Блізкі да Пуціна бізнесовец: «Гэта скончыцца пеклам. Людзі будуць забіваць адзін аднаго на вуліцах Масквы»

Расійскі расследавальніцкі праект «Сістэма» атрымаў па пошце спасылку на выкладзены ў адкрыты доступ аўдыязапіс размовы, як мяркуецца, мільярдэра Рамана Трацэнка. Яго суразмоўца пазначаны не быў, але, мяркуючы з размовы, ім можа быць бізнесовец Мікалай Матушэўскі.

Малюнак  lifeisphoto.ru

Малюнак  lifeisphoto.ru


Трацэнка — былы прэзідэнт «Аб'яднанай суднабудаўнічай карпарацыі» і экс-дарадца прэзідэнта «Раснафты» Ігара Сечына, адзін з адносна блізкіх да Уладзіміра Пуціна бізнесменаў. Матушэўскі — даўні прыяцель Трацэнкі і стваральнік маскоўскага дызайн-завода «Флакон» — публічна спачувае апазіцыі, напрыклад публікаваў у Instagram відэа з пратэстаў у Маскве ў 2021 годзе.

Ліст «Сістэме» быў адпраўлены з емэйл-адрасы, які змяшчае ў назве імя Oleg, але не прывязанага ні да якіх сацсетак. Аўтар ліста падаў у якасці ўскоснага доказу сапраўднасці запісу сапраўдны тэлефонны нумар Трацэнкі. На пытанні рэдакцыі ён не адказаў.

Ці можна сцвярджаць, што размова сапраўдная?

На карысць таго, што запіс можа быць сапраўдным, кажуць адразу некалькі фактаў. Па-першае, падчас размовы Матушэўскі сцвярджае, што знаходзіцца на Балі, што пацвярджаюць фатаграфіі з яго Instagram.

Па-другое, нумар тэлефона, з якога, як мяркуецца, тэлефанаваў Раман (яго «Сістэме» прадаставіла крыніца) адпавядае наяўнаму ў распараджэнні рэдакцыі нумару Трацэнкі. Па-трэцяе, дэталі ў размове сыходзяцца з інфармацыяй пра бізнесменаў.

Так, Раман называе сябе «Раманам Віктаравічам» і кажа, што яму праз дзесяць гадоў будзе 62 гады. Акрамя гэтага, Мікалай неаднаразова кажа аб праектах «Флакона», якім валодаў да 2021 года.

Зрэшты, афіцыйна сапраўднасць гэтага аўдыязапісу нікім не пацверджана, і казаць пра тое, што галасы мужчын належаць менавіта Трацэнку і Матушэўскаму, з адноснай упэўненасцю можна было б толькі ў выніку прафесійнай аудыяэкспертызы.

«Зараблянне бабак і ўтрыманне ўлады»

Дыялог паміж, як мяркуецца, Трацэнкам і Матушэўскім адбыўся ў пачатку студзеня 2023 года. У першай частцы гутаркі двое мужчын — яны называюць адзін аднаго Коля і Рома — абмяркоўваюць адпачынак на Балі. Коля распавядае Роме, што на востраве шмат інвестараў і магчымасцяў.

«Мне ў апошні час прама цяжка было ў Расіі, я разумеў, што нешта не тое, нефіг там рабіць», — скардзіцца Коля, а чалавек, голас якога аўтары ўцечкі прыпісваюць Трацэнку, згаджаецца. Пасля Коля падрабязна распавядае пра свой новы праект — «Airbnb для бізнесу».

«Гэта правільна, не трэба ўспамінаць, што было ў Расіі. Гэтага ўжо няма і больш не будзе», — ухваляе ідэю Рома і заўважае, што ў Інданэзіі «за дзесяць гадоў усё вырасце ў дзесяць разоў, а ў Расіі — упадзе ў два разы».

Затым прыяцелі доўга абмяркоўваюць пераезд і дзяцей, інфраструктуру на Балі і асабістыя справы, але ўрэшце размова пераходзіць да абмеркавання вайны і сітуацыі ў Расіі.

