Жывая традыцыя: да 110-годдзя газеты «Наша Ніва»
Нягледзячы на перапынкі,традыцыя выдання «Нашай Нівы» існуе ўжо 110 гадоў. Для беларускай прэсы гэта сама па сабе ўнікальная з’ява, памножаная тым, што выданне ніколі не было пад кантролем таталітарных сіл.
З’яўленне такой газеты, як «Наша Ніва», сведчыла пра дасягнуты ўзровень развіцця беларускага грамадства і стала магчымым дзякуючы лібералізацыі. У 1905 годзе ўрад Расійскай імперыі вымушаны быў змякчыць сваю цэнзурную палітыку, а таксама стаўленне да нацыянальных меншасцяў. Вільня, былая сталіца Вялікага Княства Літоўскага, зноў стала цэнтрам шматнацыянальнага культурнага жыцця. 10 (23) лістапада 1906 года тут выйшаў першы нумар тыднёвіка «Наша Ніва», і гэтым самым была запачаткаваная цэлая эпоха ў развіцці не толькі беларускай культуры, але і грамадства.
«Наша Ніва» пераўтварылася ў цэнтр масавай грамадскай інфармацыі, дала пачатак сапраўднаму рэнесансу інтэлектуальнага жыцця, інспіравала творчасць цэлай плеяды пісьменнікаў, творы якіх сталі класікай беларускай літаратуры ХХ стагоддзя — Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна...
У рэдакцыі газеты працавалі найбольш выдатныя беларускія літаратары, публіцысты і палітычныя дзеячы. Першым выдаўцом і рэдактарам быў Жыгімонт Вольскі, у далейшым — Аляксандр Уласаў. Вялікую арганізацыйную работу па выданні газеты вёў Іван Луцкевіч, стваральнік славутага віленскага Беларускага музея. З 1909 года сакратаром газеты, а ў 1912–1913 гадах фактычна яе рэдактарам быў Вацлаў Ластоўскі. Тут працаваў і Якуб Колас. У лютым 1914 годзе рэдактарам «Нашай Нівы» стаў Янка Купала, які кіраваў газетай да восені 1915-га — да канца першага этапу выхаду газеты.
Публіцыстыка «Нашай Нівы» вызначалася высокім аналітычным узроўнем і заўжды абапіралася на сур’ёзны статыстычны матэрыял, як, напрыклад, гэта тычылася аналізу сацыяльна-эканамічнага стану гарадоў Літвы і Беларусі (нізка артыкулаў на гэтую тэму распачалася з матэрыялу пра Вільню).
Але ж і ў той першы перыяд свайго існавання «Наша Ніва» спазнала ціск цэнзуры. За арганізаваную ў 1907 годзе дыскусію па аграрным пытанні, у тым ліку за артыкул «Зямельная справа ў Новай Зеландыі», супраць рэдактара Аляксандра Уласава быў распачаты судовы пераслед. Некалькі разоў наклад газеты канфіскоўваўся, рэдакцыя плаціла штрафы.
Тым не менш «Наша Ніва» паспяхова выконвала функцыі газеты, не ў апошнюю чаргу дзякуючы больш чым 3 тысячам сталых і часовых карэспандэнтаў, якія дасылалі інфармацыю і свае матэрыялы ў рэдакцыю. Такая шырокая сетка карэспандэнтаў з'яўляецца адным з феноменаў выдання. Як адзначалі сучаснікі, для многіх людзей «Наша Ніва» была першай прачытанай імі газетай і першай крыніцай інфармацыі, якая не несла казённай адзнакі.
Гісторыя «Нашай Нівы» — яркая старонка ў гісторыі Вільні. Выданне выходзіла ў друкарні Марціна Кухты, прадавалася ў першай літоўскай кнігарні Юргіса Шляпяліса, рэгулярна змяшчала рэкламу літоўскіх перыёдыкаў. З рэдакцыяй сябравалі вядомыя літоўскія дзеячы пачатку ХХ стагоддзя: Ёнас Вілейшыс, Юргіс Шаўліс і Сцяпонас Кайрыс (муж паэткі Алаізы Пашкевіч). Жонка Вацлава Ластоўскага, вядомая літоўская пісьменніца Лаздзіну Пяледа разам з мужам жыла ў самой рэдакцыі, дзе ў іх гасцявала і яе сястра. Частымі гасцямі «Нашай Нівы» былі паэт, драматург і перакладчык Людас Гіра, мастак Антанас Жмуйдзінавічус, многія іншыя прадстаўнікі літоўскай інтэлігенцыі.
