«Не плаціць па сваіх даўгах беларускі Мінфін умее разнастайна»
Расійскія трымальнікі беларускіх еўрааблігацый усё яшчэ не могуць атрымаць свае грошы. Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» прагназуе, што выплаты ім адбудуцца ў адным выпадку — калі грошы аддасць расійскі бюджэт.
Пару месяцаў таму беларускі Мінфін паведаміў аб своечасовым пагашэнні выпуску еўрабондаў на 800 мільёнаў долараў. Ні адзін долар з золатавалютных рэзерваў пры гэтым не пацярпеў, таму што плаціў беларускі Мінфін, як ім ужо даўно прынята, у беларускіх рублях па адпаведным курсе.
Але ўчора высветлілася, што беларускія рублі таксама не пацярпелі. Іх як залічылі на спецыяльны рахунак у «Беларусбанку», так яны сабе і ляжаць там ціхенька, нікога не чапаюць. І іх ніхто не кранае. Таму што з інвестарамі з недружалюбных краін усё зразумела. Інвестары з недружалюбных краін не паважаюць беларускі рубель і не хочуць яго браць. Не хочуць, дык ім жа горш. Уласна, можа, на гідлівасць гэтых недружалюбных інвестараў была разлічана ўся праграма беларускага аблігацыйнага імпартазамяшчэння.
Але акрамя недружалюбных краін ёсць жа яшчэ і дружалюбныя. У сэнсе Расія. І дружалюбныя інвестары гатовы ўзяць хоць беларускімі рублямі, хоць шчанюкамі-хартамі. Пры гэтым з агульнай сумы ў 800 мільёнаў долараў дружалюбныя інвестары назапасілі бондаў на 500 мільёнаў і зусім недружалюбна хочуць, каб ім вярнулі іх грошы назад. А калі 500 мільёнаў перавесці ў беларускія рублі, то гэта будзе ўжо амаль паўтара мільярда. А аддаваць свае паўтара мільярда яшчэ больш непрыемна, чым чужыя пяцьсот мільёнаў.
Карацей, як аказалася, не плаціць па сваіх даўгах беларускі Мінфін умее разнастайна. Спачатку не плаціў у валюце. У валюце ён не плаціў, як ты памятаеш, з аб'ектыўных прычын. Таму што нядобрыя людзі ўвялі супраць яго розныя дрэнныя санкцыі, і заплаціць праз гэтыя санкцыі ніяк не атрымлівалася. Калі б атрымлівалася, дык ён бы і заплаціў.
Я, вядома, падазраю, што ўрэшце часовыя цяжкасці вырашацца і дружалюбным інвестарам іх грошы вернуць. Напэўна. Асабліва калі беларускаму Мінфіну дапаможа сціплай дапамогаю дружалюбны расійскі бюджэт. Але спяшацца таксама няма куды. Рэпутацыі Беларусі як надзейнага пазычальніка з-за такога глупства горш ужо дакладна не стане.