Дональд Трамп пачаў падрыхтоўку саміту для сустрэчы Уладзіміра Пуціна і Уладзіміра Зяленскага

Прэзідэнт ЗША хоча, каб гэтая сустрэча прайшла як мага хутчэй. Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц кажа, што перамовы плануюцца напрацягу бліжэйшых двух тыдняў. Reuters піша, што сустрэча Зяленскага і Пуціна можа прайсці ў Венгрыі. Тым часам Украіну па-ранейшаму атакуюць рускія войскі і дроны. Ідуць 1273-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Калаж з overclockers.ru

Калаж з overclockers.ru

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 186 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 19 жніўня.

Траціна штурмаў па-ранейшаму прыпадае на Пакроўскі кірунак — там абаронцы Украіны спынілі 67 атак расіян у раёнах Дарожнага, Фёдараўкі, Маяку, Радзінскага, Чырвонага Ліману, Пакроўска, Зверава, Котліна, Удалага, Чунышына, Уладзіміраўкі, Дачнага, і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку расійцы 29 разоў атакавалі ў раёнах Зоркі, Свабоднага Поля, Васкрасенкі, Шаўчэнка, Наваполю, Зялёнага Поля, Маліеўкі, Шаўчэнка і іншых.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 26 разоў ля Рэдкадубу, Грэкаўкі, Дубровы, Карпаўкі, Мірнага і іншых.

На Паўднёва-Слабажанскім і Купянскім кірунках за суткі адбылося па 10 атак расійцаў на кожным.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) і Прыдняпроўскім кірунках адбылося па сем боесутыкненняў на кожным.

* * *

У ноч на 19 жніўня Расія атакавала Украіну 280-цю сродкамі паветранага нападу:

  • 270 ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў;
  • 5 балістычнымі ракетамі Іскандэр-М;
  • 5 крыламі ракетамі Х-101.

Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 236 паветраных мэтаў:

  • 230 БПЛА;
  • 2 балістычныя ракеты Іскандэр-М;
  • 4 крылатыя ракеты Х-101.

Войскі РФ раніцай 19 жніўня атакавалі Чарнігаўскую вобласць ударнымі беспілотнікамі. Трапленні па інфраструктуры выклікалі перабоі з электрычнасцю ў некалькіх населеных пунктах.

Уначчы 19 жніўня атакавалі Днепрапятроўскую вобласць. Знішчаны цяпліца і гаспадарчы будынак, пашкоджаны жылыя дамы, аўто і навучальная ўстанова. Ёсць пацярпелы.

Расейскія войскі нанеслі масіраваны ўдар па Палтаўскай вобласці — ёсць трапленні і падзенне абломкаў у 2 раёнах. У Крэменчуге пацярпелі адміністрацыйныя будынкі мясцовых прадпрыемстваў энергетычнага сектара больш за 1,5 тысячы абанентаў засталіся без святла. Абышлося без пацярпелых.

Увечары 18 жніўня расійскія войскі ажыццявілі ракетны абстрэл Славянска ў Данецкай вобласці. Зафіксавана трапленне двух ракет Іскандэр-М у прамысловую зону мікрараёна Лясны.Пацярпела адна грамадзянская жанчына, яна знаходзіцца ў бальніцы, лекары ацэньваюць яе стан як сярэдняй цяжкасці.

У расійскім Валгаградзе пасля атакі БПЛА ў ноч на аўторак, 19 жніўня, адбыўся пажар на мясцовым нафтаперапрацоўчым заводзе. Гэта пацвердзіў губернатар Андрэй Бачароў. 

* * *

532672109_1118448593801551_1341449129185243031_n.jpg

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пачаў падрыхтоўку саміту з удзелам украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна, напісаў Трамп у Truth Social.

Як сказаў Трамп, у яго прайшлі «плённыя сустрэчы» з Зяленскім, прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам, канцлерам Германіі Фрыдрыхам Мерцам, прэм'ерам Брытаніі Кірам Стармерам і іншымі лідарамі. На перамовах абмяркоўвалі гарантыі бяспекі для Украіны, якія дадуць еўрапейскія краіны пры каардынацыі з ЗША. Паводле яго слоў, «усё вельмі радыя» магчымасці дасягнення міру.

«Пасля сустрэч я патэлефанаваў Пуціну і пачаў падрыхтоўку да сустрэчы Пуціна і Зяленскага ў месцы, якое будзе вызначанае пазней, — паміж прэзідэнтамі Пуціным і Зяленскім», — паведаміў прэзідэнт ЗША.

Пасля гэтай сустрэчы, адзначыў прэзідэнт ЗША, павінен прайсці трохбаковы саміт, у якім возьмуць удзел Зяленскі, Пуцін і сам Трамп.

«Гэта быў вельмі добры, першы крок у вайне, якая доўжыцца ўжо амаль чатыры гады», — сказаў ён і дадаў, што сітуацыю каардынуюць віцэ-прэзідэнт Джэй дзі Вэнс, дзяржсакратар Марка Рубіё і спецпасланнік Стыў Уіткаф.

