Беларускі дэфолт і паштальён Печкін. Як элегантна кінуць «саюзніка» на грошы

Пра тое, што выплата даходаў па еўрааблігацыях у беларускіх рублях з’яўляецца часткай больш маштабнага плана па «адносна сумленным адыманні грошай» у інвестараў, беларускія эканамісты папярэджвалі яшчэ ў мінулым годзе. Так яно і здарылася, але з цікавымі нюансамі.

Скрыншот з мультфільма

Скрыншот з мультфільма


Беларускі «тэхнічны дэфолт» пачаўся ў 2022 годзе, пасля ўварвання Расіі ва Украіну. Тады некаторыя беларускія банкі трапілі пад санкцыі нароўні з часткай расійскіх банкаў — асабліва гэта тычылася групы ВТБ і адпаведна банка «ВТБ-Беларусь». У той жа час некаторыя банкі і плацежныя сістэмы сышлі з Беларусі, апасаючыся трапляння пад санкцыі з боку ЗША і ЕС.

Сітуацыяй імгненна скарыстаўся беларускі Мінфін. Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў заявіў, што ў лютым былі праведзены валютныя плацяжы па купонах еўрааблігацый, але сродкі не дайшлі да «дружалюбных інвестараў», у тым ліку з Расіі. А таму Саўмін і Нацбанк прынялі пастанову, якая дазваляе плаціць па еўрааблігацыях на рахунак у «Беларусбанку» ў рублях.

Меркавалася, што плацежны агент будзе мець доступ да гэтага рахунку і сам вырашаць пытанні пералічэння грошай з яго трымальнікам аблігацый. У адпаведнасці з новым парадкам быў праведзены плацеж па купоне аблігацый з пагашэннем у 2027 годзе ў рублёвым эквіваленце.

Сусветныя рэйтынгавыя агенцтвы заявілі, што разглядаюць гэта, як дэфолт Беларусі па еўрааблігацыях, бо новая сістэма разліку супярэчыць дакументацыі па аблігацыях, якая не дапускае разлікаў у альтэрнатыўных валютах. А беларускія эканамісты папярэдзілі, што нясплата Беларуссю працэнтаў па аблігацыях можа быць часткай іншага, больш цікавага плана. Справа ў тым, што ў лютым гэтага года Сінявокая павінна была выплаціць не 60-70 мільёнаў долараў працэнтаў, а выкупіць еўрааблігацыі «Belarus-2023» на 800 мільёнаў долараў.

Адмыслоўцы папярэджвалі, што пад соусам «аплат працэнтаў у рублях» такая ж схема будзе правернута і з пагашэннем саміх аблігацый — асноўнага доўгу ў амаль мільярд долараў.

І гэта здарылася. Мінфін Беларусі 28 лютага «пагасіў» беларускімі рублямі еўрааблігацыі на 800 мільёнаў долараў і нібыта «выплаціў» беларускімі рублямі купонны даход на 27,5 млн долараў. Апроч таго, у канцы лютага былі «выплачаны» беларускімі рублямі купонныя даходы яшчэ па трох выпусках аблігацый на 57,2 млн долараў.


Тры прынцыповыя моманты

Адзначым у гэтай сітуацыі тры прынцыповыя моманты:

  • Першы: Разлікі за еўрааблігацыі ў беларускіх рублях былі ўведзены ў адказ на дзеянні «недружалюбных» краін і таму, што інвестары з «дружалюбных» краін, нібыта, не маглі забраць свае грошы.
  • Другі: Беларускія фінансавыя органы ніколі не апрылюднівалі звестак пра тое, хто з’яўляецца трымальнікам еўрааблігацый. Аднак прыстаўка «еўра» ў назве аблігацый у народнай свядомасці выклікала асацыяцыі з «недружалюбным Захадам».
  • Трэці: Новую сістэму разліку Мінфін і беларускія ўлады ў цэлым выставілі такім чынам, што, нібыта, яны абараняюць грошы «дружалюбных» расійскіх інвестараў ад недружалюбных дзеянняў заходніх фінансавых і плацежных агентаў, якія, маўляў, бралі выплаты ад Беларусі, але не даводзілі грошы да расійскіх трымальнікаў аблігацый.

