Еўрапейскія лідары абмяркоўваюць гарантыі бяспекі для Украіны ў варыянце «лёгкага NATO»

Вайна ва Украіне яшчэ трывае, але ўсе ўжо рыхтуюцца да яе завяршэння, абмяркоўваючы тое, якія гарантыі ад новага нападу можа атрымаць Кіеў. Аднак некаторыя глядзяць на сітуацыю больш цвяроза, і па іх меркаванні Пуцін выйграў час, але насамрэч спыняць вайну не збіраецца. Ідуць 1275-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

531320542_1117285893917821_6423258285019278283_n.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне адбылося 167 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 21 жніўня.

На Пакроўскім кірунку адбылося 53 боесутыкненні ў раёнах Уладзіміраўкі, Кучарава Яру, Новаэканамічнага, Міралюбаўкі, Лісоўкі, Зверава, Котліна, Удалага, Арэхавага і іншых.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 33 разы каля Карпаўкі, Рэдкадубу, Студні, Мірнага, Торскага і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны спынілі 28 атак расіян у раёнах Талстога, Шаўчэнка, Свабоднага Поля, Воскресенкі, Зялёнага Поля і іншых.

На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 11 атак у раёнах Тарэцка, Яблонаўкі, Шчарбінаўкі і іншых.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку УСУ адбілі 9 атак у раёнах Валчанску, Амбарнага, Фіголеўкі і нішых.

* * *

Узброеныя сілы Расіі працягнулі сваё прасоўванне паблізу некалькіх населеных пунктаў Данецкай вобласці, паведамляюць аналітыкі DeepState. Паказана, што расійскія сілы прасунуліся каля пяці вёсак Данецкай вобласці: Торскага, Філіі, Запарожскага, Маліеўкі і Вольнага Поля.

* * *

Расія ўначы на 21 жніўня здзейсніла маштабны камбінаваны ўдар па Украіне, ужыўшы 614 сродкаў паветранага нападу:

  • 574 ударных БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікаў іншых тыпаў;
  • 4 аэрабалістычныя ракеты Х-47М2 Кінжал;
  • 2 балістычныя ракеты Іскандэр-М/KN-23;
  • 19 крылатых ракет Х-101;
  • 14 крылатых ракет Калібр;
  • 1 ракета неўстаноўленага тыпу (меркавана, ракета Цыркон).

Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 577 паветраных мэтаў:

  • 546 БПЛА тыпу Shahed і дронаў іншых тыпаў;
  • 1 аэрабалістычная ракета Х-47М2 Кінжал;
  • 18 крылатых ракет Х-101;
  • 12 крылатых ракет Калібр.

У горадзе Львоў зафіксавана трапленне на вуліцы Алены Сцепаніўны. Паводле папярэдніх звестак адзін чалавек загінуў і яшчэ два пацярпелі.

12 чалавек пацярпелі ў выніку расійскага ўдару па горадзе Мукачава Закарпацкай вобласці ўначы 21 жніўня.

Расійскія войскі ўначы двойчы ўдарылі па Запарожжы, у выніку атакі былі пашкоджаныя аб'екты прамысловай інфраструктуры і жылыя дамы. Інфармацыі пра пацярпелых няма.

У Днепрапятроўскай вобласці гэтай ноччу адбыўся маштабны пажар, выкліканы расійскімі дронамі. Паводле папярэдняй інфармацыі, гарыць газавая падстанцыя.

Гэтай ноччу апаўночы ў Кіеве прагучалі выбухі: горад атакавалі расійскія ўдарныя дроны. Паўторныя выбухі прагрымелі амаль у чатыры гадзіны раніцы. Па паведамленнях уладаў, працавалі сілы СПА. Пра наступствы пакуль не паведамляецца.

Растоўскую вобласць у чарговы раз атакавалі дроны. У Навашахцінску паведамляюць пра пажар на нафтаперапрацоўчым заводзе пасля верагоднай атакі беспілотнікаў.

* * *

536382970_1120025110310566_74659490620022467_n.jpg

* * *

Нідэрланды перакідваюць у Польшчу два ЗРК Patriot і каля 300 вайскоўцаў для аховы лагістычнага цэнтра NATO Security Assistance and Training for Ukraine (NSATU). Пра гэта заявіў міністр абароны Нідэрландаў Рубен Брэкелманс, паведамляе Міністэрства абароны Нідэрландаў.

Гаворка ідзе пра інтэграваную батарэю з трох кампанентаў: двух Patriot, сістэмы СПА NASAMS і сродкаў процідзеяння дронам. Разам з партнёрамі Нідэрланды забяспечаць эшаланаваную паветраную абарону ад магчымых пагроз балістычнымі і крылатымі ракетамі, а таксама ад самалётаў, верталётаў і беспілотнікаў.

Разгорнутая паветраная абарона дазволіць бяспечна выконваць лагістычныя аперацыі і гарантаваць, што перададзенае саюзнікамі ўзбраенне дойдзе да месца прызначэння.

* * *

Украіна актывізуе працу над новымі гарантыямі бяспекі, улічваючы гістарычныя памылкі, такія як «Будапешцкі мемарандум», паведаміў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак.

Ярмак адзначыў, што Украіна сумесна з міжнароднымі партнёрамі ўжо працуе над ваенным складнікам гарантый бяспекі. Асноўнай мэтай з'яўляецца стварэнне эфектыўнага механізму, які выключыць паўтарэнне агрэсіі з боку Расіі і забяспечыць канкрэтныя дзеянні ў выпадку зацягвання вайны або зрыву перамоваў.

