«Рэпутацыя беларускіх уладаў у такім стане, што дэфолтам яе не сапсуеш»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ва ўласцівай яму эпісталярна-іранічнай манеры разважае, чаму ў Расіі дэфолт адбыўся, а ў Беларусі — не. І канстатуе, што ўлады Беларусі ўпэўнена крочаць туды ж, куды і «саюзнік».

5_hujardov_pesocznica_2279531.jpeg


Вось усё ж беларускія ўлады вырашылі, што замежныя грошы ім даражэй за айчынную рэпутацыю. Таму што замежных грошай мала, а рэпутацыі ўсё роўна ніякай не засталося. Так што ўчора ўрад абвясціў, што разлічвацца з уладальнікамі беларускіх еўрабондаў ён будзе ў беларускіх рублях. Вырашыў не адставаць ад старэйшага саюзніка, у якога здарыўся неспадзяваны дэфолт, і зрабіў упэўнены крок у тым жа кірунку. Вось якраз у жніўні, калі падыдзе тэрмін чарговай выплаты, беларускія ўлады акажуцца ў такім жа дэфолце, што і іх расійскія партнёры.

Нельга сказаць, вядома, каб сусветныя фінансавыя рынкі забіліся ад гэтай навіны ў істэрыцы. Вось хіба што некаторыя прагматычныя замежныя прыхільнікі грашовых знакаў панаракаюць на маральныя аспекты вядзення бізнесу з краінамі альтэрнатыўнай дэмакратыі. Дый беларускаму фінансаваму рынку наўрад ці будзе ад яе якая-небудзь прыкметная шкода. Рэпутацыя беларускіх уладаў цяпер у такім стане, што дэфолтам яе ўжо не сапсуеш. Беларускім уладам не даюць грошай не з-за дэфолту, а па прычынах, хутчэй, маральна-палітычнай уласцівасці.

Увогуле, не дзіўна, што беларускія ўлады вырашылі плаціць па даўгах беларускімі грашыма. Свой доўг, як хочуць так і плацяць.

Дзіўна, што яны так доўга з гэтым цягнулі. Нехта яшчэ з пачатку года пагражаў замежным крэдыторам зваротнымі санкцыямі ў выглядзе беларускіх рублёў. Вось прыкладна нароўні з гандлёвым эмбарга і забаронай на транзіт літоўскіх грузаў. Нехта пагражаў, а ўрад усё роўна спрабаваў усунуць гэтым крэдыторам свае долары і еўра. А золатавалютныя рэзервы не гумовыя. Самім мала.

Гэта значыць, атрымліваецца, насуперак усім знешнім прыкметам, беларускія ўлады ўсё-такі спадзяваліся, што інвестары яшчэ адумаюцца. Адумаюцца, захочуць сабе стабільнага росквіту і падзеляцца з беларускімі ўладамі непрацоўнымі даходамі. І гэта, вядома, зайздросны ўзровень аптымізму, улічваючы спадарожныя яму акалічнасці.

Але вось у саюзніка здарыўся дэфолт, і беларускія ўлады вырашылі, што з аптымізмам больш цягнуць не трэба. Адчулі, мабыць, што ў бягучай геапалітычнай сітуацыі іх аптымізм выглядае не па-саюзніцку. А то сапраўды неяк недружалюбна атрымліваецца: у старэйшага саюзніка там дэфолт, а малодшы за яго спінай яшчэ на нешта спадзяецца. З-за такога аптымізму старэйшы можа што-небудзь нядобрае сабе падумаць.

Пераклад НЧ