Дзеля выступу на Уімблдоне беларускія тэнісісты падпісваюць «дэкларацыю аб нейтральнасці»

Некалькі тэнісістаў з Расіі і Беларусі ўжо падпісалі так званую «дэкларацыю аб нейтральнасці» для ўдзелу ў Уімблдонскім турніры гэтым летам, паведамілі арганізатары турніру.

Фота impact.ro

Фота impact.ro


У канцы сакавіка была знятая забарона для расійскіх і беларускіх тэнісістаў на ўдзел у Уімблдонскім турніры гэтага года ў выпадку, калі яны падпішуць «дэкларацыю аб нейтральнасці». Летась Уімблдон стаў адзіным турнірам серыі «Вялікага шлема», які не дапусціў іх на свае корты праз расійскую агрэсію ва Украіне.

«Мы прыслухаліся да леташніх адказаў спартсменаў. Яны хацелі мець права на выбар і магчымасць падпісаць дэкларацыю. Мы доўгі час размаўлялі з гэтымі гульцамі, каб яны цалкам усведамлялі, на што яны падпісваюцца. На гэты момант некалькі гульцоў знаходзяцца ў працэсе падпісання [дэкларацыі] ці ўжо яе падпісалі», — сказала Салі Болтан, выканаўчы дырэктар англійскага клуба лаўн-тэніса і кракета (AELTC), паведамляе BBC.

У дэкларацыі аб нейтральнасці, у прыватнасці, гаворыцца, што спартсмены не павінны рабіць заяў у падтрымку рэжымаў сваіх краін і не павінны атрымліваць фінансавыя сродкі ад іх урадаў або цесна звязанага з ім бізнесу. На тэрыторыі турніру таксама будуць забароненыя сцягі і іншыя дзяржаўныя сімвалы Расіі і Беларусі.

Салі Болтан выказала надзею, што ўкраінскія спартоўцы з разуменнем ставяцца да пазіцыі арганізатараў турніру.

«Яны ўжо год спаборнічалі са спартоўцамі з Расіі і Беларусі. Яны зразумелі, у якой мы сітуацыі. Яны з разуменнем паставіліся да нашага рашэння. Яны выказалі ўдзячнасць за тое, што мы з імі размаўлялі пра гэта», — сказала Болтан.

Пры гэтым нядаўна ў інтэрв'ю BBC Sport украінская тэнісістка Эліна Світоліна заявіла, што расійскія і беларускія спартоўцы павінны быць адхіленыя ад удзелу ў турнірах датуль, пакуль ва Украіне не перастануць гінуць бязвінныя людзі.

Арганізатары Уімблдона ў аўторак таксама абвясцілі, што ўкраінскім спартсменам і гледачам на час турніру будзе аказана шматбаковая падтрымка. У прыватнасці, на ўвесь перыяд матчаў, кваліфікацыйных і асноўных, тэнісістам бясплатна дадуць па два гасцінічныя пакоі на гульца. Акрамя таго тысяча ўкраінскіх бежанцаў бясплатна атрымаюць квіткі на турнір. А ад кошту кожнага прададзенага білета на яго, адзін фунт стэрлінгаў пойдзе ў дабрачынны фонд на падтрымку Украіны.