Полацкая езуіцкая акадэмія: праіснавала восем гадоў, выпусціла знакавых асоб
10 чэрвеня 1812 года была адкрыта Полацкая акадэмія — першая і адзіная вышэйшая навучальная ўстанова на сучаснай тэрыторыі Беларусі ў ХІХ стагоддзі. За сваё нядоўгае існаванне акадэмія дала свету адукаваных і знакавых асоб нашай культуры.
Акадэмія ў старадаўнім Полацку была створаная на базе Полацкага езуіцкага калегіума, гісторыя якога сягае ўглыб стагоддзяў і адлічвае свой шлях з 1580 года. Калі калегіум быў заснаваны ў часы Вялікага Княства Літоўскага, то акадэмічны статус вучэльня атрымала ўжо зусім у іншай палітычнай сістэме, пад скіпетрам Расійскага імператара. Статус змяніўся па загадах самадзержца Аляксандра І ад 12 студзеня і 1 сакавіка 1812 году, калі калегіум атрымаў правы ўніверсітэта.
Заснаванне гэтай вышэйшай навучальнай установы было звязана з ініцыятывай і намаганнямі езуітаў і дыктавалася нежаданнем ордэна падпарадкоўвацца Віленскаму ўніверсітэту па адукацыйных пытаннях і імкненнем праводзіць уласную палітыку ў адносінах да школ ордэна ў Расійскай імперыі. Што праўда, праіснавала акадэмія ў Полацку ўсяго 8 год…
Пачатку дзейнасці перашкодзіў… Напалеон Банапарт!
Урачыстае адкрыццё акадэміі адбылося 10 чэрвеня 1812 года. На ўрачыстасць прыбылі шматлікія вяльможныя і ганаровыя госці — прадстаўнікі як свецкіх, так і духоўных уладаў. Сярод іх у Полацк завітаў мінскі рыма-каталіцкі біскуп Я. Дэдэрка, магілёўскі біскуп-суфраган К. Адынец, уніяцкі арцыбіскуп Красоўскі і шмат хто яшчэ.
Але не лёс было пачацца навучанню ў акадэміі. Неўзабаве Вялікая армія Напалеона ўвайшла ў межы Расійскай імперыі, і з-за пачатку вайны 1812-га заняткаў у тым годзе студэнты і выкладчыкі так і не дачакаліся. Навучэнцы адправіліся дадому, а прафесары, трымаючы нос па ветру і дэманструючы лаяльнасць да расійскіх уладаў, з’ехалі ў глыб Расіі.
Аднавілася ўсё толькі ў студзені 1813 года. Што праўда, з-за малалікасці студэнтаў вучоба пачалася толькі ў сакавіку. Першы нармальны навучальны год стартаваў 2 лістапада 1813 года.
Як адбывалася навучанне
Полацкая акадэмія складалася з трох факультэтаў: лінгвістычнага, дзе выкладаліся мовы і славеснасць. У той час актыўна ўжо прывілася руская мова, распаўсюджвалася польская, але было месца і мовам сусветным, класічным: вывучалася французская, нямецкая, лацінская, грэчаская і старажытнаяўрэйская.
Дзейнічаў у акадэміі таксама факультэта свабодных навук, на якім выкладаліся філасофія, паэзія, фізіка (агульная, прыватная і доследная), хімія, матэматыка чыстая і прыкладная, натуральнае права, рымскае і народнае права, гісторыя ўсеагульная і гісторыя прыродная.
Натуральна, што ў акадэміі, якой апекаваліся езуіты, быў і багаслоўскі факультэт, дзе вывучаліся маральнае багаслоўе, дагматычнае, Свяшчэннае Пісанне, кананічнае права і царкоўная гісторыя.
У акадэміі працавалі кабінеты — натуральнай гісторыі, хімічны, фізічны, мінералагічны, заалагічны; меліся карцінная галерэя і збор архітэктурных мадэляў.
Духоўных асоб, якія навучаліся ў Полацкай акадэміі, цікавіла магчымасць атрымання навуковых ступеняў, што ў будучым забяспечвала лепшыя пасады. Свецкіх студэнтаў, якія выбіралі навучанне ў Полацкай акадэміі, у значнай ступені прываблівалі дабрачынныя ініцыятывы езуітаў. Напрыклад, для дзяцей беднай шляхты ордэн прапаноўваў бясплатнае пражыванне, харчаванне і іншае забеспячэнне, магчымасць дадатковага навучання музыцы.
Каго выпусціла акадэмія
Колькасць студэнтаў у Полацкай акадэміі дасягала 600, а выкладчыкаў — 40.
Полацкая акадэмія актыўна рыхтавала дактароў, магістраў і кандыдатаў навук. З 15 верасня 1814 года па 15 верасня 1819 года, гэта значыць за пяць гадоў, розныя ступені былі прысвоены 123 яе выпускнікам. З іх 17 чалавек сталі дактарамі тэалогіі і кананічнага права; 43 — дактарамі грамадзянскага права; 13 — магістрамі тэалогіі; 10 — магістрамі філасофіі; 2 — магістрамі вольных навук; 5 — кандыдатамі тэалогіі; 27 — кандыдатамі філасофіі; 3 — кандыдатамі юрыспрудэнцыі і 1 атрымаў ступень кандыдата вольных навук.
