік да супраціву. Зварот дэ Голя стаў «шэдэўрам непадпарадкаваньня». Са спакойным голасам, але рашучым перакананьнем ён абвесьціў, што параза Францыі не канчатковая, што гонар і будучыня нацыі па-ранейшаму знаходзяцца ў руках тых, хто гатовы ваяваць.
«Францыя прайграла бітву, — заявіў ён, — але Францыя не прайграла вайну». У гэтай дэкларацыі ён ператварыўся з простага брыгаднага генэрала ў лідэра французскага руху супраціву.
У дэ Голя не было ні афіцыйнага мандата, ні арміі, ні ўпэўненасьці, што яго словы дойдуць да вушэй суайчыньнікаў. Зварот натхніў на шматлікія акты супраціву ў акупаванай Францыі. Гэта быў першы, істотны крок на доўгім шляху да вызваленьня і аднаўленьня належнага Францыі месца ў сьвеце.
Аднаўленьне гонару
Справа Шарля дэ Голя заключалася таксама ў яго нястомным настойваньні на тым, каб Францыя заставалася суверэннай дзейнай асобай на сусьветнай арэне падчас і пасьля Другой сусьветнай вайны. Генэрал нястомна працаваў над тым, каб уклад Францыі ў перамогу хаўрусьнікаў не быў азмрочаны і не прыменшаны. Ён разумеў, што гонар Францыі — і яе будучыня — залежаць ад таго, каб яе разглядалі як актыўнага ўдзельніка, а не як пасіўнага бенэфіцыяра намаганьняў іншых хаўрусьнікаў.
Ён настойліва «апрацоўваў» Чэрчыля і Рузвэльта, патрабуючы, каб Свабодныя сілы Францыі былі прызнаныя роўнымі партнэрамі ў барацьбе з нацысцкай Нямеччынай. Нягледзячы на пэўны супраціў з боку лідэраў хаўрусьнікаў, якія не жадалі даць поўную легітымнасьць ураду дэ Голя ў выгнаньні, яго сіла волі ўрэшце перамагла.
«Узнагародай» гэтых намаганьняў стаў жнівень 1944 года, калі дэ Голь узначаліў трыюмфальнае шэсьце па Елісейскіх палях, вярнуўшы Францыі Парыж.
На гэтым праца не спынілася. Пасьля вайны дэ Голь перайшоў да аднаўленьня французскага кіраваньня праз Часовы ўрад Французскай Рэспублікі. Ён адхіліў як супрацы калябарантаў Вішы, а таксама структуры, навязаныя замежнікамі. Францыяй будуць кіраваць французскія патрыёты.
Заснаваньне Пятай рэспублікі
1958 год стаў пераломным момантам у гісторыі Францыі. Чацьвертая Рэспубліка апынулася на мяжы краху. На працягу больш за дзесяць гадоў палітычная сістэма была фактычна паралізаваная нестабільнасьцю, фракцыйнасцю і няздольнасьцю вырашаць крызісы, якія ўзьнікалі адзін за адным. Асаблівым пунктам была эскаляцыя канфлікту ў французскім Алжыры.
Менавіта ў гэты час нявызначанасьці Шарль дэ Голь быў «пакліканы» да ўлады. Шматлікія французы лічылі, што толькі ён валодае здольнасьцямі і паўнамоцтвамі аднавіць парадак і вывесьці Францыю з палітычнай багны. Дэ Голь пагадзіўся вярнуцца, але пры адной умове: ён не будзе проста кіраваць у межах састарэлых структураў Чацьвертай рэспублікі. Ён зьбіраўся закласьці цалкам новыя асновы самой французскай дзяржавы.
Шарль дэ Голь імкнуўся стварыць палітычную сістэму, якая спалучала б стабільнасьць з дэмакратычнай легітымнасьцю. Такую, якая магла б супрацьстаяць выклікам, захоўваючы пры гэтым сутнасьць французскіх рэспубліканскіх каштоўнасьцяў. Галоўным у яго бачаньні было стварэньне моцнай выканаўчай улады, увасобленай у моцнай прэзідэнцкай уладзе.
У адрозьненьне ад слабых кабінэтаў міністраў Чацьвертай рэспублікі, новая сістэма давала прэзідэнту магчымасьць дзейнічаць рашуча ў часы крызісу, але, што самае насамрэч галоўнае – застаючыся падсправаздачным народу.
