Нобель для вязня. Гісторыі лаўрэатаў прэміі міру, якія не патрапілі на яе ўручэнне праз зняволенне

Алесь Бяляцкі не зможа асабіста атрымаць Нобелеўскую прэмію міру ў Осла 10 снежня. Праваабаронца ўжо 17 месяцаў знаходзіцца ў СІЗА-1, яму пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення. Зрэшты, ён не першы лаўрэат Нобеля, які падчас узнагароджання знаходзіўся за кратамі.

nasciona_prison_bars_prison_628f5ae6_c318_4714_a3ed_9a24bf375abb.png


Карл фон Асецкі


bundesarchiv_bild_183_93516_0010__carl_von_ossietzky.jpg

Bundesarchiv, Bild 183-93516-0010 / Walter Sohst, Heiner Kurzbein / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=5359666
Карл фон Асецкі — нямецкі пацыфіст і журналіст 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя. Яшчэ ў юнацтве ён крытыкаваў мілітарызм, хаця і пайшоў на фронт у 1914-м. Стаўшы за гады вайны яшчэ больш перакананым пацыфістам, ён увайшоў у кіраўніцтва руху «Германскае таварыства за мір».
З часам Асецкі ўзначаліў рэдакцыю выдання «Die Weltbühne», якое апроч іншага займалася расследаваннем сакрэтнай мілітарызацыі германскага рэйхсвера. У 1927-м па абвінавачанні ў паклёпе на войска Асецкі атрымаў свой першы турэмны тэрмін. Тады журналіста асудзілі на месяц.

Аднак Асецкі ўпарта працягваў газетную кампанію супраць пераўзбраення Германіі, і неўзабаве быў арыштаваны — на гэты раз па абвінавачанні ў парушэнні ваеннай таямніцы — на 18 месяцаў. Вердыкт выклікаў пратэст грамадскасці, які падтрымалі Ліён Фейхтвангер, Арнольд Цвейг, Альберт Эйнштэйн. Праз сем месяцаў турмы Асецкі быў вызвалены па каляднай амністыі 1932 года.

І зноў ненадоўга. Хуткае назначэнне Гітлера рэйхсканцлерам і падпал Рэйхстага прывялі да ганенняў на пацыфістаў, дэмакратаў, сацыялістаў і камуністаў. Раніцай пасля пажару ў Рэйхстагу Асецкі быў арыштаваны і адпраўлены спачатку ў турму, а потым у канцлагер, дзе цяжкія фізічныя працы і ўмовы ўтрымання падарвалі яго здароўе.

Адначасова сусветная грамадскасць шукала шляхі яго выратавання, меркавалася, што статус лаўрэата Нобеля мог прымусіць Гітлера вызваліць пацыфіста. Яшчэ ў 1934 годзе Асецкі ўпершыню быў вылучаны кандыдатам на Нобелеўскую прэмію міру, аднак пісьмовая заяўка спазнілася. Таму лаўрэатам Асецкі быў абраны толькі ў 1936 годзе.

Гэтая прэмія стала відавочнай дэманстрацыяй сусветнага асуджэння палітыкі нацыстаў. У адказ Гітлер запатрабаваў ад нямецкіх навукоўцаў, якія ўжо мелі Нобеля, адмовіцца ад узнагароды. На гэтым нацысты не спыніліся. Калі ў 1940 годзе яны захапілі Нарвегію, усе, хто прымаў рашэнне аб узнагароджанні Асецкага, былі арыштаваны.

Ад Асецкага таксама патрабавалі самастойна адмовіцца ад Нобелеўскай прэміі, але ён не паддаўся на ціск. Тады германская прапаганда заявіла, што ён нібыта вольны і можа ехаць у Осла, калі захоча. Насамрэч максімум, што яму дазволілі — пераехаць у грамадзянскую лякарню, дзе сакрэтная паліцыя трымала вязня пад сталым назіраннем аж да самай смерці.

Памёр Карл фон Асецкі ў берлінскай бальніцы ад туберкулёзу 4 мая 1938 года.


Лех Валенса



upload_rtr2_pic4_zoom_1500x1500_41453.jpg

Forum Forum/REUTERS

5 кастрычніка 1982-га лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру стаў лідар польскай «Салідарнасці» Лех Валенса. На той момант ён толькі вызваліўся з турмы, дзе знаходзіўся на працягу амаль года пасля ўвядзення ваеннага становішча 13 снежня 1981 года. Праз перасцярогі, што не зможа вярнуцца ў Польшчу, Валенса вырашыў не ехаць у Нарвегію. Ад яго імя 10 снежня 1983 года ў Осла ўзнагароду атрымалі жонка Данута і сын Багдан.

Гэтая ўзнагарода мела палітычнае значэнне і была выказваннем падтрымкі «Салідарнасці», якая на той момант сышла ў падполле. Орган кіруючай у краіне Польскай аб'яднанай рабочай партыі пісаў: «Журы Нобелеўскай прэміі міру вырашыла вызначыць сябе ў гэтым годзе як інструмент у канфрантацыйнай гульні — на гэты раз супраць Польшчы, супраць сацыялізму». 11 кастрычніка 1983 года ўлады Польскай Народнай Рэспублікі нават накіравалі нарвежскаму ўраду афіцыйны пратэст.

