Зянон Пазняк: «Калі Беларусь застанецца пад акупацыяй, вайна не скончыцца»
Лідар партыі КХП-БНФ Зянон Пазняк даў вялікае інтэрв’ю сайту «Л*стэрка», дзе паразмаўляў пра вайну, палітвязняў, Святлану Ціханоўскую і сваю ролю ў палітыцы. Прыводзім вытрымкі з яго.
У выніку вайны Расіі супраць Украіны, мяркуе Пазняк, «з’явіцца надзея, што Расію адкінуць на свае рубяжы, з якіх яна пачала вайну, і спадзяванне, што пачнецца калі не распад, то дастаткова вялікія структурныя перамены ў самой РасІі. Гэта важна, бо калі пачнуцца такія перамены, што паваляцца асобы, якія цяпер камандуюць у расійскай палітыцы, то адразу паваліцца і Лукашэнка, і ўся яго рэжымная каманда».
Такое развіццё падзей ён назваў аптымістычным варыянтам. Гэта, на думку палітыка, дасць магчымасць вызваліць Беларусь з-пад акупацыі і пачаць будаваць вольную краіну.
Пазняк падкрэслівае, што напад на Украіну не пачаўся, «пакуль не захапілі Беларусь». Заходнія краіны, на яго думку, на гэтым не акцэнтуюць увагу, і дарэмна. Бо гэта пагражае новай вайной праз некалькі гадоў.
«Трэба даўно паставіць пытанне пра дэакупацыю Беларусі (якое мусіць гучаць на ўвесь голас і з боку Захаду, і з боку ААН, і з боку кіраўнікоў дзяржаваў), пра вывад расійскіх войскаў з Беларусі. Мусяць быць ультыматумы, мусіць быць жорсткая пазіцыя тут, а яе няма. Ну, значыць, больш шанцаў для песімістычнага варыянту: будзе гнілы мір, застанецца акупаваная Беларусь. І гадоў праз 5−7 зноў пачнецца вайна», — мяркуе ён.
Заходнія санкцыі супраць Беларусі — «антынароднае зло»
Эканамічныя санкцыі не звалілі ніводнага дыктатара і нават не паўплывалі на яго, але заўсёды каралі народ, нават даводзілі яго да галечы, зазначае Зянон Пазняк. У прыклад ён прыводзіць Кубу, Венесуэлу, Паўночную Карэю і Беларусь.
«Эканамічныя санкцыі супраць Беларусі цалкам загналі рэжым і Лукашэнку пад Расію і пад падпарадкаванне Пуціну. Гэта палегчыла Маскве акупацыю Беларусі ў студзені 2022 года і дало Расіі стратэгічную магчымасць напасці на Украіну. Эканамічныя санкцыі звузілі магчымасці эканамічнага манеўру Лукашэнкі. Масква пакінула яму толькі ролю кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі. Санкцыі загналі Лукашэнку пад Маскву канчаткова. Што б ні казалі, але дыктатар кіруе незалежнай краінай. А нам незалежнасць патрэбная ў перспектыве. Бо дыктатара мы пазбавімся, а незалежнасць застанецца», — гаворыць палітык.
«Эканамічныя санкцыі разбураюць нашую нацыянальную эканоміку і гандаль. Яны ўсё больш вымушаныя завязвацца на Расію, трацяць сваю ўласнасць і самастойнасць. Эканамічныя санкцыі спрыяюць расійскаму захопу Беларусі. У выніку беларусы рэальна могуць страціць дзяржаву. Я бачу ў Еўропе сілы (асабліва Германія і Літва), якія гульнёй у санкцыі свядома спрыяюць ліквідацыі дзяржаўнасці Беларусі. Эканамічныя санкцыі супраць Беларусі выгадныя Расіі, бо дапамагаюць ім канчаткова захапіць і знішчыць Беларусь. Эканамічныя санкцыі супраць Беларусі — гэта міжнароднае злачынства супраць акупаванай Расіяй беларускай нацыі», — заяўляе Пазняк.
«Нельга прыроўніваць краіну агрэсара, краіну акупанта да краіны-ахвяры, да краіны акупаванай і караць ахвяру нароўні з агрэсарам. Гэта дрэнная палітыка» — заключае ён.
Шанец на вызваленне палітвязняў ёсць, але малаімаверны
Шанец, што Лукашэнка пагодзіцца на перамовы пра палітвязняў у абмен на адмену санкцый, ёсць, хоць ён і не вялікі, мяркуе лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазняк. Калі ж рэжым Лукашэнкі адмовіцца ад такіх перамоў, то «гэта будзе для іх чарговай паразай перад беларускім народам».
«Калі рэжыму прапануюць — мы, маўляў, здымаем санкцыі з такіх і такіх прадпрыемстваў, а вы выпускаеце тысячу палітвязняў, — а рэжым скажа "не", то страціць давер нават сярод "ябацек"», — заявіў Пазняк. З яго слоў, не ўсе «ябацькі» — ворагі беларускай нацыі, «гэта наш народ таксама».
Ён прыводзіць у прыклад абмен палонных украінцаў на палонных расіян, які заўсёды ёсць на вайне. «Тыя беларусы, што трапілі за лукашысцкія краты, — яны фактычна палонныя, бо асуджаныя з палітычных матываў, незаконна і ні за што. Адзіны шанец вызваліць палітвязняў — абмяняць іх на зняцце эканамічных санкцый. Чалавечае жыццё, здароўе і свабода важнейшыя за палітычныя схемы і маніпуляцыі. Але некаторыя схільныя займацца палітычнымі “стратэгіямі” цаной пакутаў палітзняволеных у Беларусі», — дадае ён.