«Турэмныя дзённікі» Вольгі Класкоўскай. Частка 2: Як мяне зрабілі «склонной к захвату заложников»
У папярэдняй частцы маіх успамінаў вы даведаліся, як афрыканка грэла сала на кубку, а начальнік калоніі спрабаваў мяне выхаваць з дапамогай кнігі «Денискины рассказы».
«Пахне чабор!»
«А ты ведала, што цяпер «у мэтах канспірацыі» мы замест «Жыве Беларусь!» кажам «Пахне чабор!»? — пытаецца Воля Ялцэвіч.
— Не, не чула яшчэ пра такое.
— А ведаеш, што на гэткае вітанне трэба адказваць?» — хітра прыжмурваецца Воля.
— Не.
— Пахне вечна! — кажа Вольга.
— Ваў, мне дужа падабаецца гэты крэатыў! Беларусы насамрэч неверагодныя!
У гэты момант адчыняюцца дзверы: гэта прыйшлі за Воляй, яе перакідаюць у іншую камеру. Аператыўнікі палічылі, што разам нам заставацца нельга, што мы падбухторваем адна адну да «мяцежных дзеянняў».
Вельмі цяжка было развітвацца, бо прыкіпела да Волі ўсёй душой. Моцна заплакала Сандра. А мы з Воляй хуценька паспяваем дамовіцца, як будзем дзейнічаць і каардынаваць нашыя сумесныя крокі, калі ўзмоцніцца ціск з боку адміністрацыі (дамовіліся, праз якія каналы завуалявана перадаваць інфармацыю, калі што, і ў якім выпадку пачынаем сумесную галадоўку пратэсту).
Волю забіраюць (апроч усіх торбаў-клункаў яна цягне на сабе яшчэ і матрац з пасцельнай бялізнай…) і замест яе ў камеру заводзяць Ганну Баран.
Ведала б тады адміністрацыя, што з Ганнай мы разгойдаем гэтую камеру так, што ў сітуацыю неаднойчы давядзецца ўмешвацца кіраўніцтву ізалятара.
«Склонен к захвату заложников»
Аператыўнікі ўвесь час любяць перакідваць палітвязняў з камеры ў камеру. Гэта такая форма ціску. Каб жыццё занадта салодкім не здавалася, каб у чалавека не было якога-кольвек адчування няхай сабе і ілюзорнай, але стабільнасці. Таксама ў тых сценах не вітаецца сяброўства. Калі адміністрацыя СІЗА бачыць, што вязні шчыра, шчыльна будуюць дачыненні, становяцца добрымі таварышамі, то іх неўзабаве раскідваюць па розных камерах. «Зэк павінен пакутаваць» — гэта асноўны дэвіз супрацоўнікаў пенітэнцыярнай сістэмы. Усё ў ёй пабудавана на гвалце, здзеках, крывадушшы, цынізме, расчалавечванні.
Гэта была ўжо мая трэцяя камера з моманту прыезду ў СІЗА. Ганніна таксама, калі не болей.
Калі я толькі апынулася ў брэсцкім СІЗА, то патрапіла ў камеру да Юлі Лаптановіч. Прабыла там літаральна некалькі дзён, пасля мяне этапавалі ў баранавіцкае СІЗА.
Праз нейкі час мы сустрэліся з Юляй ізноў — у іншай камеры, а пасля ў гомельскай калоніі.
Юля ўвесь час моцна хварэла. Ёй было вельмі цяжка залазіць-злазіць з другога яруса нар («экстрэмістам» там выдзялялі толькі другі ярус, як і ў гомельскай калоніі, за рэдкім выключэннем). Юля плакала ад болю, прасіла лекараў паўплываць на рашэнне адміністрацыі, прасіла, каб ёй замянілі верхні ярус на ніжні, але безвынікова.Часовыя саступкі былі — Юля тады ўжо проста корчылася ад болю. Але праз непрацяглы час яе знову загналі на верхні ярус.