«На жаль, Расія, якую мы так шчыра любім, апынулася ў лапах нейкіх мудзілаў, [блін]. Якія вызнаюць, [блін], нейкія дзіўныя кампазіцыі, [блін], XIX стагоддзя. Гэта нічым добрым не можа скончыцца, гэта скончыцца пеклам, [блін]. Людзі будуць забіваць адзін аднаго на вуліцах Масквы», — стомлена кажа Рома, пакуль Коля з ім згаджаецца і спрабуе перавесці гутарку на здаровае харчаванне і вегетарыянства.

Але размова хутка вяртаецца да палітыкі. Коля распавядае, што паглядзеў нядаўна ролік з нарэзкай навагодніх віншаванняў прэзідэнтаў, «пачынаючы з Ельцына [...] па апошні, калі гэты прыдурак не на фоне елкі, як заўсёды, а вайскоўцаў».

«Як можа жыць і развівацца краіна, дзе адзінай ідэалогіяй з'яўляецца зараблянне бабак і ўтрыманне ўлады адной групай людзей?» — пытаецца ў суразмоўцы Раман. «Ніякай жа канцэпцыі "далей" няма. Яны памруць, [блін], у нейкі момант часу і не пакінуць за сабой нічога. Гэта проста будзе выпаленая пустыня», — працягвае мужчына з голасам, які прыпісваецца Трацэнку.

Мікалай толькі ўздыхае, а Рома і далей наракае — не да ўсіх расійцаў дайшло, што адбываецца. «Потым гэтая простая [бздура] дойдзе да ўсіх, да кожнага. І высветліцца, што ўжо позна. Людзі не змогуць вывесці грошы, не змогуць выехаць, іх дзеці прызваны на вайну... [Жах], карацей», — заканчвае ён думку.

Потым сувязь ненадоўга знікае, а прыяцелі пачынаюць абмяркоўваць выбары прэзідэнта Расіі, якія павінны адбыцца ў 2024 годзе. «2023 год — апошні год. Хто сабраўся, грошы перавёў, нешта арганізаваў... Лёс, ён у 2022 годзе ўсё разгарнуў і паказаў, як можа быць, але ён даў 2023 год, [блін], каб з усім разабрацца», — папярэджвае Раман Колю і раіць зрабіць адразу грамадзянства. «Гэта будзе твая лепшая інвестыцыя. Проста зараз шукай юрыстаў», — настойвае Рома.

«У Расіі ўсё бурыцца, [блін]. Табе дадзены лёсам год, каб усіх блізкіх выцягнуць, грошы выцягнуць, усё, што табе трэба. Проста заўтра зрабі», — працягвае ён насядаць на Мікалая і распавядае, што яму прапаноўвалі зрабіць грамадзянства Кіпра, а ён адмовіўся, і цяпер гэта ўжо ні за якія грошы не зрабіць.

«Хто вы такія, сказаў я ім, я расійскі патрыёт, я Радзіму люблю», — пераказвае сваю рэакцыю на прапанову кіпрскіх уладаў Рома. «Радзіму мы любім, проста ёсць людзі, якія яе не любяць, а мы нічога з імі рабіць не можам», — зноў уздыхае Коля. Прыяцель спрабуе яго супакоіць тым, што праз 10-15 гадоў яны абодва радзіме будуць патрэбныя. Але пакуль двое мужчын згаджаюцца, што Мікалаю трэба зрабіць новае грамадзянства, вывесці грошы і сваякоў з краіны.

Малюнак censor.net

Малюнак censor.net

Хто такі Раман Трацэнка

Раман Трацэнка ўваходзіць у лік найбагацейшых расійскіх бізнесменаў. У 2023 годзе Forbes ацаніў яго багацце ў $3,8 млрд. Мікалай Матушэўскі вядомы як стваральнік шэрагу творчых прастор, у тым ліку Маскоўскага дызайн-завода «Флакон».