Але нягледзячы на жорсткую рэакцыю ўлад Нобель паўплываў на тактыку Ярузэльскага. Яго ўрад у той час імкнуўся палепшыць імідж свайго рэжыму на Захадзе, з якім быў эканамічна звязаны. Пасля прысуджэння прэміі Валенсе стала відавочнай неабходнасць улічваць пазіцыю дэмакратычных дзяржаў і нават шукаць кампраміс з апазіцыяй. Таму Нобелеўская прэмія міру для Леха Валенсы — асаблівы момант у польскай гісторыі 1980-х.


Аун Сан Су Чжы

1_444_1.jpg


Аун Сан Су Чжы паходзіць з элітнай бірманскай сям'і, працавала выкладчыцай у Лондане. Нішто не прадракала, што яна стане палітыкам. У 1988 годзе Аун вярнулася ў Бірму, каб дапамагаць сваёй хворай маці. Пасля яна ўзначаліла дэмакратычны рух. У 1990 годзе пад яе кіраўніцтвам Нацыянальная ліга за дэмакратыю (НЛД) атрымала 59% галасоў на выбарах у парламент. Лічылася, што Аун Сан Су Чжы вось-вось атрымае паўнамоцтвы прэм'ер-міністра. Замест гэтага вынікі галасавання былі ануляваны, а сама палітык змешчана пад хатні арышт у сваім доме ў Рангуне.

Пад арыштам у 1990 годзе яна была ўганаравана Сахараўскай прэміяй за свабоду думкі, а праз год — Нобелеўскай прэміяй міру. Зразумела, ехаць у Осла Аун не дазволілі. Яе сыны Аляксандр і Кім атрымалі Нобеля ад яе імя.

Аун Сан Су Чжы правяла пад хатнім арыштам па розных абвінавачаннях 15 гадоў. Толькі 12 лістапада 2010 года, праз дзень пасля перамогі на першых за 20 гадоў выбарах праўладнай партыі, урад пагадзіўся вызваліць яе. Праз пяць гадоў Нацыянальная ліга за дэмакратыю заваявала большасць галасоў у абедзвюх палатах парламента, а сама Аун Сан Су Чжы стала фактычна кіраўніком урада.



Аднак адліга доўжылася нядоўга. 1 лютага 2021 года Аун Сан Су Чжы была затрымана ў выніку ваеннага перавароту. Арыштаванай прад'явілі цэлы пакет абвінавачванняў, у тым ліку «ўзбуджэнне ў грамадстве пачуцця страху і трывогі», і пазней асудзілі агулам на 17 гадоў. Зрэшты, большасць лічыць, што з-за крызісу ў краіне Аун Сан Су Чжы хутка зноў выйдзе на волю.


Лю Сяабо

000_par3653677_rn8s0_1.jpg


Лю Сяабо быў сціплым выкладчыкам кітайскай філалогіі, калі ў 1988-1989 гадах паехаў у камандзіроўку ў ЗША і ў Нарвегію. Там у інтэрв'ю мясцовым СМІ ён дазволіў сабе крытыку камуністаў, што стварыла яму імідж дысідэнта.

У 1989 годзе падчас пратэстаў на плошчы Цяньаньмэнь Лю Сяабо вярнуўся ў КНР, дзе быў арыштаваны за падтрымку студэнтаў на два гады. Пасля вызвалення — новы арышт і новы тэрмін, і так некалькі разоў.
  У рэшце рэшт улады вырашылі пакараць Лю Сяабо напоўніцу. 8 снежня 2008 года, за два дні да запланаванай публікацыі «Хартыі-08» з патрабаваннем дэмакратычных рэформаў (па аналогіі з чэшскай «Хартыяй-77»), Лю Сяабо быў арыштаваны і асуджаны на 11 гадоў зняволення за падбухторванне да падрыву дзяржаўнага ладу. Менавіта ў турме ён даведаўся, што 8 кастрычніка 2010 года стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру за працяглую негвалтоўную барацьбу за асноўныя правы чалавека ў Кітаі.

Рэакцыя ўлад была жорсткай. МЗС КНР заявіла, што такое ўзнагароджанне супярэчыць нобелеўскім прынцыпам, бо Лю Сяабо знаходзіцца ў турме за парушэнне кітайскіх законаў. Кітайскія сродкі масавай інфармацыі наогул нічога не паведамілі аб прысуджэнні Нобеля Лю Сяабо. Сам лаўрэат стаў адным з нямногіх, каму не толькі не дазволілі прысутнічаць на цырымоніі ўручэння, але не далі магчымасці атрымаць узнагароду нават праз родных і блізкіх. У 2010-м ягоная жонка і паплечніца была змешчана пад хатні арышт.

У чэрвені 2017 года стала вядома, што ў турме ў Лю Сяабо дыягнаставалі рак печані. З турмы ў якасці ўмоўна-датэрміновага вызвалення яго перавялі ў шпіталь. Прадстаўнікі Захаду звярталіся да ўлад Кітая з просьбай адправіць Лю Сяабо за мяжу, аднак яму не дазволілі пакінуць краіну. Лю Сяабо памёр у 61-гадовым уросце 13 ліпеня 2017 года.