Дарэчы, на нашых «шконках» увесь час віселі шыльдачкі з назвай катэгорыі прафілактычнага ўліку. У мяне іх было дзве. Чырвоная — «схільны да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і праяваў агресіі» і жоўтая — «схільны да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці».
Але мае сукамерніцы былі больш уражаныя нават не наборам шыльдачак і фармулёвак на маім спальным месцы, а тым, што ў СІЗА на мяне ўвесь час надзявалі кайданкі. Падчас ранішніх і вечаровых праверак, калі вялі ў душ, на прагулку, да лекара, да следчага, да адваката, нават на спатканне з маці.
Аднойчы раніцай у камеру ўварваліся супрацоўнікі-кантралёры і далі нам літаральна пяць хвілін на зборы — з усімі рэчамі-торбамі, матрацамі, увогуле ўсё сказалі вынесці з камеры. Мне пры гэтым хацелі надзець кайданкі.
«Ну і якім чынам я буду несці торбы, у зубах?» — я пайшла на прынцып.
«Вы отказываетесь выполнять законные требования администрации, против вас сейчас будет применена физическая сила и спецсредства», — зароў кантралёр.
Гэты супрацоўнік не толькі хам, але і аматар падглядаць за дзяўчатамі падчас мыцця і наведвання прыбіральні.
Яшчэ адна мясцовая фішка — так званая прыбіральня. Называецца яна, вядома, па іншаму. Калі пазбягаць рэзкіх азначэнняў, то назавем гэта «дзірка ў падлозе». Дык вось там няма аніякай фіранкі. Знаходзіцца звычайна каля відэакамеры плюс у любы момант у вочка могуць зазірнуць (і зазіраюць) супрацоўнікі-мужчыны. Дарэчы, у брэсцкім СІЗА большасць супрацоўнікаў (і кантралёраў, і карпусных, і афіцэраў) складалі менавіта мужчыны.
Кожны паход у прыбіральню ператвараўся ў кашмар.
Мы ж там яшчэ і гігіенічныя працэдуры рабілі. Абмываешся і разумееш, што на цябе ва ўпор глядзяць. Плюс відэакамера. Што гэта, як не катаванні?
А самаробную фіранку, якую мы рабілі з прасціны, супрацоўнікі раз-пораз зрывалі.
Неаднойчы ўзнімалі гэтае пытанне перад кіраўніцтвам, яно у адказ: «Не положено». Адной з прычынаў такога кантролю называлі верагоднасць, што вязень здзейсніць суіцыд. Нібыта ў такім разе фіранка зашкодзіць супрацоўнікам гэта своечасова заўважыць і зрэагаваць.
Смеху варта.
Якімі трэба быць людзьмі, каб не саромецца вось так кругласутачна назіраць за аголенымі жанчынамі ў прыбіральні.
Душавы пакой таксама ўсцяж абсталяваны вочкамі. Мыешся і ніколі не ведаеш, хто ў іх глядзіць. Часта падчас памыўкі мы чулі мужчынскія галасы і мужчынскі рогат.
А кайданкі мне ў той дзень так і не надзелі — умяшаўся супрацоўнік рэжымнага аддзела, да якога вышэйзгаданы кантралёр пабег скардзіцца на мяне, але рэжымнік нечакана ўстаў на мой бок.
Праз некаторы час, калі кіраўнік СІЗА Вашкевіч сышоў з пасады і абавязкі стаў часова выконваць падпалкоўнік Лук’яновіч, кайданкі ў СІЗА мне вырашылі больш не надзяваць.
Лук’яновіч неяк убачыў на маіх руках гематомы — сляды ад кайданкоў — і аж перасмыкнуўся.
«Жыве Беларусь, жыве Гана!»
«Профучет, сюда!» — адкрылася кармушка.
«Дзяўчаты, шоў працягваецца!» — падахвочваю сукамерніц. У нас была свая забава. На дурныя патрабаванні штогадзіну падыходзіць да «кармушкі» і рапартаваць, на якім прафілактычным уліку ты знаходзішся (плюс год нараджэння, артыкул, па якім цябе асудзілі, пачатак і канец тэрміну зняволення), мы адказвалі тролінгам. А як яшчэ можна рэагаваць на маразм?
