Палітзняволеную Вольгу Ялцэвіч пакаралі двума гадамі калоніі

У Брэсцкім абласным судзе вынеслі прысуд Вользе Ялцэвіч. Яна атрымала два гады калоніі, напісаў у Фэйсбуку Канстанцін Шыталь.

294077258_5682086935189096_9157190885512684166_n.jpg


Па яго інфармацыі, Вольгу абвінавачвалі па арт. 342 ч. 2 КК за тое, што ў 2020 годзе ў супрацы з «замежнымі фондамі» дапамагала аплочваць штрафы і адвакатаў людзям, якія былі пакараныя за ўдзел у пратэстах.

Родныя Вольгі кажуць, што яна ведала пра тое, што яе могуць затрымаць па крымінальнай справе, але засталася ў Беларусі.

Вольга пад вартай са снежня 2021 года, праваабаронцы прызналі яе палітычнай зняволенай.

Прысутныя на абвяшчэнні прысуду кажуць, што Вольга выглядала бадзёрай і трымалася годна.

«З Вольгай мы два гады вучыліся ў паралельных класах у Докшыцах у 1-й школе. Я быў у 10-11 "А", Вольга — у "Б"», — адзначыў Шыталь, і заклікаў падтрымаць дзяўчыну, пералічыўшы ёй грошы на атаварку (гэта можна на працягу дзесяці дзён ад вынясення прысуду). Вольга Міхайлаўна Ялцэвіч знаходзіцца ў Брэсцкім СІЗА.