У XIX стагоддзі Полацкая езуіцкая акадэмія з'яўлялася значным адукацыйным цэнтрам. Атрымала вядомасць процістаянне Полацкай езуіцкай акадэміі і Віленскага ўніверсітэта, кіраўніцтва якога прытрымлівалася ідэалогіі ў духу французскага Асветніцтва.
За кароткі тэрмін існавання акадэмія выпусціла ў свет знакавых асоб нашай культуры. Акадэмію скончыў Ян Баршчэўскі — пісьменнік, які лічыцца адным з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры, Канстанцін Тышкевіч — гісторык, археолаг, краязнавец, адзін з заснавальнікаў беларускай археалогіі.
Друкарня і бібліятэка
У акадэміі была багатая бібліятэка, добра абсталяваныя кабінеты. Багаццем і разнастайнасцю бібліятэкі былі ўражаны многія яе наведвальнікі, у тым ліку і імператар Аляксандр І. На завяршальным этапе існавання (напярэдадні выгнання езуітаў з Расійскай імперыі ў 1820 г.) бібліятэка Полацкага езуіцкага калегіума складалася з Галоўнай бібліятэкі (кнігі на еўрапейскіх і ўсходніх мовах – каля 30 тыс. тамоў), Польскай бібліятэкі (выдзелена з Галоўнай у 1817 г. і налічвала больш 10 тысяч тамоў), Студэнцкай бібліятэкі, бібліятэкі клерыкаў, бібліятэкі акадэмічнай канцылярыі, бібліятэкі крамы, бібліятэкі друкарні, бібліятэкі музычнай бурсы (548 нот розных твораў) і бібліятэкі касцёла, меўся таксама шэраг падручных бібліятэк у вучэбных памяшканнях і на руках у выкладчыкаў. Паводле правіл забаранялася блытаць кнігі паміж гэтымі бібліятэкамі. Ёсць звесткі, што напярэдадні закрыцця акадэміі яе кніжныя калекцыі налічвалі да 120 тысяч тамоў.
Наяўнасць грашовых сродкаў дазваляла езуітам умела стымуляваць навуковую і літаратурную дзейнасць выкладчыкаў і студэнтаў.
Дзейнічала пры акадэміі і друкарня. Тут выдаваліся арыгінальныя і перакладныя творы антычных класікаў навукі і літаратуры Цэзара, Цыцэрона, Тыбула, Вергілія, працы па філасофіі, мастацкія творы свецкай літаратуры. Усяго вядомы 82 полацкія выданні. Друкарня выдавала падручнікі і рэлігійную літаратуру на польскай, лацінскай, рускай, французскай, нямецкай мовах і латгальскім дыялекце латышскай мовы.
У 1818 і 1820 гадах у полацкай друкарні выходзіў «Miesiecznik Polocki» — першы навуковы часопіс на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Выданне вылучалася добрым знешнім і ўнутраным афармленнем. Усяго выдадзена 14 нумароў. Часопіс меў шэсць аддзелаў: літаратура і свабодныя навукі, маральна-філасофскі, фізіка-матэматычны, гісторыя, крытыка, літаратурныя веды.
Выслаць пад наглядам паліцыі: закрыццё акадэміі
Полацкай акадэміі не быў наканаваны доўгі век. 17 жніўня 1814 г. Папа Пій VII абнародаваў брэвэ «Клопат усіх цэркваў» аб легалізацыі Таварыства Ісуса па ўсім свеце і аднаўленні яго ранейшых прывілеяў.
Гэта азначала, што расійскія ўлады страчвалі аднаасобны кантроль за езуітамі, збаяліся трываць на сваёй тэрыторыі ўплывовую каталіцкую арганізацыю. Праваслаўныя іерархі, устрывожаныя поспехамі ордэна і спалоханыя далейшымі перспектывамі яго экспансіі, здолелі пераканаць Аляксандра І у неабходнасці прыняцця актыўных антыезуіцкіх мер.
Спачатку 20 снежня 1815 года імператарскім указам езуітаў выдалілі з абедзвюх расійскіх сталіц — Пецярбурга і Масквы. На тэрыторыі Беларусі Таварыству Ісуса забаранілі прымаць на вучобу дзяцей праваслаўнага веравызнання. 13 сакавіка 1820 г. выйшаў новы загад Аляксандра І:
Частка студэнтаў была пераведзеная ў Пецярбургскі ўніверсітэт. Пасля выгнання езуітаў з Расійскай імперыі і закрыцця Полацкай акадэміі значная частка Полацкай бібліятэкі была раскрадзеная. Яе рэшткі былі перададзены полацкім піярам. У далейшым захаваныя кнігі былі размеркаваны паміж рознымі навучальнымі ўстановамі Расіі. Абсталяванне полацкай друкарні ў 1833 годзе было адпраўлена ў Кіеў.
З 1822 па 1830 гады ў карпусах былой Полацкай езуіцкай акадэміі размяшчалася Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. У 1830–1835 гадах будынкі акадэміі былі рэканструяваны, узведзены новыя карпусы, і тут размясціўся Полацкі кадэцкі корпус.
Закрыццё акадэміі разам з забаронай дзейнасці ордэна перарвала больш чым двухсотгадовую прысутнасць езуітаў.