Мы зачытвалі гэты даклад па складах. І рабілі гэта настолькі павольна, што ў супрацоўнікаў ізалятара часамі не вытрымлівалі нервы. На той момант у камеры нас было трое палітвязняў, і пакуль кожная падыдзе да «кармушкі» і такім чынам адрапартуе…Часцей за ўсё ў чарговага супрацоўніка папросту лопалася цярпенне, і ён зачыняў «кармушку».
«1:0 на карысць змагароў», — жартавалі тады мы.
«Дзеўкі, наша возьме! Жыве Беларусь!» — гэтыя невялічкія перамогі ўнутры засценкаў на той момант з’яўляліся не такімі ўжо і маленькімі.
«Ты чего, на приколе?» — пачуўся з-за дзвярэй гнеўны крык карпуснога па мянушцы Вожык.
«Якія прэтэнзіі? Я хіба штосьці парушаю?» — абураюся ў адказ.
Сандра дужа не любіла, калі крыўдзілі змагароў, ды і ўвогуле не любіла людзей у пагонах, таму яе наступнай прапанове «а давайце папсуем мянтам нервы» ніхто не здзівіўся.
«З задавальненнем! — адгукаюся. — Якія прапановы?»
А прапановы былі наступныя: выставіць людзей у пагонах клоўнамі — але зрабіць гэта прыгожа, так, каб камар носа не падточыў і нас немагчыма было б у чымсьці абвінаваціць.
Такім чынам, мы прынялі рашэнне, што на кожнай, прынамсі, вечаровай праверцы, а таксама падчас штотыднёвага абыходу зняволеных кіраўніцтвам СІЗА, Сандра будзе задаваць людзям у пагонах пытанні па-англійску. Я прынцыпова перакладаць не буду. Няхай сядуць у лужыну і выкручваюцца як хочуць.
Паводле закону, у прыватнасці правілаў утрымання асоб пад вартай, зняволены мае права задаваць пытанні, так што Сандра нічога не парушае. Гэта яны парушаюць, калі не выслухоўваюць і не даюць адказу.
«Вопросы есть?» — пытаецца падчас кантрольнага абыходу начальнік СІЗА Вашкевіч.
«Йес», — ірвецца ў дыскусію Сандра. І пачынае часаць розную лухту — па вачах бачна, службоўцы нічога не разумеюць, Вашкевіч выглядае разгублена, нават неяк звужаецца ў плячах падчас яе прамовы. Яго світа пачырванела. Ззаду гэтай каманды бачу маладзенькага кантралёра, які душыцца ад смеху.
Сандра нарэшце скончыла прамову. У камеры павісла паўза. Вашкевіч пытальна глядзіць на мяне. Я маўчу, як беларускі партызан.
Паўза яўна зацягваецца. Палкоўніку няёмка выглядаць дурнем перад зняволенымі, ён напружвае лоб і прыдумляе, як выйсці з гэтай сітуацыі. Нарэшце выціскае з сябе: «Я передам вашу просьбу в соответствующий отдел, и вам дадут исчерпывающий ответ».
Слабавата для ўзроўню палкоўніка, але халера з ім.
Праз нейкі час нас з Сандрай вырашылі раз’яднаць. Па маю душу прыйшоў карпусны і даў некалькі хвілінаў на зборы.
У Сандры пачалася істэрыка. Яна моцна ў мяне ўчапілася і сказала, што нікуды не адпусціць.
«Жыве Беларусь!» — шапнула яна мне скрозь слёзы.
«Жыве Гана!» — паспела я прамовіць у адказ.
Пазней я даведалася, што Сандры і яе сястры далі тры месяцы зняволення, абклалі штрафамі і дэпартавалі ў Афрыку.
Ці можна лічыць мужчынамі мучыцеляў ў пагонах?
