Гарантыі для «гаранта»: Шрайбман — пра тое, ці засталося ў Лукашэнкі месца для манеўру

Ці ёсць у Лукашэнкі куды бегчы і ці сапраўды нябожчык Макей абмяркоўваў з Еўропай нейкія гарантыі для свайго начальніка — пра гэта разважае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


— Нічога падобнага, думаю, Макей абмяркоўваць не мог. Хаця б таму, што аніякіх гарантый заходнія краіны не могуць даць Лукашэнку, бо яны не кантралююць сітуацыю ў Беларусі, — кажа Арцём Шрайбман у эфіры «Радыё НВ». — Гарантыі трэба прасіць альбо ў тых, хто дасць яму прытулак (на Захадзе гэта немагчыма, бо Лукашэнка парушыў столькі міжнародных нормаў, што проста недарэчна будзе падымаць гэтае пытанне), альбо ў Расіі, якая сёння кантралюе вельмі многае ў Беларусі. Таму, я думаю, што гэта чуткі, якія не ўлічваюць рэальнасць.
Наколькі мне вядома, Макей абмяркоўваў больш прыземленыя рэчы, а менавіта магчымую размарозку адносін і зняцце санкцый. Ён зандзіраваў глебу наконт таго, якой мінімальнай крывёю можа абысціся Мінск, каб зняць нейкія значныя для сябе санкцыі, у першую чаргу калійныя.
Тады ж Лукашэнка намякнуў, што можа правесці палітычную амністыю. Потым Макей з'ездзіў у Нью-Ёрк, але, мабыць, нічога добрага ад Захаду ён не пачуў. І праз некалькі тыдняў улады заявілі, што аніякіх палітычных зняволеных у амністыі не будзе. То-бок мы бачым расчараванне ад гэтага этапу перамоў.
Абмяркоўваць на такім узроўні нейкія гарантыі для Лукашэнкі, які наогул нікуды не збіраецца сыходзіць... Я думаю, ён плануе і Пуціна пераседзець. Таму я сумняваюся, што такая павестка ў прынцыпе можа гучаць.


На пытанне, ці можа быць дасягнуты кампраміс паміж Захадам і Лукашэнкам, які заключаўся б у тым, што Лукашэнка застаецца ва ўладзе пры абяцанні, што не аддасць Беларусь Пуціну, Шрайбман адказвае, што гэта фантастычны сцэнар.
— Таму што паміж бакамі няма аніякага даверу. Лукашэнка не верыць ні ў якія гарантыі Захаду, а Захад не паверыць у любыя абяцанні Лукашэнкі. Лукашэнка не можа пераканаць Захад нават у тым, што кантралюе сваю тэрыторыю.
І самае галоўнае: навошта Лукашэнку гарантыі Захаду, улічваючы, што апошні не можа яго зрынуць? Гэта значыць, дамаўляцца пра гарантыі бяспекі можна з тым, хто мае нейкі рычаг ціску.
Журналіст задаецца пытаннем: калі краіны Захаду і ЗША не маюць рычагоў уплыву на Лукашэнку, ці значыць гэта, што аніякіх іншых варыянтаў у Лукашэнкі, акрамя як быць васалам Пуціна, няма? Арцём Шрайбман адказвае:
— Так, гэта менавіта тая сістэма адносін, калі Лукашэнка хоча захаваць свой статус нейкага мясцовага суверэна, але ў тых рамках, якія Расія гатова цярпець за кошт таго, што ён выконвае важныя для РФ функцыі. Зараз у першую чаргу ў плане падтрымкі Расіі ў вайне: любой, акрамя адпраўкі сваіх войскаў.
І мне здаецца няправільнай размова пра акупацыю (Беларусі Расіяй. — Заўв. рэд.), таму што акупацыя і васалітэт — дзве розныя рэчы гістарычна і юрыдычна. Лукашэнка будуе адносіны па той жа мадэлі, па якой камуністычныя рэжымы Усходняй Еўропы будавалі свае адносіны з Савецкім Саюзам.


Натуральна, Лукашэнка не хацеў бы поўнага пазбаўлення яго суб'ектнасці суверэнітэту, асабліва ў тым, што тычыцца ўнутранай палітыкі, эканомікі і ўсяго таго, што ён яшчэ кантралюе ў краіне. І таму, напрыклад, я не магу сказаць, што ён зробіць усё, што скажа яму Пуцін. Могуць быць нелады, калі гэта закранае адчувальныя для Лукашэнкі сегменты яго ўлады.
Паводле «Салідарнасці».