Украінскі эксперт: Лукашэнка — гэта ўжо мінулае, як і Пуцін. Гэта пытанне часу
Кіраўнік украінскага Цэнтра ваенна-прававых даследаванняў Аляксандр Мусіенка разважае, чым і як афіцыйны Кіеў павінен адрэагаваць на сустрэчу Лукашэнкі з Пушыліным, ці важная Беларусь для Украіны, і якія адносіны ў краін могуць быць у будучыні.
— Сустрэча Лукашэнкі з Пушыліным — гэта пераход рысы. Калі раней з боку Беларусі былі заявы, што яны не прызнаюць анексію Крыма і гэтак далей, то цяпер робяць абсалютна супярэчлівыя дзеянні, — адзначыў вайсковы эксперт і кіраўнік Цэнтру ваенна-прававых даследаванняў Аляксандр Мусіенка ў эфіры канала M*lanka Media. — Я лічу дыпламатычныя адносіны паміж Украінай і Беларуссю, з прычыны таго, што мы прайшлі ўжо на працягу года, дзівацтвам.
Лічу, што пры такіх умовах мы не можам падтрымліваць дыпламатычныя адносіны. І гэта нават не зыходзячы з таго, што камусьці падабаецца ці не, а зыходзячы з міжнароднага права, з таго, як яно трактуе міждзяржаўныя адносіны.
Калі супраць вас ідзе агрэсія, і для гэтага выкарыстоўваецца трэцяй краінай тэрыторыя суседняй дзяржавы, гэта адна з падстаў для разрыву дыпламатычных адносін.
Апошнія падзеі, на думку эксперта, могуць падштурхнуць украінскія ўлады ў бок камунікацыі з беларускай апазіцыяй.
— Думаю, гэтыя падзеі могуць прывесці да таго, што мы будзем наводзіць масты з беларускім урадам у выгнанні, з рознымі беларускімі палітычнымі рухамі, якія знаходзяцца ў Літве, Польшчы, іншых краінах, з апазіцыйнымі палітыкамі.
Думаю, цяпер аргументавана і правільна было б дзейнічаць так у дачыненні да Беларусі.
Даволі станоўча ацэньвае кіраўнік Цэнтра ваенна-прававых даследаванняў і будучыя перспектывы міжнародных адносін для нашай краіны.
— Як толькі Беларусь стане сапраўды свабоднай, яна ўбачыць, што, па-першае, мяжуе з ЕС, плюс Украіна, якая туды імкнецца.
Усю гэтую канфігурацыю разам са свабоднай Беларуссю я расцэньваю як шанец стварыць досыць магутны фланг на ўсходзе Еўропы, які ў рамках альбо ЕС, альбо, у будучыні, NATO, альбо па-за імі, які будзе падтрымліваць сур'ёзнае ўзаемадзеянне, умацоўваць супрацоўніцтва ў сферы і бяспекі, і палітыкі.
Акрамя іншага, тут праглядаецца і эканамічны эфект. Шмат стратэгаў-геапалітыкаў кажуць пра такую ініцыятыву, як Трымор'е або Міжмор'е, якая злучала б Балтыйскае, Чорнае, а цяпер ужо і да Балкан, і Адрыятычнае мора. Гэта досыць сур'ёзныя транзітныя транспартныя калідоры, у якіх будзе зацікаўлены ў тым ліку той жа Кітай.
Ведаю, што многія цяпер кажуць пра залежнасць Беларусі ад Расіі, пра тое, што ўся вытворчасць, увесь экспарт завязаныя на РФ. Але той жа экспарт у будучыні можа ісці ў краіны Еўропы. Там і рынак большы, чым расійскі.
Тым не менш павінна быць сфармаваная нейкая канфігурацыя дзяржаў на роўных, падкрэсліваю, ніякіх «хтосьці мацнейшы, хтосьці слабейшы». Гэта павінен быць клуб дзяржаў на роўных умовах, дзе будуць узаемадзейнічаць Украіна, Беларусь, краіны Балтыі, магчыма, у будучыні, Румынія, Славакія. І ў гэтага ўзаемадзеяння будуць найшырэйшыя перспектывы, — упэўнены ўкраінскі эксперт.