«Наша Ніва» стала творчай літаратурнай лабараторыяй. Паэтычная і празаічная творчасць аўтараў характарызавалася то строгім рэалізмам, то нацыянальным рамантызмам, але заўжды вызначалася дэмакратычнай скіраванасцю. Культурная адкрытасць «Нашай Нівы» выявілася таксама ў тым, што ад пачатку, пакуль дазвалялі сродкі, газета друкавалася двума шрыфтамі — кірыліцай і лацінкай (так было да кастрычніка 1912 года).
Сам кшталт сучаснай беларускай
літаратурнай мовы, асноўныя правапісныя і граматычныя нормы, словаўтваральныя
тыпы былі выпрацаваныя, дзякуючы функцыянаванню выдання і жывой моўнай практыкі
на ягоных старонках. Прыход у літаратуру і журналістыку вялікай колькасці
аўтараў з розных куткоў Беларусі дазволіў замацаваць як норму найбольш
пашыраныя моўныя з’явы.
Артыкулы прасоўвалі погляд, што мова — нацыянальнае багацце беларусаў, народны скарб, у якім сабрана і захавана тое, што ўздымае чалавека на найвышэйшую ступень культуры. У далейшым гэтая мова альбо ўдасканальвалася, альбо наўмысна дэфармавалася, як тое было ў Савецкім Саюзе ў 1930-х гадах.
Але «Наша Ніва» была не толькі газетаю. Вакол рэдакцыі ўзнік цэлы шэраг аўтаномных культурных і сацыяльных праектаў. «Наша Ніва» пераўтварылася ў кніжнае выдавецтва ды выконвала функцыю каардынацыйнага выдавецкага цэнтру.
Асабліва папулярнымі былі «Беларускія календары» — альманахі, у якіх чытачы знаходзілі не толькі звычайныя даведачныя звесткі, але і літаратурныя творы. Выдавецтва выпускала таксама асобныя кніжкі, арыгінальныя і перакладныя. У 1912-м у Вільні пачаў выходзіць сатырычны часопіс «Крапіва», а сельскагаспадарчы аддзел «Нашай Нівы» перарос у самастойны часопіс «Саха», які з канца 1913-га выдаваўся ў Мінску.
Іван Луцкевіч пачаў пры рэдакцыі збор калекцыі для будучага беларускага нацыянальнага музея. Супрацоўнікі газеты дапамагалі станаўленню Першай беларускай тэатральнай трупы Ігната Буйніцкага. Шмат увагі надавалася папулярызацыі прыродазнаўчых, эканамічных, прававых і аграрных ведаў. Маштаб здзейсненага і зададзеныя імпульсы дазволілі гісторыкам і культуролагам акрэсліць перыяд развіцця беларускай культуры пачатку ХХ стагоддзя як «нашаніўскі», маючы на ўвазе якасныя і колькасныя змены ў станаўленні сучаснай культуры і грамадства.
Выхад «Нашай Нівы» перапыніла Першая сусветная вайна. 7 жніўня 1915 года за подпісам Янкі Купалы выйшаў апошні нумар штотыднёвіка.
Спроба аднаўлення газеты была здзейсненая ў 1920 годзе таксама ў Вільні: 28 кастрычніка тут выйшаў першы нумар грамадска-палітычнага і літаратурнага штотыднёвіка «Наша Ніва». Рэдагаваў газету Антон Луцкевіч, а ад трэцяга нумара — Знамяроўскі. У цэнтры ўвагі выдання былі падзеі вакол так званай Сярэдняй Літвы — буфернай дзяржавы паміж Польшчай, Літвой і Савецкай Расіяй. Гэтае дзяржаўнае ўтварэнне на тэрыторыі Віленскага краю знаходзілася пад польскім кантролем, і для аўтараў выдання лёс Віленшчыны сігналізаваў пра падрыхтоўку падзелу тэрыторыі Беларусі паміж Расіяй і Польшчай. У снежні 1920-га «Наша Ніва» была забаронена польскай вайсковай цэнзурай.