А цяпер, праз тыдзень пасля «пагашэння» аблігацый «Belarus-2023», выявілася, што ўсё гэта не зусім так. Ці, дакладней, зусім не так.


Лёгкі кідок саюзніка

У той час, як экспарт Беларусі ў Расію вагаецца ў раёне 60%, расійскім імпарцёрам было б, напэўна, цікава плаціць за беларускія тавары беларускімі рублямі, якія яны маглі атрымаць у тым ліку за еўрааблігацыі. Аднак…

Расійскія дзелавыя СМІ, у прыватнасці, «Камерсант» цяпер пішуць, што расійскія «дружалюбныя» інвестары, пра якіх так клапаціўся айчынны Мінфін, не здолелі своечасова атрымаць да 500 млн долараў выплат па еўрааблігацыях Беларусі.

Прычым гаворка ідзе менавіта аб выплатах у беларускіх рублях.

То-бок аказалася, што больш за палову трымальнікаў беларускіх еўрабондаў — расійцы, «дружалюбныя інвестары». І праблемы ў іх паўсталі, як у мультфільмы пра Прастаквашына, калі паштальён Печкін не аддаваў дзядзю Фёдару пасылку, бо ў таго «дакументаў няма».

Працэдура атрымання выплат, уключаючы купонны даход, раскрыта на сайце Мінфіна Беларусі. Каб атрымаць грошы за аблігацыі, трэба адкрыць рахунак у «Беларусбанку», падаць заяўку на выкананне абавязацельстваў, падаць выпіскі з рахунку ў сваім дэпазітарыі, заключыць дагаворы на выплаты ў беларускіх рублях, прайсці камплаенс (для фізічных асоб — копія пашпарта, для юрыдычных асоб — камплект устаноўчых дакументаў). Прычым адкрыццё рахунку ў беларускім банку магчыма толькі пры асабістым звароце.

Акрамя таго, калі прадстаўлены дакументы замежнага паходжання або ёсць сумневы ў правільнасці запаўнення якіх-небудзь радкоў, заявы могуць разглядацца вельмі доўга. І ў выніку працэс можа завяршыцца адмовай у адкрыцці рахунку толькі ў сувязі з тым, што аператыўнае тлумачэнне нормаў адсутнічае на ўзроўні дзяржрэгулявання.

Асацыяцыі ўладальнікаў аблігацый Расіі вядомы выпадкі, калі інвестары цалкам выканалі ўмовы (падалі выпіскі, адкрылі рахунак у беларускім банку і гэтак далей), але выплат не атрымалі.

У цывілізаваным грамадстве такія рэчы вырашаюцца, зазвычай, праз суд. Аднак расійскія юрысты песімістычна ацэньваюць судовыя перспектывы інвестараў, паколькі гаворка ідзе аб дзяржаўнай запазычанасці і месцам суда будзе Беларусь. Да таго ж прадстаўляць інтарэсы інвестара ў судзе змогуць толькі беларускія адвакаты, прымацаваныя да дзяржаўных адвакацкіх кантор. Якую лінію зойме дзяржаўны адвакат, калі позва пададзена супраць дзяржавы, думаю, нікому тлумачыць не трэба.


А дзе яшчэ 300 мільёнаў долараў?

Па меркаванні беларускіх эканамістаў, у прыватнасці, Льва Львоўскага і Льва Марголіна, трымальнікамі часткі еўрааблігацый могуць быць і беларускія структуры («праз пасрэднікаў», дадае Марголін). Так што, імаверна, праблемы з беларускімі еўрабондамі могуць тычыцца і айчыннай фінансава-эканамічнай сістэмы.

Цікава, што раней беларускі Мінфін ацэньваў колькасць трымальнікаў еўрааблігацый з «дружалюбных краін» у 40%. Цяпер высветлілася, што іх як мінімум 60% — зыходзячы з сумы выплат, агучанай Асацыяцыяй уладальнікаў аблігацый Расіі.

Такім чынам, прыкрываючыся клопатам пра «дружалюбных інвестараў», беларускі ўрад «кінуў» на грошы тых самых «дружалюбных інвестараў». А ўвогуле, канешне, гэта ўжо не ў першы раз, калі беларускія ўлады робяць нешта «для вашай жа карысці», а атрымліваецца… Ну, як заўсёды.