«Чамадан, вакзал, хімія». Як выглядае «абмежаванне волі па-беларуску»

Дзе адбываюць тэрміны асуджаныя да «хіміі», што гэта ўвогуле такое і што туды з сабой трэба браць, расказвае беларуская «М*дыязона».

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Пасля пратэстаў у Беларусі заведзена больш за 500 крымінальных спраў, па якіх суд прызначыў пакаранне ў выглядзе «хіміі» — так называюць абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ). Асуджаныя жывуць у будынках, падобных да інтэрнатаў, знаходзяцца пад наглядам, абавязаны хадзіць на працу і прытрымлівацца правіл унутранага распарадку (ПУР). «М*дыязона» паразмаўляла з тымі, хто быў на «хіміі», і расказвае, як там усё ўладкавана і да чаго трэба быць гатовым.

Умовы пражывання

Будынак ПУАТ падзелены на адміністрацыйны і жылы блокі. У другім знаходзяцца жылыя пакоі, кухня, пакой для прыёму ежы, душавыя пакоі, санвузлы і пакоі для выхаваўчых мерапрыемстваў.
«Гэта проста інтэрнат з міліцыянтамі», — лаканічна характарызуе ўмовы ў ПУАТ № 36 Павел.
Колькасць суседзяў у жылых пакоях можа мяняцца нават унутры адной установы — пачынаючы ад чатырох чалавек і заканчваючы дваццаццю.
«Я жыў у невялікім [пакоі], але гэта, напэўна, нават горш. Нас было шасцёра, спалі на металічных двух'ярусных нарах. Для агульнага карыстання былі шафа і стол. Ну і ў кожнага па тумбачцы», — апісвае інтэр'ер аднаго з пакояў у ПУАТ № 9 Максім.
Кухня на «хіміі» — агульная, асуджаныя самі гатуюць і купляюць прадукты. У душавых ёсць графік, але памыцца можна і ў «непрацоўныя» гадзіны — калі дзяжурны пагодзіцца адкрыць. Акрамя таго душавыя часта ёсць на прадпрыемствах, дзе працуюць асуджаныя. «Графік карыстання ўмоўны. Адзінае, з раніцы ўзнікаюць заторы, калі ўсе кідаюцца галіцца перад праверкай: ракавін шэсць, а людзей 60», — кажа Павел.

Што трэба ўзяць з сабой, а што — не варта

Былыя асуджаныя падкрэсліваюць, што браць з сабой у ПУАТ трэба толькі самае неабходнае — месца для захоўвання рэчаў і прадуктаў вельмі мала.
«У першыя дні ў вашым распараджэнні будзе толькі маленькая тумбачка ў пакоі і шафка для адзення. Потым вам выдзеляць асобнае месца ў халадзільніку і тумбачках на кухні», — расказаў Максім.
Патрэбен свой посуд: рондаль, патэльня, сталовыя прыборы, талеркі і кубкі. Паводле слоў былых асуджаных, шмат адзення не спатрэбіцца — дастаткова ўзяць хатні камплект і тое, у чым выходзіць на вуліцу.
Леанід адзначыў, што лекі лепш браць з сабой, бо доступ да лекара не заўсёды можна атрымаць хутка. Спіртаўтрымальныя лекі дазволяць пранесці, толькі калі ў вас ёсць рэцэпт — з алкаголем у ПУАТ строга.
Акрамя алкаголю, на хімію нельга праносіць наркотыкі, зброю, колюча-рэжучыя прадметы, ігральныя карты і парнаграфічныя матэрыялы.
Манікюрныя нажніцы, кажа Максім, узяць не дазвалялі — замест іх асуджаныя карысталіся кусачкамі.
Не варта спадзявацца, што ўдасца пранесці што-небудзь забароненае. Тыя, хто прыбылі ў ПУАТ, падвяргаюцца поўнаму асабістаму дагляду, падчас якога трэба распрануцца. У ПУР гаворыцца, што ў выпадку неабходнасці медработнік праверыць нават паражніны цела. Акрамя таго, старанна агледзяць і прамацаюць галаўны ўбор, абутак і вопратку, надаючы асаблівую ўвагу латкам, швам, каўняру і падкладцы.

