Галоўная школа Вялікага Княства
Тысячы юнакоў-ліцьвінаў цягам некалькіх стагоддзяў выпраўляліся па навуку ў еўрапейскія ўніверсітэты. Большасць з іх, атрымаўшы вышэйшую асвету, вярталіся на Бацькаўшчыну і служылі ёй здабытымі ведамі. Але ўлады Вялікага Княства, Царква, усе адукаваныя людзі дзяржавы даўно марылі пра свой універсітэт.
Гэтая мара здзейснілася, калі была створаная Віленская акадэмія.
Vivat Academia!
Найлепшым месцам для заснавання вышэйшай навучальнай установы, вядома, была сталіца Вялікага Княства, даўні цэнтр беларускай культуры і дзяржаўнасці. У Вільні ўжо дзейнічаў калегіюм, дзе займаліся блізу двухсот студэнтаў. Калегіюм, адчынены манахамі Таварыства Ісуса (Ордэна езуітаў), даваў добрую адукацыю, але не меў універсітэцкіх правоў.
Адгукнуўшыся на шматлікія просьбы свецкіх і царкоўных уладаў, магнатаў і шляхты, вялікі князь Стэфан Баторы, якога нашыя продкі называлі Сцяпанам Батурам, у 1579 годзе выдаў прывілей пра пераўтварэнне Віленскага калегіюма ў Акадэмію — першую ва Усходняй Еўропе. Баторы сам некалі вучыўся ў славутым Падуанскім універсітэце і добра разумеў неабходнасць вышэйшай школы для сваёй дзяржавы.
Прывілей гаспадара быў зацверджаны дзяржаўнай пячаткай, якую прыклаў падканцлер Астафей Валовіч, і адмысловай пастановай папы рымскага Рыгора ХІІІ. Да заснавання Акадэміі таксама прычынілася Таварыства Ісуса, якое давала ў сваіх навучальнях найлепшую на той час адукацыю.
Віленская акадэмія атрымала ўсе правы ўніверсітэта. Яна вызвалялася ад падаткаў і набывала права прысвойваць вучоныя ступені ды мець незалежнае выбарнае кіраўніцтва. Першым рэктарам акадэміі стаў знакаміты пісьменнік, прапаведнік і красамоўца Пётра Скарга. Ён нарадзіўся ў Польшчы, але добра ведаў беларускую мову і напісаў на ёй некалькі кніг.
Стварэнне Віленскай акадэміі шырока адзначалася ў нашай дзяржаве. Гэтай падзеі прысвячалі творы паэты і мастакі. У палацах магнатаў і ў шляхецкіх маёнтках шумелі святочныя балі, на якіх зноў і зноў гучала: Vivat Academia! — Слава Акадэміі!
Упоравень з Кракавам і Ляйпцыгам
Напачатку Акадэмія складалася з двух факультэтаў: філасофскага і тэалагічнага (багаслоўскага). Потым, паводле прывілея вялікага князя Уладзіслава Вазы, да іх дадаліся медыцынскі і юрыдычны. Пазней з’явіліся фізічны і астранамічны факультэты. Мовай выкладання, як і ва ўсіх тагачасных еўрапейскіх універсітэтах, тады была лаціна.
Акадэміі ўсяляк дапамагалі і шчодра падтрымлівалі яе ахвяраваннямі віленскі біскуп Валяр’ян Пратасевіч, магнацкія роды Радзівілаў, Сапегаў, Хадкевічаў, Валовічаў, Па́цаў. Казімір Леў Сапега, сын знакамітага канцлера Льва Сапегі, падараваў новай навучальнай установе багатую бібліятэку і стаў фундатарам юрыдычнага факультэта. Арыстакратка Лізавета Пузына ахвяравала сродкі на стварэнне адной з першых у Еўропе абсерваторый.
