Мошэс: Усе спробы запусціць перазагрузку адносін з Захадам на сёння бескарысныя
Дырэктар даследчай праграмы па ўсходнім суседстве ЕС і па Расіі Фінскага інстытута міжнародных адносін Аркадзь Мошэс разважае наконт таго, ці мажлівы цяпер дыялог паміж рэжымам і Захадам. На яго думку, такія спробы цяпер абсалютна бескарысныя і бесперспектыўныя.
— З фармальнага пункту гледжання перамовы паміж Мінскам і Захадам магчымыя. Больш за тое, ёсць даволі сур'ёзныя публічныя кантакты з Будапештам. Ёсць і іншая інфармацыя, што заходнікі вядуць перамовы з Мінскам. Гэта значыць яны, вядома, магчымыя, іншая справа, наколькі карысныя, — разважае эксперт у эфіры «Е*рарадыё».
Мне здаецца, што яны абсалютна бескарысныя і бесперспектыўныя. Тут дзве прычыны.
Другая прычына: у адрозненне ад папярэдніх спроб перазагрузіць адносіны сёння Лукашэнка знаходзіцца ў такой залежнасці ад Масквы, што яна не дазволіць яму нічога такога зрабіць. Яна, уласна, і раней дазваляла толькі таму, што ўсе кантакты з Лукашэнкам зводзіліся да таго, што ён сам называў «гаварыльняй» — грошай яму не давалі ў сілу таго, што яму ніхто не верыў і ён нікому не верыў.
Выключэннем быў толькі перыяд 2008-2010 гадоў, але сёння ніякай такой магчымасці няма. Таму сёння ўсе гэтыя размовы на карысць бедных, падсумоўвае Мошэс.
— Мінскаму рэжыму яны могуць нешта даць у плане змякчэння нейкіх канкрэтных эканамічных санкцый, якія і так недастаткова сур'ёзныя. Захаду яны нічога даць не могуць, таму, думаю, усе спробы сур'ёзна запусціць перазагрузку рэжыму Лукашэнкі на сёння бескарысныя.
Нядаўна ў Мінск з візітам прыязджаў кіраўнік «ДНР» Дзяніс Пушылін і сустрэўся з Лукашэнкам. Мошэс лічыць, што сустрэча Лукашэнкі і Пушыліна не крытычная, калі казаць пра страту беларускага суверэнітэту.
— У параўнанні з тым, што адбылося ў Беларусі ў лютым 2022 года, гэта сустрэча ўжо нічога не вырашае. Увод расійскіх войскаў як бы для вучэнняў і тое, што яны засталіся ў абыход любых прававых нормаў — пасля гэтага казаць пра суверэнітэт Беларусі не даводзіцца.
Але Лукашэнка як увасабленне рэжыму адносна Масквы ў гэтых аспектах не суверэнны. Яму, напэўна, нават часам забываюць сказаць, што можа адбыцца на тэрыторыі яго краіны. Можа, толькі потым Шайгу прыязджае і тлумачыць, — заключае Аркадзь Мошэс.