Як вярнуць расіянам «яць»

Сотую гадавіну бальшавіцкага дэкрэта аб новай арфаграфіі расійскае патрыятычнае грамадства сустрэла заклікамі вярнуць старыя правілы.

Фота www.sbras.info

Фота www.sbras.info

«Du iu spik inglish?» — менавіта так павінна была б пісацца па-англійску фраза «Do you speak English» («Ці размаўляеце вы па-англійску?»), калі б у Брытаніі адбылося тое, што сто гадоў таму здарылася ў Расіі. Тады Саўнаркам вырашыў спрасціць правапіс з мэтай ліквідацыі непісьменнасці. Рэформа палягала ў змене шэрагу правіл правапісу, што найбольш прыкметным чынам праявілася праз выключэнне некалькіх літар — Ѣ («яць»), Ѳ («фіта»), І («і дзесяцярычнае»).

Прычым дзейнічалі рэфарматары па ўсіх канонах рэвалюцыйнага часу. Адразу пасля публікацыі пастановы ў друкарні рушылі рэвалюцыйныя матросы, каб канфіскаваць «контррэвалюцыйныя літары». Існуе анекдот, што такі валюнтарызм згуляў з бальшавікамі жарт. Адначасова ў друкарнях на ўсялякі выпадак была канфіскаваная і літара «Ъ», якую не забаранілі, а толькі абмежавалі ў выкарыстанні. Дэфіцыт той літары ў друкарнях аказаўся такі вялікі, то яшчэ доўгія гады ў Савецкім Саюзе даводзілася замест цвёрдага знака друка­ваць апостраф.

Акрамя неабходнасці спрасціць правапіс, ухіл у агітацыі бальшавікоў рабіўся на пытанні эканоміі. Распрацоўшчыкі абяцалі за кошт ліквідацыі літары «яць» і цвёрдага знаку, які часта пісалі напрыканцы слоў, скараціць спажыванне паперы на 3,5 працэнты. Дарэчы, сваю ролю ў легітымацыі рэформы адыгралі і беларуская ды ўкраінская мовы, арфаграфічныя правілы якіх ужо былі сфармаваныя ў пачатку ХХ стагоддзя і замацоўвалі фанетычны прынцып правапісу. На вопыт і прыклад суседніх славянскіх народаў таксама звярталася ўвага.

Нягледзячы на ўсе пералічаныя аргументы, у Дэкрэта ад 10 кастрычніка заўсёды было шмат крытыкаў. Мабілізаваліся яны і напярэдадні цяперашняй гадавіны рэформы. Асноўны тэзіс крытыкаў — дзеянні рэвалюцыйнай улады былі прадыктаваныя патрэбамі ідэалогіі. Бальшавікам трэба было дэманстратыўна замацаваць разрыў з ранейшымі парадкамі. Ускосная задача палягала ў тым, каб адарваць грамадзянскі правапіс ад царкоўнаславянскага, дзе кожная літара, быццам, мае сакральны падтэкст.

Так, літара Ѳ — «фіта», маўляў, не спадабалася Леніну і Троцкаму праз тое, што з яе пачынаюцца ўсе самыя важныя багаслоўскія тэрміны, напрыклад, «Тэас» — Бог. А літару Ѣ («яць») прызналі крамольнай, паколькі яна нагадвала крыж.

Як тут ні прыгадаць тое, што на Урале знаходзіцца храм літары «Ё». Па тэорыі арганізатара музея-храма, літара «Ё» — гэта ні што іншае, як «канал зносін з космасам». Маўляў, невыпадкова практычна ўсе самыя эмацыйныя рускія словы пачынаюцца менавіта на гэтую літару.

Усе гэтыя канструкцыі разбіваюцца праз той факт, што яшчэ ў 1904 годзе пры імперскай Акадэміі навук была створана камісія, перад якой і была пастаўленая задача спрашчэння пісьма (перш за ўсё — у інтарэсах школы). У выніку складзены акадэмікамі праект рэформы (за выключэннем толькі аднаго пункта) рэалізавалі бальшавікі. Не кажучы пра тое, што рэформа 1918 года — гэта наогул другая буйная рэформа рускага правапісу. Першая была праведзена Пятром Першым. Тады змяніўся дызайн літар, склад алфавіту, былі зацверджаныя еўрапейскія (арабскія) лічбы замест літарных пазначэнняў лікаў і гэтак далей. Ужыванне старых правілаў было абмежаванае сферай царкоўнай літаратуры.

Акрамя настальгіі па дарэвалюцыйных часах, гучаць у Расіі і заклікі адмяніць рэформу 1918 года. Увогуле, яшчэ ў 2012-м была створана ініцыятыўная група за адраджэнне старой арфаграфіі. Аднак тады народ рэагаваў на ідэю вельмі млява. Сёння, калі Крэмль актыўна разыгрывае патрыятычную карту, галасы аматараў дарэформавага правапісу сталі значна гучнейшымі.

Праўда, большасць аматараў старасветчыны пагаджаецца, што дзяржава наўрад ці пойдзе на рэформу, фінансаваць якую трэба за кошт падаткаплатнікаў. Хутчэй, наадварот, аматараў літар «яць» і «фіта» запішуць у клуб замежных агентаў, якія намагаюцца «разгайдаць лодку».

З іншага боку, флірт з патрыётамі працягнецца. Напрыклад, адказнасці (ні адміністрацыйнай, ні тым больш крымінальнай) за выкарыстанне дарэформавага правапісу ў Расіі пакуль не прадугледжаная. У сувязі з гэтым асобным энтузіястам нават прыйшла ў галаву думка паспрабаваць «гаварыць» з сучаснай дзяржавай на той мове, на якой размаўлялі сто гадоў таму. Прапануецца нешта накшталт флэшмобу. Яго ўдзельнікі будуць падаваць у дзяржаўныя органы заявы, якія складзеныя паводле старых правілаў. Разлік робіцца на тое, што чыноўнікі ўсё роўна будуць прымаць такія дакументы, каб пазбегнуць скандалу. Магчыма, калісьці і самі яны паступова вывучаць дарэформавы правапіс.

Пры гэтым у цяперашніх дэбатах прагучала незвычайная думка — у Расіі больш шанцаў вярнуцца да правапісу, які існаваў да Пятра Першага. Усё праз экспансію РПЦ на адукацыйны сектар і спробы навязаць школам свае прадметы. Напэўна, будзе сярод тых прадметаў і курс царкоўнаславянскай мовы. У выніку правілы царкоўнаславянскай мовы дзеці будуць больш-менш ведаць, што і створыць магчымую базу для рэвізіі рэформы 1918-га.