Я часта задумвалася над гэтым пытаннем у часе знаходжання за кратамі. Няўжо зусім нічога чалавечага няма, не засталося ў гэтых людзях? Што ў іх галовах? Чаму яны працуюць у гэтай сістэме, а большасць шчыруе нават з асалодай, калі даходзіць да здзекаў з палітвязняў. Няўжо сярод іх зусім не засталося нармальных людзей? Няўжо ўсе чалавечыя пачуцці цалкам атрафіраваныя?
Людзей у пагонах я падзяляю на некалькі катэгорый.
Першая — апантаныя прыхільнікі рэжыму. Цалкам замбаваныя. Лічаць палітвязняў ворагамі народа, з асалодай ламаюць нам хрыбты. Гэтыя людзі — страшныя. Яны сапраўдныя садысты, псіхапаты, з поўнай адсутнасцю эмпатыі. Дай ім волю — яны цябе расстраляюць.
Разам з тым увесь іх імпэт хутка знікае, калі яны разумеюць, што на кожную сілу ёсць іншая сіла. Вельмі нервуюцца, калі іх персанальныя звесткі апублічваюцца, надта баяцца галоснасці. Яны смелыя толькі калі здзекуюцца, катуюць нявінных, бездапаможных, знясіленых людзей, асабліва жанчын.
Якія ж гэта мужчыны?
Званне мужчыны яшчэ трэба заслужыць — у адрозненне ад звання ў выглядзе зорачак на пагонах, якое даецца па прыкмеце лаяльнасці да рэжыму — больш ніякіх якасцяў ад такой асобы не патрабуецца. Галоўнае — быць надзейным цэрберам рэжыму. Пажадана — з садысцкімі схільнасцямі.
Другая катэгорыя — абыякавыя, «апалітычныя», як яны самі сябе называюць. І нашым, і вашым, што называецца. Ні рыба ні мяса, карацей кажучы. Такія асаблівай небяспекі не нясуць. Хаця і пасы́лаў дабрыні таксама. Не адчуваюць асаблівай нянавісці да палітвязняў, могуць дазволіць пэўныя паблажкі. Але не праз нейкія там высокія асабістыя маральныя якасці. Ім папросту ўсё роўна. «Мы просто делаем свою работу», «мы просто выполняем приказ», — зазвычай кажуць такія кадры.
Трэцяя катэгорыя — тыя, хто нам, палітвязням, нібыта спачувае.
Часта такія супрацоўнікі сам-насам адкрыта выказваюцца супраць улады, кажуць, што шкадуюць нас, нават просяць прабачэння за тое, што працуюць у сістэме.
Але калі ім загадаюць у нас страляць, цікава, ці выканаюць яны гэты загад? Ці пойдуць супраць сістэмы? Як далёка могуць зайсці?
Я задавала ім такое пытанне. Большая частка з тых, хто спачувае, адказвала мне, што «нет, это незаконный приказ, мы его выполнять не будем». А ствараць пекла для палітвязняў нібыта «будзённымі метадамі» — гэта законна?
Воля Ялцэвіч часта казала мне, што для яе трэцяя катэгорыя людзей у пагонах — самая страшная. Сяброўка тлумачыла свой пункт гледжання тым, што, маўляў, адкрытыя садысты прынамсі прадказальныя, з імі ўсё зразумела, ведаеш, чаго ад іх чакаць.
«Тыя ж людзі ў пагонах, што нібыта падзяляюць дэмакратычныя каштоўнасці, але працягваюць служыць рэжыму — вось каго трэба асцерагацца найперш», — казала Воля.
За 26 месяцаў знаходжання за кратамі я змяніла пяць СІЗА і прайшла праз дзесяць этапаў, амаль паўтара года адседзела ў гомельскай жаночай калоніі. Сустрэла вельмі шмат абсалютна розных прадстаўнікоў пенітэнцыярнай сістэмы — і ў мяне з гэтай нагоды багата развагаў, і гэта асобная вялікая тэма.
Больш на гэтую і іншыя тэмы — у наступных частках маіх дзённікаў.
Працяг будзе