Украінскі генерал: Канфлікт на мяжы з Беларуссю амаль непазбежны

Украінскі генерал Сяргей Крыванос, былы намеснік сакратара Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны і першы намеснік камандуючага Сіл спецаперацый у 2016–2019 гадах лічыць, што на 98% памежны канфлікт паміж Беларуссю і Украінай будзе.

80a31bd2_f942_475d_b3ad_226b69ac96d2_w1023_r1_s.jpg


Пра гэта ён сказаў у інтэрв’ю ўкраінскаму выданню «Новое время». Прапануем вашай увазе частку інтэрв’ю, якая тычыцца Беларусі.

— Як вы лічыце, ці трэба Украіне ўжываць зброю па аэрадромах у Беларусі, адкуль узьлятаюць самалёты, якія абстрэльваюць нашы гарады?

— Пытанні дыпламатычнага і ваеннага кірунку. Я як вайсковец магу адказаць: я б знішчыў тэхніку на беларускіх аэрадромах, таму што яны не беларускія — гэтыя аэрадромы цалкам аддадзеныя расійцам, персанал там расійскі, ахоўваюць гэтыя аэрадромы расійцы і перыметр 5 кіламетраў вакол аэрадрома ўжо расійскі — ніводнага беларуса, ні вайскоўца, ні цывільнага. Мы будзем знішчаць на тэрыторыі Беларусі непасрэдна расійскія базы, якія з’яўляюцца расійскай тэрыторыяй. Давайце так дыпламатычна пабудуем адказ.

— Я так разумею, вы лічыце, што і аэрадромы на расійскай тэрыторыі, адкуль узлятаюць самалёты, таксама з’яўляюцца аб’ектамі для Ўзброеных сілаў Украіны?

— Адназначна. Не столькі аэрадромы, як тэхніка на гэтых аэрадромах.

— Адносна Беларусі — цяпер многія занепакоеныя тым, што адтуль можа адбыцца ўварванне або расійска-беларускія дыверсійна-выведныя групы могуць зайсці. З аднаго боку, ёсць разуменне, што на гэты момант там няма столькі сіл і тэхнікі; з другога боку, унутры краіны да гэтага сцэнару рыхтуюцца. Як вы ацэньваеце імавернасць таго, што з Беларусі можа быць уварванне наземнае?

— Як дастаткова высокую. Я ўжо неаднаразова казаў, што за апошнія 20 гадоў расійска-ўкраінскіх адносін — і баявых, і цывільных, і ў мірны час — расійцы штогод праводзілі бягучыя стратэгічныя вучэнні, і першым пытаннем была трэнінг перакідвання асабовага складу і тэхнікі на вялікія адлегласці. Таму нарасціць свае рэсурсы на любым участку расійска-ўкраінскай вайны яны могуць, і тое, як хутка яны перакінулі тэхніку з Кіеўскай, Чарнігаўскай, Сумскай абласцей у раён Данбасу, паказала, што яны ўмеюць гэта рабіць. Не трэба недаацэньваць ворага. Трэба разумна глядзець і разумець ягоныя слабыя і моцныя бакі. Расійцы здольныя ўвязацца спачатку ў памежныя баі ўздоўж украінска-беларускай мяжы — нагадаю, гэта 1086 км, вялікі ўчастак. І ім гэтыя баі патрэбныя, каб адцягнуць частку нашых сіл і сродкаў, якія цяпер на ўсходзе Украіны, або каб расцягнуць нашы рэзервы і недзе нарошчваць намаганні. Чым больш яны нас расцягваюць, тым больш у іх перавагі за кошт колькаснай перавагі ў тэхніцы, асабліва ў артылерыі.


— Але я правільна разумею, што, перш чым пачнецца нейкая актыўнасць на мяжы з Беларуссю, нашая выведка павінна ўбачыць, што расійцы перакідваюць у той раён тэхніку з таго ж Данбасу, напрыклад?

— Не. Тэхніка ўжо там знаходзіцца, роўна як і частка сілаў і сродкаў, якія былі перакінуты туды невялікімі групамі ўжо даўно. У іх ёсць сілы і сродкі, якія дазволяць пачынаць баявыя дзеянні на ўкраінска-беларускай мяжы, не чакаючы буйных падмацаванняў. Там ёсць каму нападаць на нас.

Плюс мабілізацыйныя зборы, якія пачаліся ва Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь з чэрвеня, таксама дазваляюць выкарыстоўваць іх патэнцыял. Нагадаю, што мабілізацыйны патэнцыял Рэспублікі Беларусь — гэта 340 тысяч, плюс самі Ўзброеныя сілы 56 тысяч. Гэта практычна 400 тысяч войскаў. Сухапутны кампанент, вядома, значна меншы, але між тым у іх ёсць чым ваяваць супраць нас. Пытанне ў маральным духу. Тыя, хто служаць непасрэдна ва Узброеных сілах — кадравыя, вельмі добра прамытыя прапагандай і беларускай, і расійскай на карысць Расіі. Тыя, хто прызваны з рэзервы і хто часта бываў на тэрыторыі нашай краіны, разумеюць непатрэбнасць гэтай вайны для беларускага народу, і многія з іх, калі пачнуцца баявыя дзеянні, хутчэй, будуць здавацца ў наш палон. Але не трэба расслабляцца, трэба рыхтавацца да вайны, і кожны населены пункт уздоўж мяжы на вялікую глыбіню павінен мець свае інжынерныя збудаванні — доты, дзоты, бліндажы, мінныя палі. Я аб гэтым папярэджваў яшчэ з красавіка. Гэта робіцца, але мне хацелася б, каб у вялікіх абʼёмах.

— Гэта значыць, вы лічыце гэты сцэнар фактычна непазбежным?

— 98%, што ўсё ж такі памежны канфлікт будзе. Ці разрасцецца ён у прамую агрэсію — будзе залежаць ад паспяховасці дзеянняў нашых войскаў. Калі мы адразу дамо адпор і набʼём морду акупантам, яны адкоцяцца назад.

— Пад пагрозай цяпер усе вобласці, якія мяжуюць з Беларуссю?

— Ну гэта пытанне такое творчае. Выведнік заўсёды адказвае: імаверным характарам дзеянняў суперніка можа быць... Дык вось і я кажу — можа быць, а можа і не быць. У першую чаргу, гэта кірунак Ковеля, таму што адна з магутных брыгад можа нападаць з Берасця на Ковельскім кірунку, іншыя падраздзяленні — на тэрыторыю Ровенскай, Жытомірскай і Кіеўскай абласцей, плюс Чарнігаўская, дзе можа аднавіцца наступ на Чарнігаў і баі ў раёне гораду.