Мінфін абвінаваціў Fitch у «суб'ектыўным падыходзе» да дэфолту Беларусі

Міністэрства фінансаў Беларусі праз пяць дзён адказала на публікацыю рэйтынгавага агенцтва Fitch аб магчымым прызнанні дэфолту па айчынных еўрааблігацыях. Нагадаем, Fitch пасля заяў Мінфіна аб выплаце купона па аблігацыях у беларускіх рублях дапусціў прызнанне дэфолту пасля заканчэння льготнага перыяду, які мінае 13 ліпеня.

_hroszy___finansy___ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_1.jpg


У заяве Мінфіна агенцтва абвінавачваецца ў суб'ектыўным падыходзе да ацэнкі крэдытаздольнасці краіны, піша REFORM.by.

«У рамках правядзення агляду крэдытнага рэйтынгу Беларусі рэйтынгавым агенцтвам Fitch былі праігнараваныя падрабязныя тлумачэнні і аргументаваная просьба Міністэрства фінансаў аб поўным і ўсебаковым аналізе сітуацыі з ажыццяўленнем плацяжоў па еўрааблігацыях. Абставіны, якія склаліся, на нашую думку, паказваюць на суб'ектыўны падыход у ацэнцы крэдытаздольнасці Рэспублікі Беларусь з боку рэйтынгавага агенцтва Fitch», — заявілі ў Мінфіне.

Ведамства аргументуе сваю пазіцыю тым, што Citigroup Global Markets Europe AG і Citibank, N. A., London Branch з-за санкцый 7 ліпеня заявілі пра прыпыненне працы ў якасці рэгістратара, фінансавага, плацежнага і трансфертная агента па беларускіх еўрааблігацыях.

У Мінфіне таксама заявілі, што ў такіх умовах вымушаныя «выбіраць альтэрнатыўныя варыянты выканання абавязацельстваў па еўрааблігацыях перад трымальнікамі, бо сітуацыя па сваёй сутнасці з'яўляецца форс-мажорнай». Аднак рэйтынгавае агенцтва ігнаруе «фактычную немагчымасць заходніх разлікова-клірынгавых сістэм выконваць у поўным аб'ёме свае абавязацельствы па належным пераводзе грашовых сродкаў уладальнікам еўрааблігацый».

Нагадаем, у канцы чэрвеня міністр фінансаў Юрый Селіверстаў заявіў, што ў лютым Беларусь зрабіла выплату купона ў доларах па еўрааблігацыях з тэрмінам пагашэння ў 2027 годзе. Аднак пазней Мінфін атрымаў звароты ад трымальнікаў каштоўных папер, якія паскардзіліся, што сродкі да іх не дайшлі, хоць яны і былі пералічаныя плацежнаму агенту. Гэта здарылася, як мяркуецца, з-за санкцый Захаду. У сувязі з гэтым было прынята сумесная пастанова Саўміна і Нацбанка, якая дазволіла Мінфіну выконваць абавязацельствы на рахунак у «Беларусбанку» у беларускіх рублях. Таксама быў прапанаваны варыянт канвертавання каштоўных папер.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch заявіла, што гатовае разглядаць такое рашэнне ў якасці дэфолту, бо яно супярэчыць дакументацыі па аблігацыях, якое не дапускае разлікаў у альтэрнатыўных валютах.