Адзежа ад Gap — 80% бавоўны, 20% крыві?
Пасля трагедыі ў Савары (Бангладэш), дзе з-за разбурэння фабрычнага будынка Рана Плаза загінула 1127 працоўных тэкстыльнай фабрыкі, актывісты няўрадавых арганізацый і прафсаюзы патрабуюць ад карпарацый, што вырабляюць адзежу ў паўднёваазіяцкай дзяржаве, падпісання Дамовы аб бяспецы.
60% бавоўна, 20% пот, 20% кроў. Зроблена ў Бангладэш
Яна павінна спрыяць забеспячэнню пажарнай бяспекі і выкананню нормаў пры будаванні і рамонце фабрычных будынкаў. Дамова прадугледжвае незалежныя інспекцыі з публічнай справаздачнасцю, і ўзмацненне кантролю прафсаюзаў за выкананнем тэхнікі бяспекі. Але частка карпарацый не збіраецца падпісваць дамову.
Сярод карпарацый, якія падпісалі дамову, — амерыканская PVH (брэнды Calvin Klein, Tommy Hilfiger), італьянская Benneton, іспанскія Mango і Zara, шведская H & M, брытанскія Marks and Spenser, Tesco. Але амерыканскія карпарацыі WalMart і Gap адмаўляюцца падпісваць дамову, нягледзячы на тое, што менавіта іх субпадрадчыкі выраблялі адзежу ў тым самым фабрычным будынку Рана Плаза. І таму жудасная характарыстыка адзежы гэтых карпарацый гучыць так: «Made in Bangladesh: 80% бавоўны, 20% крыві».
«Пажарная бяспека і бяспека фабрычных будынкаў — вельмі важныя пытанні для нас, і мы прыклалі мноства высілкаў і задзейнічалі шмат рэсурсаў у гэтай сферы. З гэтымі абавязаннямі мы можам зараз уплываць больш на гэта пытанне. Мы спадзяёмся на шырокае кола падпісантаў, каб дамова эфектыўна запрацавала», — сказала ў інтэрв'ю «International Herald Tribune» Хэлен Хелмерсан, прадстаўнік кіраўніцтва H & M.
Магчыма, прадстаўнікі WalMart і Gap не лічаць гэтыя пытанні
важнымі. WalMart адрапартаваў пра завяршэнне праверкі
279 фабрык да 1 чэрвеня, Gap заявілі пра выдзяленне 22 млн.
на забеспячэнне бяспекі фабрычных будынкаў.
Нежаданне карпарацый падпісваць дамову тлумачаць бояззю
судовых працэсаў з боку сваякоў тых, хто загінуў у аварыях. Але праўдзівай прычынай з'яўляецца нежаданне выдаткоўваць грошы
на бяспеку працы. Ужо
пасля катастрофы ў Савары стала вядома пра
тое, што WalMart у красавіку 2011 г. на нарадзе карпарацый, уладальнікаў фабрык
і ўрадоўцаў у сталіцы Бангладэш, адмовілася ад выдзялення сродкаў на забеспячэнне бяспекі фабрык як ад занадта дарагога занятку. Апошніх катастроф можна было
б пазбегнуць, калі б тая нарада дала станоўчыя вынікі.
Gap і WalMart ужо сталі цэллю анлайн-петыцыі, падпісанай 1,2 млн. чалавек.
Важна адзначыць, што ў апошнія некалькі гадоў колькасць індустрыяльных катастроф на фабрыках у азіяцкіх дзяржавах узрасла. Паводле даклада «Fatal Fashion», у 2006–2012 гадах на фабрыках Пакістану і Бангладэш загінула каля 600 чалавек, пераважна жанчыны. У лістападзе 2012 года ў пажары на тэкстыльнай фабрыкі ў Ашуліі (Бангладэш) загінулі 111 жанчын, многія засталіся інвалідамі, каб выратавацца, ім
давялося скакаць з даху будынка. Трагедыя ў Савары,
што забрала жыцці 1127 чалавек (гэта толькі знойдзеныя целы) паказала ўсе агідныя бакі працы так званых «беглых фабрык» — перанесенай з-за таннасці працоўнай сілы
ў краіны Азіі вытворчасці. Пасля з'яўлення расколін на будынку рабочых прымусілі прыйсці на працу пад пагрозай нявыплаты месячнай зарплаты.