Пад нацысцкай акупацыяй і савецкім кантролем, нават тэарэтычна тэма аднаўлення выдання «Нашай Нівы» не магла ўзнікнуць.
Нацыянальнае абуджэнне ў Літве і Беларусі зрабілі магчымымі рэалізацыю самых смелых праектаў. Ад мая 1991 года ў Вільні «Наша Ніва» зноў пачала выходзіць, гэтым разам пад рэдакцыяй Сяргея Дубаўца.
Газета заняла абсалютна арыгінальнае месца сярод іншых беларускіх перыёдыкаў. Выданне запачаткавала вельмі шырокую канцэпцыю культурнага дыялогу, практыку пазбаўлення ад нацыянальных комплексаў. Таму на старонках «Нашай Нівы» значнае месца занялі дыскусіі на ўніверсальныя тэмы, а таксама з’явілася вялікая колькасць перакладаў. Узнавілася традыцыя выкарыстання беларускай лацінкі. У цэнтры ўвагі апынулася таксама сінтэтычная культура Вільні як спадчыны Вялікага Княства Літоўскага і мадэль узаемаадносінаў народаў рэгіёну.
У выніку палітычных і сацыяльных змен у Беларусі стала актуальнай праблема паўнавартасных медыяў. Таму ў 1996 годзе было прынята рашэнне пра перанос рэдакцыі ў Мінск і трансфармацыю «Нашай Нівы» ў выданне грамадска-палітычнага характару, што і адбылося ў 1997-м.
Ад 2000 года газету рэдагуе Андрэй Дынько. Распачаўся перыяд новага эксперымента — у газеце з’явіўся такі жанр, як журналісцкае расследаванне, адначасова павялічылася пэўная скандальнасць, прыцягальнасць для шырэйшай публікі загалоўкаў артыкулаў. Ад заснавання і да 4 снежня 2008 года газета друкавалася «тарашкевіцай». Цяпер жа газета выходзіць афіцыйным правапісам, пераход на які ў свой час спарадзіў актыўныя дыскусіі прыхільнікаў ранейшых культурных мадэляў.
Адзін з самых рашучых крокаў рэдакцыя зрабіла ў разліку на інтэрнэт. Андрэй Дынько ўзяўся курыраваць гэты напрамак, газетнай версіяй працягваў займацца Андрэй Скурко. Ад 1 ліпеня 2016 года газета зноў выходзіць у фармаце штомесячніка, а сайт выдання не дублюе друкаваную версію. Цяпер «Наша Ніва» — гэта ў першую чаргу інтэрнэт-сайт nn.by.
Нягледзячы на перапынкі,традыцыя выдання «Нашай Нівы» існуе ўжо больш за 100 гадоў. Для беларускай прэсы гэта сама па сабе ўнікальная з’ява, памножаная тым, што «Наша Ніва» ніколі не была пад кантролем таталітарных сілаў, гісторыя ўплыву на прэсу якіх такая багатая ў нашай частцы Еўропы. Немагчыма пераацаніць ролю «Нашай Нівы» ў фармаванні беларускай літаратурнай мовы і гуманістыкі. Невыпадкова творчыя набыткі газеты сталі тэмаю манаграфічных і дысертацыйных даследаванняў гісторыкаў, літаратуразнаўцаў, лінгвістаў, культуролагаў, спецыялістаў у галіне масавых камунікацыяў.
Легенду беларускага друку немагчыма ўявіць без віленскіх перыядаў, газета не магла б узнікнуць без творчай атмасферы шматэтнічнай Вільні, дзе зараз памятнымі шыльдамі ўвекавечаныя мясціны, звязаныя з дзейнасцю рэдакцыі ў 1906–1915 гадах. «Наша Ніва» застаецца культурным сімвалам і жывой традыцыяй.
«Новы час» віншуе калег «нашаніўцаў» з 110-годдзем легендарнай газеты!