Дазваляюць карыстацца гаджэтамі

Забароны на карыстанне смартфонам у ПУР няма, трэба толькі напісаць заяву на імя начальніка ПУАТ.
«Я прыехаў з тэлефонам і карыстаўся ім, не чакаючы дазволу. Потым напісаў гэтую заяву, таму што, па факце, дазваляюць усім. У тэорыі камусьці могуць забараніць карыстацца тэлефонам, але ў гэтым няма сэнсу — усё роўна ўсе разам сядзяць, да таго ж тэлефон можна на працы пакінуць», — кажа Леанід.
У ПУАТ № 36 асуджаным, прызнаным «схільнымі да экстрэмізму», дазваляюць карыстацца толькі кнопкавымі тэлефонамі, адзначае Павел. Паводле яго слоў, гэта адзіная «хімія», дзе забаронены смартфоны для тых, хто носіць жоўтыя біркі.
«Па факце тэлефоны былі ва ўсіх, нават у палітычных — проста іх хавалі. У кагосьці нешта знойдуць раз на месяц, павесяць парушэнне і на гэтым супакояцца», — кажа ён.
З дазволу адміністрацыі можна карыстацца і ноўтбукам. Але ўсё-ткі лепш пакінуць яго дома і спачатку паспрабаваць атрымаць дазвол. Леанід адзначае, што ў ПУАТ № 45 ноўтбук быў толькі ў старшыні атрада, які дапамагаў адміністрацыі.
«На працы ты можаш цалкам сабе карыстацца інтэрнэтам, захоўваць тэлефон, хоць ноўтбук туды можаш прыцягнуць. Але праблема ў тым, што там няма вольнага часу наогул», — кажа Павел.

Распарадак дня

Асуджаныя ўстаюць а 6-й раніцы. Перад тым як пайсці на працу, яны павінны пастроіцца на праверку. Тых, хто застаецца ў корпусе, праз некалькі гадзін чакае яшчэ адна праверка. Па выхадных у ПУАТ праходзяць розныя мерапрыемствы, напрыклад, лекцыі або прагляды фільмаў.
Да месца працы супрацоўнікі міліцыі не суправаджаюць: верагодна, гэта абумоўлена не жаданнем даць асуджаным хоць бы ненадоўга адчуць сябе свабоднымі, а недахопам супрацоўнікаў. У «хімікаў» ёсць маршрут да працы і назад — адхіленне ад яго можа быць расцэнена як уцёкі.
На працы супрацоўнікаў ПУАТ таксама няма, але яны перыядычна тэлефануюць начальніку прадпрыемства, каб даведацца, ці на месцы асуджаны, і ў любы момант могуць прыйсці з праверкай.
Прыкладна ў 17:00-17:30 першая змена вяртаецца з працы. Увечары «хімікі» павінны паглядзець навіны і зноў пастроіцца на агульную праверку. Час і колькасць праверак у розных установах можа вар'іравацца. Сігнал для адбою гучыць у 22:00.
У вольны ад працы час «схільныя да экстрэмізму» асуджаныя павінны адзначацца ў дзяжурнай частцы кожную гадзіну ці дзве.
«Гаворыш: "Асуджаны такі і такі, схільны да экстрэмісцкай і дэструктыўнай дзейнасці". Ёсць яшчэ поўнае прадстаўленне: трэба назваць артыкул, калі і якім судом асуджаны, на колькі гадоў, хто твой куратар — чалавек, які адказвае за перавыхаванне», — тлумачыць Леанід.
Звычайна, кажа ён, усё зводзіцца да кароткага прадстаўлення — так зручней і асуджаным, і супрацоўнікам ПУАТ. Тым не менш, падкрэслівае ён, неабходнасць адзначацца кожную гадзіну адрывае ад заняткаў і «разбівае дзень на кавалачкі».
«Могуць яшчэ зайсці праверыць, ці не ляжыш ты на нарах, ці не паліш. Там куча вось гэтых тузанняў. Праца ў гэтым сэнсе — выйсце, таму што там ты не бачыш мянтоў і, па сутнасці, прадастаўлены сам сабе», — расказвае былы асуджаны.
Паводле слоў Паўла, на пачатку 2022 года ў ПУАТ № 36 прыйшло распараджэнне з Дэпартамента выканання пакаранняў. У ім гаварылася, што асуджаныя, якія стаяць на прафілактычным уліку, павінны кожныя дзве гадзіны дзяліцца сваёй геалакацыяй у Тэлеграме, калі яны не знаходзяцца пад наглядам міліцыянтаў.
«Па-першае, маецца на ўвазе, што ва ўсіх палітычных будуць смартфоны з Тэлеграмам. Па-другое, атрымліваецца, што ўлік, які быў раней толькі ў камендатуры, распаўсюджваецца нават на працу. Кожныя дзве гадзіны ты кідаеш працу і скідваеш геалакацыю», — здзіўляецца ён.