Князь Мікалай Радзівіл Сіротка перадаў Акадэміі абсталяванне і шрыфты некалькіх друкарняў. Дзякуючы гэтаму акадэмічная друкарня хутка зрабілася адной з найважнейшых у дзяржаве. Яна выдавала падручнікі, слоўнікі, гістарычныя і філасофскія даследаванні, літаратуру па дакладных навуках, мастацкія творы на некалькіх еўрапейскіх мовах. Тут пабачылі свет трактаты старажытнагрэцкага філосафа Арыстоцеля, некалькі выданняў «Гісторыі Вялікага Княства Літоўскага», «Гісторыя Англіі», «Радзівілаўскія хронікі з кароткім зместам подзвігаў князёў Радзівілаў» ды сотні іншых кніг.
Акадэмія прымала ў навучанне пераважна ліцьвінаў-беларусаў з магнацкіх і шляхецкіх сем’яў, але там вучыліся і дзеці месцічаў. У студэнцкіх аўдыторыях можна было сустрэць і юнакоў з суседніх еўрапейскіх дзяржаваў, бо Віленская акадэмія на пачатку ХVII стагоддзя давала такую самую добрую адукацыю, як і ўніверсітэты недалёкіх Кракава, Каралеўца (Кёнігберга) і Ляйпцыга. Бальшыня акадэмічных выкладчыкаў паходзіла з земляў Вялікага Княства Літоўскага.
Сярод найбольш знаных выпускнікоў Акадэміі — пісьменнік і вучоны-філолаг Мялет Сматрыцкі, філосаф Марцін Сміглецкі, правазнаўца Арон Алізароўскі, паэт і філосаф Міхал Карыцкі, гісторык Альберт Каяловіч, матэматык і архітэктар Тамаш Жаброўскі, філосаф і знаўца красамоўства Жыгімонт Лаўксмін, астраном і матэматык Марцін Пачобут Адляніцкі…
Паэт Мікола Гусоўскі, інжынер-вынаходнік Казімір Семяновіч, педагог, асветнік і пісьменнік Сімяон Полацкі — яны таксама пачыналі шлях да славы ў Віленскай акадэміі. Многія з яе вядомых выхаванцаў заставаліся выкладаць там і прымнажалі славу галоўнай навучальнай установы Княства. Сярод іх быў і выдатны паэт, філосаф і літаратуразнаўца Мацей Казімір Сарбеўскі.
Хрысціянскі Гарацый
Калі прафесар Сарбеўскі падымаўся на сваю катэдру, студэнты захоплена перашэптваліся. Яны ведалі, што вершы Мацей Казімір пачаў пісаць з дзесяці гадоў. У юнацтве ён выкладаў у Полацкім калегіюме, потым вучыўся на тэалагічным факультэце Віленскай акадэміі, адкуль як адзін з яе найлепшых выпускнікоў быў пасланы дасканаліць веды ў Рым.
У Вечным горадзе, як часта называюць Рым, паэтычны талент Сарбеўскага па-сапраўднаму расквітнеў, і нядаўняга віленскага студэнта пачалі параўноўваць з самымі знакамітымі паэтамі мінулага і сучаснасці. Увесь адукаваны Рым ужо называў Мацея Казіміра «хрысціянскім Гарацыем» і лічыў яго бліскучым спадкаемцам славы гэтага старажытнага паэта.
Сарбеўскі, як і некалі Гарацый, пісаў на лаціне і лічыўся найвыдатнейшым лацінамоўным паэтам тагачаснай Еўропы. Папа рымскі Урбан VIII укаранаваў нашага суайчынніка лаўровым вянком на Капіталійскім узгорку, дзе здаўна ўшаноўвалі самых таленавітых творцаў. Мацей Казімір заслужыў такую ўзнагароду першым са славянаў. У падарунак «хрысціянскі Гарацый» атрымаў залаты ланцуг з папскім партрэтам.
