Мода на акупацыю
Інтарэс, які выклікаў серыял «Чалавек у высокім замку», што распавядае пра альтэрнатыўны фінал Другой сусветнай вайны, яшчэ раз пацвердзіў: фантазіі на тэму акупацыі — адзін з самых моцных прыёмаў палітычнай прапаганды.
Фота: www.dailyreadlist.com
Гісторыя не ведае імя чалавека, хто першы прыдумаў мабілізаваць грамадскую думку за кошт выдуманых гісторый пра акупацыю радзімы. Для даследчыкаў гісторыі культуры чалавецтва гэта, безумоўна, істотны прабел. Твораў пра верагодную акупацыю створана мноства — у выяўленчым мастацтве, літаратуры, тэатры, кіно… Пры гэтым сюжэт звычайна дастаткова просты — малююцца рэаліі, якія могуць паўстаць у выпадку прыходу ў краіну нейкай варожай сілы. Нягледзячы на прымітыўнасць фабулы, творы выклікаюць самыя моцныя эмоцыі, і ў тым ліку патрыятычныя.
Рызыкнем выказаць здагадку, што піянерамі ў гэтай галіне былі брытанцы. Прынамсі менавіта ў час напалеонаўскіх войнаў яны паставілі на шырокую нагу друк малюнкаў з сюжэтам пра тое, што чакае Альбіён у выпадку французскай акупацыі. Як правіла, акупацыя выглядала на тых малюнках як нейкая крывавая оргія. Вельмі часта да гэтага дадаваўся паветраны шар — чамусьці англічан вельмі палохалі паветраныя шары, якія на той час выкарыстоўвалі французы.
Следам за мастакамі прыйшла чарга літаратараў. Пасля 1871 года ў заходняй масавай літаратуры ўзнік цэлы накірунак, які распавядаў пра фіктыўныя акупацыі. Моду задаў Джордж Чэснэй з кнігай «The Battle of Dorking». Па сюжэту кнігі немцы захопліваюць усю Англію, акрамя маленькага гарадку Доркін, які ўпарта працягвае супраціўляцца. Да Першай сусветнай вайны пра розныя акупацыі было выдадзена каля 400 кніг, а некаторыя з іх сталі нацыянальнымі бестселерамі.
Чытачамі такіх твораў, як правіла, былі простыя людзі, што дазваляе сучасным гісторыкам ускласці на аўтараў твораў пра фіктыўныя войны і акупацыі частку адказнасці за падрыхтоўку палітычнай атмасферы, якая прывяла да выбуху Першай сусветнай вайны. Цікава, што выдаўцы, якія гулялі на патрыятычных настроях, былі вельмі прагматычнымі асобамі. Так, у 1906 годзе часопіс «Le Queux», які выдаваўся на 27 мовах, умудрыўся апублікаваць у Германіі і Брытаніі розныя фіналы аповесці «The Invasion of 1910» пра будучую вайну. У брытанскай версіі перамагалі брытанцы, а ў нямецкай, адпаведна, — немцы.
Зрабіў свой сціплы ўнёсак у жанр і славуты фантаст Герберт Уэлс, які ў 1907 годзе напісаў кнігу «Вайна ў паветры», у якой дырыжаблі тэўтонаў атакуюць Нью-Ёрк. Цікава, што ў сваіх фантазіях пісьменнікі часта прадказвалі, як будзе выглядаць вайна ў будучым. Напрыклад, той жа Уэлс апісаў бамбардзіроўкі гарадоў, што раней лічылася чымсьці абсалютна варварскім. Ёсць думка, што японскую эліту ў 1904 годзе падштурхнуў на хуткі канфлікт з Расіяй фурор раману «Падводная бітва» журналіста Шунро Ашыкава (Shunrō Oshikawa), які распавядае пра імаверную руска-японскую вайну за Сібір.
Паступова з развіццём кінаіндустрыі тэма перавандравала на вялікі экран. У 1930-я гады брытанцы знялі некалькі стужак пра будні Англіі пад дыктатам Гітлера. Аднак сваю кульмінацыю кінажанр пра прыдуманыя акупацыі, безумоўна, перажыў у часы халоднай вайны, калі галоўным магчымым акупантам стала савецкая армія.