У пошуках рашэння праблемы
Актывісты няўрадавых
арганізацый узмацнілі ціск на карпарацыі пасля катастрофы ў Савары. Праваабарончыя арганізацыі, таварыствы абароны праў спажыўцоў і прафсаюзы
ў краінах Еўропы ствараюць групы па назіранні за «беглымі фабрыкамі» і іх дзейнасцю ў краінах перыферыі. «Толькі рызыка, што
іх імідж стане ахвярай, выклікае турботу брэндаў. Так здарылася з Nike у 1996 годзе, калі фота маленькіх дзяцей, якія вырабляюць мячы на пакістанскіх фабрыках, абляцелі ўвесь свет», — кажа ў інтэрв'ю «Le Parisien» Нэйла Ажалтуни, каардынатар французcкай групы «Ethique sur l'etiquette» («Этыка на этыкетцы»).
«Менавіта брэнды… аказваюць ціск на пастаўшчыкоў, каб павялічыць прадукцыйнасць за меншы кошт. Працоўныя тэкстыльнай прамысловасці працягваюць працаваць 60–100 гадзін у тыдзень за штомесячную зарплату ў 30 еўра з жудаснымі ўмовамі працы, якія вядуць да сапраўдных трагедыяў. Транснацыянальныя карпарацыі дыктуюць свой закон
гэтым дзяржавам, і яны не з'яўляюцца юрыдычна адказнымі за дзеянні іх даччыных
кампаній і пастаўшчыкоў. У выпадку кожнай катастрофы яны вінавацяць мясцовыя кампаніі ў тым, што яны робяць сваю працу дрэнна, ці яшчэ
горш, што яны ашукваюць сваіх партнёраў. Насамрэч, пераважае эканамічная мэтазгоднасць. Брэнды цалкам разлічваюць на субпадрадчыкаў, праца якіх каштуе ім
танней,
не зважаючы (нягледзячы на тое, што яны сцвярджаюць адваротнае) на ўмовы працы і бяспеку персаналу. Гэтыя ўмовы
таксама маюць цану, якія брэнды адмаўляюцца плаціць», — лічыць французская актывістка.
Асаблівую ролю ў кантролі тэхнікі бяспекі актывісты адводзяць прафсаюзам. Для стварэння прафсаюза ў Бангладэш па дзейным заканадаўстве, трэба было сабраць подпісы не менш 30% працаўнікоў. Падпісны ліст накіроўваўся ўраду, якое вяртала яго ўладальніку фабрыкі для праверкі адпаведнасці подпісаў. І ўладальнік фабрыкі праводзіў масавыя звальненні падпісантаў.
Антыпрафсаюзнае заканадаўства забяспечыла высокі прыбытак уладальнікам фабрык і мінімальныя выдаткі на працу заходніх карпарацый, і менавіта яно спрыяла катастрофам, што адбыліся на фабрыках у Савары і Ашуліі. Цяпер урад абяцае
ў кароткія тэрміны прыняць працоўнае заканадаўства, паводле якога спісы прафсаюзнікаў не будуць дасылацца ўладальніку фабрыкі. Мусібыць, практыку масавых звальненняў чальцоў прафсаюза зменіць тактыка звальнення іх лідараў.
Ёсць і больш практычныя прапановы, апроч кантролю прафсаюзаў і няўрадавых арганізацый. «Я прапаную, каб замежныя карпарацыі супольна зафіксавалі мінімальную міжнародную зарплату для індустрыі», —
піша ў Guardian Weekly лаўрэат Нобелеўскай прэміі міра 2006 года з Бангладэш Махамед
Юнус. «Гэта павінна быць каля 50
цэнтаў у гадзіну, удвая павялічыўшы тыповы
ўзровень для Бангладэш. Гэта мінімальная зарплата павінна быць
складнікам рэфармавання індустрыі, што дазволіць пазбегнуць будучых трагедый». Махамед Юнус, які атрымаў Нобелеўскую прэмію за стварэнне сістэмы мікрафінансавання бізнэсу, лічыць, што калі заходнія карпарацыі пакінуць краіну, наступствы будуць вельмі сумныя.