* * *

Па выніках перамоў у Вашынгтоне па міру ва Украіне прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пацвердзіў, што праходзіць падрыхтоўка спачатку да яго сустрэчы з кіраўніком Расіі Уладзімірам Пуціным, а пасля — трохбаковай сустрэчы з удзелам прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

«Прэзідэнт Злучаных Штатаў падтрымаў трохбаковую сустрэчу на ўзроўні лідараў Украіна-Амерыка-Расія. Злучаныя Штаты прапануюць правесці яе як мага хутчэй. Але для гэтага трэба ўзгадненне ўсіх бакоў», — паведаміў Зяленскі на брыфінгу.

«Расія прапанавала спачатку двухбаковую сустрэчу, а затым — трохбаковую... Мы гатовыя да любых фарматаў на ўзроўні лідараў, таму што толькі на ўзроўні лідараў мы можам вырашыць усе складаныя балючыя пытанні... Я пацвердзіў і мяне падтрымалі ўсе еўрапейскія лідары, што мы гатовыя да двухбаковай сустрэчы з Пуціным. І пасля гэтага разлічваем на трохбаковую сустрэчу. Пытанне будзе: як пройдзе двухбаковая сустрэча», — сказаў Зяленскі.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на брыфінгу ў Вашынгтоне даў зразумець, што «пытанне тэрыторый» будзе абмяркоўваць з кіраўніком Крамля Уладзімірам Пуціным.

Зяленскі адзначыў, што «трохі спрачаўся» з адсоткам акупаваных тэрыторый, які быў адлюстраваны на карце, прадстаўленай амерыканцамі на сустрэчы ў Белым доме. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы паўтарыў, што ў яго не было спрэчак з Трампам, а была «добрая цёплая прадметная размова». Па словах Зяленскага, ён патлумачыў, калі і як былі акупаваныя тыя ці іншыя часткі тэрыторыі Украіны, у прыватнасці частка Усходу і Крым у 2014 годзе.

Зяленскі наўпрост не адказаў адносна пазіцыі ЗША, ці будуць яны настойваць на абмене тэрыторыямі і ці ёсць ва ўкраінскага боку формула, па якой вызначана «прымальнасць» прызнання пэўных акупаваных тэрыторый за Расіяй. «Пытанне тэрыторый мы пакінем паміж мной і Пуціным», — сказаў прэзідэнт Украіны, не ўдаючыся ў дэталі.

* * *

Financial Times азнаёмілася з дакументам, які змяшчае пазіцыю Украіны на патэнцыйных перамовах з РФ. «Згодна з дакументам, Украіна не прыме ніякага пагаднення, якое ўключае тэрытарыяльныя саступкі Расіі, і настойвае на спыненні агню як першым кроку да поўнага мірнага пагаднення», —піша выданне.

Кіеў адхіляе і прапанову Пуціна, якую ён зрабіў Трампу на Алясцы: замарозіць астатнюю частку лініі фронту, калі Украіна выведзе войскі з часткова акупаваных усходніх рэгіёнаў Данецкай і Луганскай абласцей. Гэта стварыла б «плацдарм для далейшага і хуткага прасоўвання расійскіх войскаў да горада Днепр» і дазволіла б Пуціну «дасягнуць мэтаў агрэсіі іншымі сродкамі», гаворыцца ў артыкуле.

Украіна лічыць, што спроба Расіі вырашыць тэрытарыяльныя пытанні да перамоваў аб доўгатэрміновым мірным пагадненні створыць «факт, які адбыўся на месцах, не робячы пры гэтым нічога для забеспячэння будучай бяспекі Кіева».

Кіеў таксама настойвае на атрыманні ад Масквы поўнай кампенсацыі за шкоду, нанесеную ў ваенны час, якая можа быць выплачаная за кошт замарожаных расійскіх актываў на суму 300 мільярдаў долараў. У дакуменце таксама дадаецца, што любыя паслабленні санкцый павінны быць прадастаўлены толькі пры ўмове захавання Расіяй будучага мірнага пагаднення і «сумленнай гульні».

* * *

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё ў інтэрв'ю для Fox News заявіў, што Украіна і Расія будуць вымушаныя пайсці на саступкі, каб заключыць мірную ўгоду. Паводле яго, ніводны бок не будзе задаволены на 100%.

Рубіё падкрэсліў, што ў любых перамовах, накіраваных на завяршэнне вайны або любога канфлікту, абодва бакі павінны не толькі атрымліваць, але і даваць. «Па сутнасці, адзін бок не атрымае тут 100%. Кожным боку прыйдзецца пайсці на пэўныя саступкі», — заявіў ён.

І хоць гэта «няпроста» і магчыма «несправядліва», дзяржсакратар ЗША дадаў, што толькі так можна пакласці канец вайне.

«Адзіныя войны, якія не сканчаюцца такім чынам, гэта тыя, што прадугледжваюць безумоўную капітуляцыю аднаго або іншага боку, і мы не ўбачым гэтага ў гэтым канфлікце», — адзначыў Рубіё.

* * *

Reuters са спасылкай на высокапастаўленага чыноўніка адміністрацыі ЗША паведамляе, што сустрэча Зяленскага і Пуціна можа прайсці ў Венгрыі. Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц адзначыў, што перамовы двух прэзідэнтаў плануюцца на працягу бліжэйшых двух тыдняў.