Класічнымі лічыцца фільмы «Invasion USA» (1956) або «Point Ultimate» (1955). Сюжэт аднолькавы — ЗША з дапамогай мясцовых камуністаў акупуюць рускія, усталёўваючы новыя парадкі. Трэба сказаць, што спроба паказаць ЗША, дзе пануе сацыялістычны лад, выглядае зараз трошкі камічнай. Асабліва смешна глядзець на розныя амерыканскія калгасы, якія савецкія інтэрвенты насаджаюць на захопленай тэрыторыі. Аднак на той час нічога смешнага ў сцэнах з амерыканскімі калгасамі не было.
Як толькі фантазіі пра войны сталі часткай прапаганды, з’явіліся і пародыі на іх. Яшчэ славуты сатырык Пелам Вудхаўс на пачатку ХХ стагоддзя высмеяў моду на такія творы. У адным з яго раманаў Вялікабрытанію адразу атакуе дзевяць дзяржаў, уключаючы Швейцарыю. Паколькі ўся англійская эліта занятая турнірам па крыкету, місію выратавання бярэ на сябе нейкі скаут-тынейджар.
Амерыканцаў пужалі не толькі Саветамі, аднак і кітайцамі. На мяжы 1960–1970-х гадоў было знята некалькі фільмаў пра напад войскаў Маа. Стваральнікі фільмаў давалі волю фантазіі: напрыклад, у фільме «Battle Beneath the Earth» кітайцы намагаюцца атакаваць ЗША з дапамогай выкапанага праз усю планету тунелю. У 1974 годзе ў Францыі быў зняты фільм пра акупацыю Парыжа кітайскімі камуністамі. Праўда, гэты была хутчэй карыкатура на французскіх буржуа, якія пасіўна ўспрымаюць агрэсію. Супраціў французы аказваюць толькі ў адным выпадку — калі кітайцы канфіскуюць у іх машыны на патрэбы працоўных Пекіна.
Пасля таго, як Ніксан на пачатку 1970-х пасябраваў з Маа, кітайцаў у падобных фільмах зноў замянілі рускія.
Аднак у 1970-я гады ў кіно прыйшла мода на інтэрвентаў-іншапланецян. Гэта тэма фактычна выцесніла жахі рускай акупацыі. А пасля таго, як СССР не стала, тэма фіктыўных акупацый, здавалася, наогул сябе вычарпала. Нягледзячы на тое, што ў 2012 годзе ў Галівудзе знялі рымейк «Red Dawn» пра імаверны захоп ЗША войскамі паўночнай Карэі, прэм’ера фільма так і не адбылася.
Цяперашні рост напружанасці ў свеце, падаецца, зноў рэанімаваў амаль забыты жанр. Так, у гэтым годзе пабачыў свет серыял «Акупаваныя», які паказваў, як Расія, са згоды Еўрасаюза, урываецца ў Нарвегію, урад якой спыніў нафта- і газаздабычу ў Паўночным моры. Серыял выклікаў шмат пратэстаў з расійскага боку, хаця расіян у фільме амаль няма. Функцыі акупацыйнай адміністрацыі на экране цудоўна выконваюць самі нарвежцы.
Не мае, на першы погляд, яскравага палітычнага паслання і фільм «Чалавек у высокім замку», па сюжэту якога нацысты акупуюць ЗША. Хутчэй, тэма нацысцкай акупацыі абрана тут як фон для лепшага раскрыцця ідэі крохкасці дэмакратычных каштоўнасцяў. Аднак гэта ўсё ж насцярожыла амерыканцаў. Пабачыўшы рэкламу серыялу, у якой статуя Свабоды выяўлена з выкінутай наперад у фашысцкім прывітанні рукой, грамадскасць узняла пратэст. Рэкламу прыбралі. Як бы бяскрыўдна не выяўлялі акупацыю, яна ўсё роўна ўспрымаецца як акупацыя.