Што будзе, калі парушыць правілы распарадку

Згодна з арт. 55 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, за парушэнне парадку і ўмоў адбыцця пакарання асуджаныя атрымліваюць спагнанні: пазачарговае дзяжурства па ўборцы і добраўпарадкаванні тэрыторыі ПУАТ, вымову або ізаляцыю на тэрмін да 10 сутак у ШІЗА або ІЧУ з выхадам або без выхаду на працу (вучобу).
Пасля трох зафіксаваных парушэнняў асуджаны лічыцца «злосным парушальнікам парадку». Яму выносяць афіцыйнае папярэджанне аб крымінальнай адказнасці. Калі асуджаны парушае парадак і ўмовы адбывання пакарання пасля папярэджання, матэрыялы пра гэта перадаюцца ў суд.

Аплата за пражыванне і заробак

Згодна з ПУР, асуджаныя павінны кампенсаваць ПУАТ кошт камунальных паслуг. Леанід расказвае, што плаціў за «камуналку» ад 30 да 60 рублёў — у залежнасці ад сезону. Заробку на гэта хапала: на сельскагаспадарчым прадпрыемстве, дзе працаваў асуджаны, плацілі ад 500 да 1 500 рублёў.
Калі вы трапіце ў штрафны ізалятар, то давядзецца заплаціць за ежу, якую вам будуць прыносіць.

Ці можна выйсці за тэрыторыю ПУАТ

Згодна з ПУР, адлучыцца з ПУАТ без суправаджэння можна з дазволу начальніка. Пакінуць ПУАТ можна ў сувязі з вучобай або па сямейных абставінах, у некаторых выпадках асуджаным дазваляецца жыць з сям'ёй.
На справе асуджаных рэдка адпускаюць за межы ПУАТ адных. У краму, расказвае Павел, ходзяць арганізавана: збіраецца дзясятак чалавек, якіх суправаджае супрацоўнік міліцыі. Паводле слоў Максіма, свабодна можна заходзіць у краму, калі ён ідзе па дарозе да працы.
«Калі ты добра сябе паводзіш, можна атрымаць заахвочванне ад адміністрацыі — выхад у гандлёвы цэнтр. Туды хадзілі тыя, хто лаяльна ставіцца да адміністрацыі. Палітычныя калі і хадзілі, то пару чалавек», — кажа Павел.