Таксама Юнус прапануе павялічыць кошт прадукцыі на 50 цэнтаў, каб вырашыць праблемы працоўных — у Бангладэш
кошт прадукцыі складае 5 даляраў, а ў ЗША прадаецца за 35
даляраў.
«Ці адчуе спажывец дыскамфорт, калі з яго запатрабуюць 35,5 даляраў замест 35? Мой адказ —
не. Калі мы
зможам стварыць Фонд дабрабыту працаўнікоў, з гэтымі дадатковымі
50 цэнтамі, мы можам вырашыць мноства праблем, з якімі сутыкаюцца
працоўныя: бяспека, стан працоўнага месца, пенсіі, ахова здароўя, жыццё, ахова здароўя для іх дзяцей, адукацыя… Усё можа быць пакрыта
такім фондам».
А пакуль шукаюць шляхі ачалавечыць «беглыя
фабрыкі», з'яўляюцца прагнозы пра хуткі крах гэтай мадэлі. У артыкуле «Канец шляху для «беглых фабрык»?» Імануіл Валерстайн, амерыканскі даследчык краін у стадыі
развіцця, адзначыў, што рэзервы таннага рынку працы ў Азіі і магчымасці для «беглых фабрык» скарачаюцца. У сувязі з ростам кошту працы ў Кітаі і ўздымам страйкавага і прафсаюзнага руху ў краінах Азіі, гэтыя краіны могуць стаць нязручнымі для пераносу вытворчасцяў.
Курыца, якая нясе залатыя яйкі
Бангладэш, бадай, з'яўляецца самай
горшай краінай для жыцця ў свеце. Найвышэйшая шчыльнасць насельніцтва ў свеце, мноства экалагічных праблем, рост небяспекі ісламізму, падвойная жорсткая эксплуатацыя жанчын — праца на знос (працаўніцы ў сярэднім 1–5 дзён
у месяц працуюць у 2 змены па
24 гадзіны) і падпарадкаванае становішча ў ісламскай сям'і, продаж у сэксуальнае рабства з сельскіх раёнаў.
Вядома, было б няслушным
ускладаць усю адказнасць на заходнія карпарацыі, бо палітычная эліта краіны атрымлівае
велізарныя дывідэнды ад сітуацыі, у краіне квітнее карупцыя. Адсутнасць абмежавання нараджальнасці з-за апазіцыі ісламістаў прывяла да дэмаграфічнага выбуху, што прадвесціць выбух сацыяльны. За 25 гадоў, з 1988 па 2013
год, насельніцтва краіны вырасла з 100 да 160 млн.чалавек, сельская гаспадарка разбураецца і расце
колькасць перасяленцаў
у гарады. Забяспечыць усіх
працай у рамках існай сістэмы немагчыма, таму ўсе ўрады дазваляюць устанаўліваць любыя парадкі «дзікага капіталізму».
Надпіс злева: танна. Справа: работнік бангладэшскай фабрыкі. Зверху: са зніжкай (адначасова «спісаны з
рахункаў»)
Урадоўцы сцвярджаюць, што тэкстыльная прамысловасць забяспечыла мільёны хоць бы нейкім заробкам. З 1988 па 2010 год Бангладэш зменшыў сваю залежнасць ад вонкавых запазычанняў з 85 да 2%. Але гэта
не замінае Бангладэш заставацца адной з найменш развітых краін, дзе 45% насельніцтва заняты ў сельскай гаспадарцы. «Бяспека
і дабрабыт працоўных цяпер выйшлі на першы план. Гэта курыца, якая нясе залатыя яйкі. Не
забівайце яе. Мы павінны зрабіць яе мацнейшай. Мы павінны яе гадаваць. Узрост азначае справядлівае стаўленне да працоўных», — заявіў у інтэрв'ю
«International Herald Tribune» дарадца прэм'ер-міністра краіны Гоўхер
Рызві.
