Нашто дыктатарам Канстытуцыя?
«Фіктыўны дакумент, каб штучна стварыць хоць нейкую легітымнасць уладзе», — звычайна так шмат хто ставіцца да Канстытуцыі, якая прымаецца і дзейнічае ў аўтарытарных краінах. На справе ж гэты феномен больш складаны, і самае цікавае, што тыя Канстытуцыі таксама небяспечныя для ўладаў.
Быў такі стары добры савецкі анекдот пра мужчыну, які заходзіць у рэстаран і праглядае меню. «Я вазьму курыцу», — кажа ён. У адказ афіцыянт тлумачыць, што ў рэстаране няма курыцы. Мужчына просіць прынесці рыбу, якая таксама пазначаная ў меню. Яму адказваюць, што і рыбы таксама няма. Гэта тычыцца ўсіх страў, якія просіць кліент. У выніку засмучаны мужчына кажа: «Я думаў, што ў вас меню, а не Канстытуцыя!»
Жарт адлюстроўвае звычайнае ўспрыманне Канстытуцыі ў аўтарытарных краінах — як бессэнсоўнага кавалку паперы, які не мае ніякай іншай функцыі, акрамя як ствараць ілюзію легітымнасці дзеючай адміністрацыі. Аднак пры гэтым ёсць адна відавочная супярэчнасць. Абсалютна фармальныя канстытуцыйныя акты прымаюцца часам вельмі доўга і старанна. Напрыклад, вайсковаму рэжыму ў Бірме (цяперашняя М’янма) спатрэбілася 17 гадоў (!), каб скласці тэкст Асноўнага закона. Прычына вельмі простая: бірманскія генералы абяцалі, што прыняцце Канстытуцыі стане пачаткам вяртання краіны да грамадзянскага кіравання. Не дзіўна, што яны асабліва не спяшаліся.
Так ці інакш, гэты прыклад даводзіць, што Канстытуцыя ў аўтарытарных краінах — пры ўсёй фармальнасці напісаных у ёй артыкулаў — таксама важны палітычны інструментарый.
Натуральна, такая Канстытуцыя перш за ўсё з’яўляецца сродкам хоць нейкай легітымацыі — у тым ліку на знешнепалітычным кірунку. Напрыклад, у 2005 годзе пад ціскам Захаду егіпецкі прэзідэнт Хосні Мубарак прапісаў у тэксце Асноўнага закона пункт пра свабодныя выбары кіраўніка дзяржавы.
Заходнія дэмакраты пляскалі ў ладкі, пакуль тую канстытуцыйную папраўку Каір не дэталізаваў дадатковым законам. Паводле яго, кандыдатамі ў прэзідэнты маглі быць толькі прадстаўнікі палітычных партый, якія мелі больш за пяць працэнтаў дэпутатаў у кожнай палаце парламента. Гэтаму патрабаванню адпавядала толькі адна партыя — натуральна, партыя Хосні Мубарака. У выніку ён быў зноў вылучаны — і, паколькі адсутнічалі канкурэнты, лёгка атрымаў на выбарах «элегантную перамогу».
Напэўна, з той жа оперы папраўка ў Канстытуцыю Кітая ў 2004 годзе, калі туды былі ўнесеныя змены, датычныя прынцыпу тых, хто можа стаць актывістам Камуністычнай партыі. У новай рэдакцыі гаворыцца, што Кампартыя Кітая таксама з’яўляецца партыяй бізнесменаў. Гэтая папраўка была відавочным сігналам для замежнай прадпрымальніцкай аўдыторыі.
Яшчэ адзін важны момант — такія Канстытуцыі дапамагаюць скаардынаваць працу інстытутаў і надаць ім нейкую субардынацыю. Гэтая функцыя можа стаць надзвычай важнай у выпадку крызісу аўтарытарных рэжымаў. Канстытуцыя прадухіляе выхад канфлікту з-пад кантролю над базавымі ўстановамі. Прасцей кажучы, калі з дыктатарам нешта здарылася, усе паўнамоцтвы пераходзяць — згодна Канстытуцыі — да прэм’ера, спікера парламента ці кагосьці яшчэ. Гэта неяк стабілізуе сітуацыю.
Так, напрыклад, было ў Тунісе ў 2011-м. Пасля таго, як пад ціскам вуліцы з краіны збег прэзідэнт Бен Алі, яго фатэль заняў кіраўнік парламента. Праўда, каб утрымацца на пасадзе, новы прэзідэнт быў вымушаны абяцаць і правесці вольныя выбары.
Але найбольш парадаксальна — тое, што аўтарытарныя Канстытуцыі з’яўляюцца мінамі пад сістэмай. Не толькі таму, што працэс прыняцця не выключае непрадказальных хібаў.
Абсалютна нечакана многім грамадзянам СССР у 1977-м не спадабалася тагачасная канстытуцыйная рэформа. Не таму, што там нешта моцна змянілася. Якраз наадварот — у новай версіі амаль усё засталося, як было і раней. Незадаволенасць на кухнях і ў курылках выклікала тое, што адначасова з рэформай са святочнага календара на тры гады знік выходны — Дзень Канстытуцыі.
Як сведчыць гісторыя, аўтарытарныя Канстытуцыі вельмі часта дапамагаюць аб’яднаць рэсурсы апазіцыйных партый. Практычна ўсім апанентам улады на пэўным этапе патрэбная новая Канстытуцыя. На гэтай глебе правадыры апазіцыі могуць лёгка знаходзіць кансенсус.
Але самае цікавае — тое, што Канстытуцыі ў аўтарытарных краінах былі і застаюцца нейкай негалоснай рэкламай дэмакратычных каштоўнасцяў. Шмат дысідэнтаў ва Усходняй Еўропе ў 70–80-я гады мінулага стагоддзя патрабавалі ад уладаў рэалізацыі напісаных у Канстытуцыі артыкулаў, якія фармальна гарантавалі грамадзянскія правы і свабоду слова. І нездарма ў цяперашняй звышцэнтралізаванай пуцінскай Расіі папулярны жарт, што Канстытуцыя РФ, якая дэкларуе федэратыўныя прынцыпы расійскай дзяржавы, — гэта самы крамольны тэкст.
Такі парадокс: навязваючы людзям свае Канстытуцыі, аўтакратычныя лідары часта матывуюць думаць пра новае, альтэрнатыўнае грамадства.