«Украіна гатовая да любога фармату размовы аб сумленным завяршэнні вайны, і мы ўдзячныя прэзідэнту Трампу, усім у Амерыцы, усім у Еўропе за падтрымку. Адпаведныя крокі павінны зрабіць расійцы, або — адчуць дадатковы сапраўды балючы ціск свету», — заявіў Ярмак.

* * *

Прэм'ер-міністарка Італіі Джорджыя Мэлані прапанавала еўрапейскім лідарам план надання гарантый бяспекі Украіне ў фармаце калектыўнай дапамогі, які не прадугледжвае сяброўства ў NATO, піша Bloomberg.

Еўрапейскія лідары абмяркоўваюць гарантыі бяспекі для Украіны, якія абавяжуць саюзнікаў Кіева на працягу 24 гадзін вырашыць, ці аказваць краіне ваенную падтрымку, калі на яе зноў нападзе Расія. Па словах крыніц агенцтва, Мэлані прасоўвае прапанову, раўназначную калектыўным гарантыям у духу NATO, але без сапраўднага сяброўства ў Альянсе.

Варыянт «лёгкага NATO» прадугледжвае, што хаўруснікі змогуць даць Кіеву хуткую і працяглую абаронную падтрымку, эканамічную дапамогу, а таксама ўвесці санкцыі супраць Расіі. Аднак незразумела, ці маюць на ўвазе такія планы адпраўку еўрапейскімі краінамі сваіх вайскоўцаў ва Украіну.

Як адзначылі суразмоўцы Bloomberg, дыскусіі працягваюцца, і змест прапаноў можа змяніцца.

* * *

Еўрапейскія краіны хочуць, каб прэзідэнт ЗША Дональд Трамп разгарнуў амерыканскія знішчальнікі ў Румыніі ў рамках гарантый бяспекі ЗША для Украіны, піша The Times.

Высокапастаўленыя еўрапейскія вайсковыя кіраўнікі абмяркоўваюць разгортванне амерыканскіх знішчальнікаў F-35 у Румыніі, дзе NATO будуе сваю найбуйнейшую авіябазу ў Еўропе, каб стрымаць паўторнае ўварванне Расіі. Гэтае пытанне ўздымалася на сустрэчы генерала Дэна Кейна, кіраўніка Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША, з ваеннымі прадстаўнікамі з Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Фінляндыі і Італіі для абмеркавання гарантый бяспекі ЗША.

Акрамя амерыканскіх знішчальнікаў, якія базуюцца ў Румыніі, еўрапейскія краіны хочуць гарантый далейшага выкарыстання амерыканскіх спадарожнікаў для GPS і выведкі ва Украіне, каб ЗША абавязаліся пастаўляць Украіне ракеты СПА Patriot і Nasams, і дазволу на палёты самалётаў-выведнікаў над Чорным морам.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп дэлегаваў дзяржсакратару ЗША Марка Рубіё перамовы з еўрапейскімі лідарамі па гарантыях бяспекі для Украіны. Сустрэча з дарадцамі нацбяспекі хаўруснікаў запланаваная на 21 жніўня, піша The New York Times.

Выданне адзначае, што Трамп дэлегаваў Рубіё асабліва складаную задачу: «Гэта, мабыць, самая вялікая роля, якую ўзяў на сябе Рубіё». Гэтая задача запатрабуе ад дзяржсакратара ЗША збалансаваць патрабаванні Трампа, што амерыканскія войскі не будуць размешчаны ва Украіне, і неабходнасць запэўніць Уладзіміра Зяленскага, што ЗША будуць яго падтрымліваць, калі кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін парушыць мірнае пагадненне.

Рубіё тамксама трэба будзе пераканаць еўрапейцаў, што «непастаянны Трамп будзе прытрымлівацца свайго абавязацельства дапамагчы абараняць Украіну, не робячы гэтага пад сцягам NATO», адзначае выданне.

* * *

Уладзімір Пуцін пераацаніў свае магчымасці, спрабуючы схіліць ЗША да свайго пункту гледжання на канфлікт, піша The Washington Post.

На думку журналістаў, Пуцін выйграў час і прадухіліў санкцыі пасля таго, як у пятніцу пераканаў Трампа адмовіцца ад ціску з мэтай спынення агню і замест гэтага дамагацца ад Расіі ўсёабдымнага мірнага пагаднення, перамовы па якім могуць доўжыцца гады, што дазволіць Расіі працягваць вайну, не рызыкуючы атрымаць новыя жорсткія санкцыі ЗША.

Аднак сяброўская сустрэча Трампа ў Белым доме з Уладзімірам Зяленскім і еўрапейцамі, якая рушыла за гэтым, паказала, наколькі небяспечна для Пуціна сутыкнуцца з рашучай еўрапейскай падтрымкай барацьбы Украіны за захаванне незалежнасці з моцнай арміяй. Белы дом цяпер чакае хуткага саміту паміж Пуціным і Зяленскім, і гэта зноў пераклала на Пуціна адказнасць за наступны крок у мірным працэсе.

Расія ж пасылае зусім іншыя сігналы ў дынаміцы. Расійская пазіцыя палягае ў тым, што сустрэча можа адбыцца толькі пасля таго, як будуць выпрацаваныя ўмовы пагаднення, што для Расіі азначае капітуляцыю Украіны, тлумачыць WP.