Ідэю гэтага праекта Матушэўскаму прапанаваў Трацэнка, якога той называў «школьным таварышам». У Трацэнкі таксама ёсць культурны праект — разам з жонкай Соф'яй ён развівае Маскоўскі арт-кластар «вінзавод». Але галоўны фокус Трацэнка ўсё ж бізнес.

Бізнес-кар'еру Трацэнкі можна лічыць тыповай для сучаснай Расіі: пачаў з гандлю камп'ютарамі ў 1990-я, нядоўга пабыў банкірам, а затым заняўся скупкай маскоўскай нерухомасці, рачных партоў і рэгіянальных аэрапортаў.

Гэты бізнес прынёс Трацэнку багацце і звёў яго з блізкім колам Уладзіміра Пуціна — яго памочнікам Ігарам Левіціным і магутным кіраўніком «Раснафты» Ігарам Сечыным, які нязменна працуе з Пуціным з 1991 года. З 2012 па 2015 год Трацэнка ўзначальваў швейцарскую «дачку» «Раснафты» Rosneft Overseas, а таксама працаваў дарадцам Сечына і называў сябе яго вучнем.

Трацэнка будуе глыбакаводны порт у рамках курыруемага асабіста Пуціным мегапраекта па развіцці Паўночнага марскога шляху. У лютым 2023-га, праз месяц пасля меркаванай размовы Трацэнкі і Матушэўскага, Пуцін удзельнічаў у адкрыцці тэрмінала ў новасібірскім Талмачове, які належыць Трацэнку, а праз два дні ўзнагародзіў бізнесоўца ордэнам Дружбы за «працоўныя поспехі».

Да пачатку поўнамаштабнай вайны з Украінай Трацэнка рэгулярна ўдзельнічаў у сустрэчах Пуціна з буйным бізнесам. Але 24 лютага 2022 года, калі праз некалькі гадзін пасля нападу на Украіну Пуцін сабраў бізнесменаў у Крамлі, Трацэнкі сярод іх не аказалася. Пасля многія ўдзельнікі той сустрэчы трапілі пад заходнія санкцыі.

Мільярдэр таксама не быў заўважаны на апошнім штогадовым з'ездзе расійскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (РСПП) у сакавіку 2023 года, дзе выступаў Пуцін. Перад гэтым бюро праўлення РСПП, які празвалі «прафсаюзам алігархаў», пакінуў цэлы шэраг буйных бізнесменаў. Трацэнка таксама ўваходзіў у бюро праўлення РСПП і ўзначальваў яго Камітэт па развіцці канкурэнцыі.

Што агульнага ў гэтай размовы з запісам Прыгожына і Ахметава

Гэтая размова — не першы зліты ў Інтэрнэт аўдыязапіс гутаркі прадстаўнікоў расійскай бізнес-эліты. У яго шмат агульнага з апублікаваным у сакавіку 2023 года запісам размовы, як мяркуецца, музычнага прадзюсара Іосіфа Прыгожына і экс-сенатара Фархада Ахмедава.

У абодвух запісах суразмоўцы крытыкуюць дзейную ўладу і вайну ва Украіне. У абодвух выпадках галасы суразмоўцаў разведзеныя па розных каналах: голас, які прыпісваецца Трацэнку, гучыць у левым аўдыяканале, як мяркуецца Матушэўскага — у правым. Абедзве размовы выкладзеныя на YouTube з новага акаўнта, у кожным з якіх фігуруе імя Алег (oleksander oleq — у выпадку «Прыгожына і Ахмедава», і Oleg Obv 23 — у выпадку «Трацэнка з Матушэўскім»).

У абодвух роліках, як мяркуецца, запісаная размова бізнесменаў, якія ўваходзяць у топ-100 расійскіх мільярдэраў спісу Forbes (Трацэнка — 38-е месца, Ахмедаў — 99-е). Пры гэтым, мяркуючы з усяго, магчымы суразмоўца Трацэнкі Матушэўскі не быў апазнаны аўтарамі роліка і названы проста «Колем». Гэта можа значыць, што праслухоўвалі і запісвалі менавіта размову Трацэнкі.