Канстытуцыя Пятай рэспублікі, распрацаваная пад кіраўніцтвам дэ Голя, была ратыфікаваная на нацыянальным рэферэндуме ў 1958 годзе. Яна адзначыла радыкальны адыход ад мінулага, і ўсталявала гібрыдную сістэму, якая збалянсавала элементы парлямэнцкай дэмакратыі з моцнай выканаўчай уладай. Сам дэ Голь стаў першым прэзідэнтам. Ён заснаваў правую, кансэрватыўную партыю «Зьвяз за новую Рэспубліку», якая пазьней некалькі разоў зьмяняла назву. Сёньня яна пасьля працэсаў злучэньня падобных партыяў яна мае простую назву «Рэспубліканцы».
У 1958 годзе дэ Голь трыюмфальна перамагае на выбарах прэзідэнта з неверагоднымі для дэмакратычных краінаў лічбамі – 78,5% французаў даверылі яму свой лёс. Левыя кандыдаты былі разгромленыя. У 1965 годзе ён пераабраўся на пасаду лідара Францыі.
Па законах і правілах Пятай Рэспублікі Францыя жыве да сёньня.
Выйсьце з NATO і эўрапейскае пытаньне
«Дамовы, яны як ружы і маладыя дзяўчаты – яны цягнуцца, пакуль цягнуцца». Дэ Голь
Рашэньне дэ Голя выйсьці з аб'яднанага ваеннага камандаваньня NATO нельга і блізка параўноўваць з тым, што ў нашыя дні ў якасьці пагрозы даносіцца з вуснаў Дональда Трампа. У амэрыканца свае гульні, якія мы разглядаць тут ня будзем, а больш засяродзімся на Францыі дэ Голя.
NATO, створанае пасьля Другой сусьветнай вайны, стала сродкам абароны Захаду ад камуністычнай экспансіі. Аднак дэ Голь бачыў у гэтай структуры празьмернае дамінаваньне Злучаных Штатаў. Гэта, на яго думку, ставіла пад пагрозу суверэнітэт эўрапейскіх чальцоў арганізацыі.
Дэ Голь пярэчыў супраць пераважнага ўплыву амэрыканскага кіраўніцтва ў альянсе, які, як ён сцьвярджаў, адводзіў Францыю і іншыя эўрапейскія краіны да падпарадкаваных роляў. Па-другое, ён разглядаў аб'яднанае ваеннае камандаваньне NATO як несумяшчальнае з мэтай Францыі падтрымліваць незалежную абарончую палітыку, асабліва ў сьвятле яе ядзернай праграмы, якая тады бурна разьвівалася.
У 1966 годзе дэ Голь зрабіў драматычны крок, калі вывеў Францыю з інтэграванай каманднай структуры NATO. Ён загадаў прыбраць штаб-кватэру Альянсу з тэрыторыі Францыі і вывесьці ўсе замежныя войскі, зьмешчаныя ў краіне. У той час як Францыя ўсё адно заставалася сябрам NATO, гэты крок фактычна азначаў яе адмову быць зьвязанымі ваеннымі дырэктывамі пад кіраўніцтвам ЗША.
Адначасова з выклікам NATO дэ Голь сфармуляваў сваё бачаньне Эўропы, якое рэзка адрозьнівалася ад тэндэнцыі наднацыянальнай інтэграцыі на кантынэнце. У той час, калі многія лідэры выступалі за так званыя «Злучаныя Штаты Эўропы», дэ Голь адстойваў «Эўропу нацый» — мадэль супрацоўніцтва, заснаваную на суверэнітэце і індывідуальнасьці яе дзяржаваў-сябраў.
Такія ідэі грунтавалася на яго ўласным разуменьні гісторыі і веры ў культурную і палітычную адметнасьць эўрапейскіх нацыяў. Ён выступаў супраць ідэі наднацыянальнага эўрапейскага ўрада, баючыся, што гэта размые ўнікальную ідэнтычнасьць і традыцыі эўрапейскій краінаў.
Замест гэтага дэ Голь бачыў Эўропу, дзе нацыі супрацоўнічаюць як роўныя, захоўваючы сваю незалежнасьць, але адначасова працуючы над агульнымі інтарэсамі, такімі як гандаль, бясьпека і тэхналягічныя інавацыі.
Гэтыя дзеяньні, мякка кажучы, не абышліся без спрэчак як у Францыі, так і ў сьвеце.