«Тое, што робіць Пуцін, — класічная кадэбэшная правакацыя ў дачыненні да цэлай Беларусі»
Гісторык Юрый Фяльштынскі, аўтар кнігі «ФСБ узрывае Расію», перакананы, што Уладзімір Пуцін паставіць ядзерную зброю ў Беларусь, каб нанесці ўдар па Захадзе. А без вызвалення Беларусі Расію не перамагчы.
— Год таму, калі Лукашэнка вывеў Беларусь з бяз'ядзернага статусу, было не занадта зразумела, навошта ж гэта трэба рабіць — як наяўнасць ядзернай зброі паляпшае сітуацыю Лукашэнкі і Беларусі? — разважае Фяльшынскі ў інтэрв'ю каналу «Лямпа». — Галоўнае ўказанне, што гэта аперацыя, якую даволі даўно планаваў Пуцін — тое, што ані разу, у тым ліку пасля 24 лютага 2022 года, не рабіліся спробы анексаваць Беларусь, не было нават спробы гэта абмяркоўваць, і гэта пры вар'яцтве расійскіх палітыкаў і прапагандыстаў.
Адзіная прычына, па якой гэта не рабілася — для таго, каб пакінуць Беларусь незалежнай дзяржавай, каб была магчымасць нанясення ядзернага ўдару па Еўропе з Беларусі, таму што тады зваротны ўдар будзе па тэрыторыі Беларусі, а не Расіі.
З ваеннага пункту гледжання няма ніякіх прычын набліжаць ядзерную зброю да межаў Усходняй Еўропы, пераносячы яе ў Беларусь. Таму што ўсе ваенныя задачы можна вырашаць і з тэрыторыі Расіі. Калі б трэба было шантажаваць Еўропу ці пагражаць ёй, можна было б перакінуць гэтую зброю ў Калінінградскую вобласць.
Тое, што робіць Пуцін, — абсалютная правакацыя. Класічная кадэбэшная правакацыя ў дачыненні да цэлай Беларусі. Але паколькі Пуціну пляваць не толькі на ўкраінцаў і беларусаў, але нават на рускіх, — нас гэта здзіўляць не павінна.
Ён разумее, што не можа выйграць вайну ва Украіне з дапамогай звычайных відаў узбраенняў, і ў яго ёсць два шляхі: адступіць, прызнаць паразу і памылку, на што Пуцін наўрад ці пойдзе, ці ж узмацняць узровень агрэсіі. Таму перакідка ядзернай зброі ў Беларусь — гэта чарговая прыступка эскалацыі ў гэтай вайне.
Гісторык лічыць, што Захад не стоміцца дапамагаць Украіне, таму што гэтая дапамога ў яго стратэгічных інтарэсах. Украіна сёння стрымлівае агрэсію і з'яўляецца буферам, які абараняе Еўропу ад расійскай агрэсіі.
Паражэнне Расіі Фяльштынскі бачыць так:
— Перш за ўсё праз адабранне Беларусі ад Расіі. Праз вяртанне Украіне ўсіх захопленых тэрыторый і пасля гэтага, як мне здаецца, можна будзе чакаць змены рэжыму ў Расіі. Калі мы дойдзем да атамнай вайны, і калі гэтая вайна прыме форму адкрытай канфрантацыі паміж NATO і Расіяй, тады параза Расіі будзе вайсковай.
На думку гісторыка, калі РФ пацерпіць паразу ў вайне, то будзе гатовая да дэмакратызацыі.
— Ёсць прыклад Германіі, і я думаю, гэта той шлях, якім непазбежна пойдзе Расія. Яна стане нармальнай дэмакратычнай краінай, проста зменіцца пару пакаленняў. Беларусь жа гатовая да дэмакратыі хоць заўтра — гэта было прадэманстравана ў 2020 годзе, калі людзі выйшлі пратэставаць.