Відавочна, што ўрад Бангладэш загаварыў пра
«справядлівае стаўленне» толькі пасля крывавай трагедыі, але залатыя яйкі будуць і
далей дзяліцца паміж уладальнікамі фабрык і замежнымі карпарацыямі, а працоўным ад іх застанецца адна шкарлупіна. У гэтым і ёсць супярэчнасць сітуацыі, гаспадары ж фабрык, на прыкладзе аварыі ў Савары, не гарантуюць нават фізічнага выжывання працаўніц, не толькі своечасовага атрымання нізкай зарплаты.
Зруйнаваны будынак Рана Плаза належаў кіраўніку моладзевай арганізацыі кіруючай «свецкай» партыі "Евамі Ліг". Апошнія фабрычныя катастрофы не пройдуць
бясследна для гэтай партыі,
якая кіруе ў Бангладэш апошнія пяць гадоў. Яны
будуць мець далёкасяжныя наступствы, што пагражаюць
стабільнасці ў рэгіёне, калі на выбарах пад канец года пераможа апазіцыя, што ўключае ісламістаў, варожа настроеных да
Індыі.
Многія лідары ісламістаў супрацоўнічалі з пакістанскім войскам у змаганні з рухам за незалежнасць
у 1971 г. і ў 2012–2013 гадах
два з іх былі асуджаны да смяротнага
пакарання смерцю, а адзін — да
пажыццёвага зняволення
за злачынствы супраць чалавецтва, што выклікала
шматлікія сутыкненні
з паліцыяй і смерць каля 60 дэманстрантаў. Мінулае функцыянераў ісламісцкай партыі было скарыстана для палітычнай расправы над імі, а
прывяло толькі да масавай мабілізацыі прыхільнікаў ісламізму.
Гуманізм пахавалі
Нягледзячы на падпісанне найбуйнейшымі еўрапейскімі карпарацыямі-вытворцамі адзежы Дамовы аб бяспецы, няма ніякіх падстаў лічыць, што ўмовы працы працоўных стануць лепш, ці жанчыны дамогуцца роўнасці ў аплаце працы. Нават калі інспекцыі дамогуцца ўзмацнення мер супрацьпажарнай бяспекі і правераць будынкі на ўстойлівасць, адсутнасць небяспечных рамонтаў, гэта не будзе азначаць скарачэння працоўнага дня ці паляпшэння ўмоў працы на фабрыках.
На першы погляд, палітыка WalMart і Gap мала адрозніваецца ад той, якую заходнія карпарацыі ажыццяўлялі 20 год таму. Але ніколі яшчэ карпарацыі так недвухсэнсоўна не заяўлялі пра сваю абыякавасць да ахвяраў настолькі маштабных трагедый. Магчыма, яны хочуць паказаць, што ў адрозненні ад еўрапейскіх карпарацый, іх не расчуліць тысячай смерцяў на прадпрыемстве, якое вырабляе для іх вопратку. Маўляў, вы збаяліся, а мы не адступім перад гневам грамадскасці.
Магчыма, WalMart і Gap рыхтуе спажыўца да ўсведамлення таго, што смерць рабочых у такіх краінах, як Бангладэш, — гэта нармальна і заканамерна, і калі хочаш танную адзежу ды іншыя выгоды — забудзь пра сумленне і не цікаўся, што адбываецца там. У такім выпадку гэта параза каштоўнасцяў гуманізму. За ўмацаванне пазіцый ісламістаў і катастрофы, якія адбываюцца ў Бангладэш, гэтыя карпарацыі нясуць прамую адказнасць, як бы не спісвалі віну на мясцовыя ўлады і ўладальнікаў фабрык, якія ўзбагачаюцца любым шляхам. Ніколі яшчэ пагібель такой масавай колькасці людзей не выклікала такую дэманстратыўную абыякавасць і нежаданне штосьці змяняць.
У 1930-х гадах Махатма Гандзі ў змаганні супраць брытанскай акупацыі Індыі заклікаў індыйцаў не купляць брытанскую адзежу, каб спрыяць разбурэнню рэпрэсіўнага апарата каланіяльнай імперыі. Цяпер падобную каланіяльнай палітыку праводзяць карпарацыі, грэбуючы чалавечымі жыццямі ў Бангладэш, і сумленнем сваіх пакупнікоў у іншых краінах. Прадукцыю Gap трэба байкатаваць.
Георгій Эрман, LB.ua , пераклад на беларускую Дзмітрыя Галко