Як часта могуць наведваць блізкія

У ПУР сказана, што наведваць асуджаных можна ва ўстаноўлены распарадкам дня час. Максім расказвае, што такое «акенца» для сваякоў у ПУАТ № 9 выдзялялі па выхадных. Усе наведванні трэба ўзгадняць з адміністрацыяй.
«Сваякі або сябры, якія вас наведваюць, павінны знаходзіцца, як казалі супрацоўнікі, у спраўным тэхнічным стане — гэта значыць быць цвярозымі», — успамінае Максім.
Сяброў Леаніда ў ПУАТ № 45 не пускалі, але ён знайшоў выйсце — прасіў прыехаць на працу.
«Пра гэта ўсё роўна даведваліся потым, але міліцыя асабліва нічога не рабіла, таму што ім складана пракантраляваць столькі ўсяго. Маглі проста спытаць потым: "А хто гэта да цябе там прыязджаў?"», — расказвае былы асуджаны.
У правілах няма абмежаванняў па працягласці візітаў, але асуджаныя часам з імі сутыкаюцца — у распарадку дня могуць быць мерапрыемствы, якія патрабуюць абавязковай прысутнасці.
«Папярэджваюць, што ёсць хвілін 40 ад сілы, таму што па плане мерапрыемства ў актавай зале. А мерапрыемства ў тым, што мы паглядзім нейкую прапаганду па тэлевізары», — кажа Максім.

Пасылкі і бандэролі дазволены

Абмежаванняў на пасылкі і бандэролі на хіміі няма, але яны заўсёды старанна правяраюцца супрацоўнікамі, расказваюць былыя асуджаныя.
Для таго, каб схадзіць на пошту, трэба пісаць заяву і чакаць, пакуль вам выдзеляць суправаджаючага — гэта можа заняць шмат часу, кажа Павел. Былы асуджаны дзеліцца лайфхакам, які ў яго выпадку працаваў безадмоўна:
«Падыходзіш і кажаш: "Я хачу заплаціць за камуналку". Тады зводзяць па-любому, а ты ўжо свае справы вырашыш, будзь тое заказныя лісты ці пасылкі. Галоўнае, каб ты заплаціў за камуналку і прынёс чэк — на іх гэта вельмі добра дзейнічае. Такое адчуванне, што грошы ім наўпрост плаціш — такія задаволеныя адразу, калі чэк прыносіш».

Парады: не заводзіць блізкіх знаёмстваў і не спазняцца

«Лічыцца, туалеты нельга прыбіраць, каб не патрапіць у касту «прыніжаных». У залежнасці ад хіміі гэтым карыстаецца адміністрацыя: могуць пагражаць тым, што калі ты нешта зробіш не так, то цябе могуць прымусіць прыбіраць туалеты на камеру, а потым гэтым шантажыраваць», — расказвае Леанід.
Ён рэкамендуе спачатку даведацца пра тое, ці прынята ў ПУАТ прыбіраць туалеты самім — з гэтым пагаджаецца і Максім. Хлопцы кажуць, што на хіміі «ўсім кіруюць» супрацоўнікі міліцыі — яны могуць карыстацца «старымі паняццямі» для сваіх мэт.
Былыя асуджаныя раяць не заводзіць блізкіх знаёмстваў і не казаць нічога, што патэнцыйна можа быць выкарыстана супраць вас.
«Ёсць такі чалавек — опер. Ён павінен зрабіць так, каб усе сядзелі ціха і не было ніякіх праблем. Ён увесь час на ўсіх цісне, прыдумляе схемы, як на каго ўплываць. Камусьці ён абяцае, што можна раней пайсці дадому, камусьці пагражае і ў выніку атрымлівае інфармацыю. Таму калі ты нешта скажаш, напрыклад, на курыльні, то, хутчэй за ўсё, гэта дойдзе да яго», — тлумачыць Леанід.
Павел раіць быць пунктуальным: асуджаным на хімію паўсюль трэба адзначацца. Ён дадае, што не варта шукаць логіку ў правілах ПУАТ і дзеяннях супрацоўнікаў.
«Трэба максімальна абмежаваць цябе, каб ты адчуваў сябе не на волі: падабраць гадскую працу, пастаянна перакідваць з пакоя ў пакой проста для таго, каб ты адчуваў сябе максімальна некамфортна», — кажа былы асуджаны.