«Ху із містэр Пушылін?»
Калі Уладзімір Пуцін прыходзіў да ўлады, было такое рытарычнае пытанне ў замежнікаў: «Ху із містэр Пуцін?». Цяпер пытанне ў нас: «Ху із містэр Пушылін?». Хто такі Дзяніс Пушылін, з якім сустракаўся Лукашэнка?
Гэтая сустрэча нарабіла шмат розгаласу, таму што відавочна паказвае, як скурчваецца беларускі суверэнітэт. Яшчэ ў мінулым годзе ўлады Беларусі проста «пракінулі» Пушыліна, калі ён прыязджаў у Брэст, ускладаў вянкі ў Брэсцкай крэпасці і ўсякае такое. Тады ані прапаганда, ані ўлады не жадалі афішаваць сувязь з кіраўніком самаабвешчанай і непрызнанай так званай «Данецкай Народнай Рэспублікі». А цяперашні візіт — з прыманнем у Лукашэнкі — відавочна паказвае, што для рэжыму Пушылін больш не турыст.
Але тым не менш, пытанні застаюцца. Прэс-служба Лукашэнкі назвала Пушыліна «часовым выканаўцам абавязкаў кіраўніка «ДНР». Але летась Расія нібыта арганізоўвала рэферэндум па ўваходжанні ў тым ліку і той самай «ДНР» у склад Федэрацыі. І цяпер, падаецца, Пушыліна варта называць «губернатарам Данецкай вобласці». Тым не менш, Лукашэнка прыняў яго адрозна ад іншых расійскіх губернатараў — так, як прымаў высокапастаўленых расійскіх чыноўнікаў кшталту міністра абароны Сяргея Шайгу альбо прэм'ер-міністра Міхаіла Мішусціна. Гэта азначае, што Пушылін для Лукашэнкі больш, чым губернатар?
Але для чаго ў Мінск завітаў кіраўнік сепаратысцкага ўтварэння, невядома. Не сапраўды ж размаўляць пра аднаўленне Данбаса і пра нейкую гліну. Цікава, што раней Лукашэнка ездзіў у ААЭ, Іран, Зімбабвэ, Кітай… У тыя краіны, якія доўгі час (як і так званая «ДНР») знаходзяцца пад ціскам эканамічных санкцый ці маюць значныя эканамічныя праблемы з-за «своеасаблівага» падыходу да дэмакратычных каштоўнасцей.
Ну і візіт Пушыліна, канешне, у рэчышчы гэтага семінара.
А можа быць, варта паглядзець на тое, куды выправіўся Пушылін пасля Лукашэнкі. У той жа дзень ён паехаў у Маскву лабіраваць ініцыятыву Дзярждумы РФ аб свабоднай эканамічнай зоне ў чатырох так званых «новых рэгіёнах». Згодна з законапраектам, свабодная эканамічная зона будзе створана 1 студзеня 2024 года і праіснуе мінімум да 2050 года. Асноўная перавага СЭВ — льготы на выплату падаткаў для інвестараў. Прадпрымальнікі на працягу 10 гадоў змогуць пазбягаць выплаты федэральнага падатку, а таксама на працягу 3 гадоў не плаціць зямельны падатак. Больш за тое, тарыфы па страхавых узносах зніжаны са звыклых 30% да 7,6%.
«Нам трэба як мага хутчэй і ў рэжыме падвышаных рызык прыцягнуць інвестыцыі, каб Данбас вярнуўся да свайго натуральнага стану, калі ён забяспечвае і сябе, і дапамагае іншым рэгіёнам», — заявіў Пушылін.
Безумоўна, «беларускія інвестыцыі» таксама ў «рэжыме падвышаных рызык», варта толькі ўзгадаць, як нашы ўлады абышліся з Венесуэлай альбо з расійскімі трымальнікамі беларускіх еўрааблігацый. Да таго ж, у той час, калі ў ДНР ідуць зацятыя баі за той жа Бахмут (а гэта, на хвіліначку, Данецкая вобласць), там вельмі лёгка «пілаваць» расійскі бюджэт на «ўзнаўленне» тэрыторый. Сёння нібыта ўзнавілі, заўтра, нібыта, «злобныя ўкропы» ўсё ўзарвалі, а грошыкі — у кішэні.
Праўда, у Расіі гэтыя грошыкі цяжка «вывесці на картку», таму што VISA і Mastercard не працуюць. Таму Пушылін, імаверна, не толькі абмяркоўваў з Лукашэнкам яго ўдзел у схематозе «Свабодная эканамічная зона Данецк», але і зрабіў сабе міжнародную картку беларускага банка, як гэта папулярна ў расіян.
Ну і, канешне, бакі, напэўна, абгаворвалі пастаўкі ў «ДНР» зброі. Хутчэй за ўсё, звычайных аўтаматаў і патронаў, якіх у РБ з савецкіх часоў засталося «заваліся», а яна патрэбная «апалчэнцам ДНР». Бо бачылі мы ў часы расійскай мабілізацыі, якую іржу выдаюць «мобікам» пад выглядам аўтаматаў. Калі ў расійскага войска не хапае зброі на сваіх «жаўнераў», дык як ім клапаціцца пра «ДНР». Вось і шукае Пушылін варыянты.
А грошы патрэбныя. Напрыклад, беларускі МАРГ з моманту «жэстачайшэй забароны» на павышэнне цэн 242 разы ўзгадніў тое самае павышэнне цэн. Прычым, зыходзячы са слоў міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксея Багданава, ніводная просьба пра павышэнне цаны не засталася незадаволенай. Прычын для адмовы павышаць цэны, па яго словах, няма, таму што «інфляцыя знаходзіцца ў прагнозных межах».
А як у нас лічыцца інфляцыя — усе мы самі ведаем.
Дый «сацыяльна арыентаваная дзяржава» не зусім памерла. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны назвала памер сярэдняй пенсіі пасля павышэння з 1 траўня. Згодна з паведамленнем, сярэдні памер пенсіі па ўзросце непрацуючага пенсіянера ў траўні 2023 года складзе 705 рублёў і павялічыцца на 21 працэнт у адносінах да траўня 2022 года. Пры гэтым у ведамстве падкрэслілі, што памер павелічэння пенсіі для кожнага пенсіянера будзе свой, у залежнасці ад працягласці стажу, заробку і іншых параметраў, якія ўплываюць на памер пенсіі.
І гэта таксама пытанне да таго, як у нас вядуць разлікі. Бо 21 працэнт, напісаны Мінпрацай, падаецца, багата. А 34 рублі, падаецца, ужо багата не так.
Ну і як тут не ўлезці ў схемы з Пушыліным?