Перад паэтам і вучоным з Вільні адкрывалася паспяховая і заможная будучыня ў Вечным горадзе, але Сарбеўскі адгукнуўся на покліч сэрца, якое імкнулася на радзіму. Па дарозе дадому Мацея некалькі разоў абрабавалі і збілі разбойнікі. Ён не аднойчы рызыкаваў жыццём, але вярнуўся ў Вільню, каб выкладаць у роднай Акадэміі.
Прафесар Сарбеўскі чытаў лекцыі па філасофіі, тэалогіі, літаратуры. Яго навуковыя даследаванні высока цаніліся ва ўсёй Еўропе. Не пакідаў ён і плённай паэтычнай творчасці. Кнігі вершаў Мацея Казіміра выходзілі не толькі ў Вільні, але і ў Кёльне, Антверпене, Рыме. Самым дарагім ён лічыў выданне, якое праілюстраваў слынны мастак Пітэр Паўль Рубенс.
Мацей Казімір Сарбеўскі смела для таго часу меркаваў, што свет, які стварае паэзія, існуе побач з светам, народжаным Божай воляй.
Пасля заканчэння зямнога шляху Мацея Казіміра яго паэтычныя кнігі больш за 50 разоў перавыдаваліся ў Парыжы, Варшаве, Львове, Дрэздэне, Страсбургу, Лос-Анжэлесе... Сёння імем Сарбеўскага названы адзін з двароў Віленскага ўніверсітэта.
Галоўная школа Вялікага Княства
Першае ў свеце міністэрства народнай асветы — Адукацыйная камісія Рэчы Паспалітай. Яна адчыняла новыя школы і навучальні, паляпшала працу ранейшых. Пад кіраўніцтва камісіі перайшла і Віленская акадэмія, якую вызвалілі з-пад моцнага ўплыву каталіцкай царквы і назвалі Галоўнай школай Вялікага Княства Літоўскага. У яе ведамства перадалі ўсе навучальныя ўстановы дзяржавы. На змену лацінскай мове ў былой Акадэміі пад уплывам палякаў і значна апалячанай ліцьвінскай шляхты пачала прыходзіць польская.
Пасля страшнай вайны з Расеяй 1654–1667 гадоў, калі Беларусь страціла палову насельніцтва, наша вышэйшая школа перажывала застой. Адукацыйная камісія паставіла перад Галоўнай школай мэту вярнуць былы аўтарытэт Акадэміі ды паспяхова спаборнічаць з універсітэтамі Заходняй Еўропы.
У Галоўнай школе, якая захавала ўсе ўніверсітэцкія правы, з’явіліся новыя катэдры і навучальныя дысцыпліны. Студэнты з захапленнем займаліся ў астранамічнай абсерваторыі. Катэдру выяўленчага мастацтва ўзначаліў славуты мастак Францішак Смуглевіч. На працу ў Вільню запрашалі вядомых замежных вучоных. Сярод іх быў французскі батанік і медык Жан Эмануэль Жылібер, які да гэтага стварыў Гарадзенскую медыцынскую акадэмію. Пераехаўшы разам з вучнямі ў сталіцу Княства, прафесар Жылібер адчыніў у Галоўнай школе Княства медыцынскі факультэт, заклаў батанічны сад і аранжэрэю. Неўзабаве медыцынскі факультэт у Вільні стаў заслужана лічыцца найлепшым факультэтам такога кшталту ў Рэчы Паспалітай.
Галоўная школа Княства праіснавала толькі чвэрць стагоддзя, але паспела падрыхтаваць нямала вядомых вучоных. Доктарам медыцыны і філасофіі стаў Аўгуст Бекю, які плённа займаўся гігіенай. Сярод выхаванцаў нашай вышэйшай школы — хімік і біёлагАндрэй Снядзецкі, які адкрыў новы метал — весцій (цяпер ён называецца рутэніем) — і напісаў першы ў Рэчы Паспалітай падручнік хіміі. З удзячнасцю згадваў сваіх выкладчыкаў гісторык Тэадор Нарбут. Ён даследаваў айчынныя курганы і замкі, надрукаваў каштоўную беларускую «Хроніку Быхаўца», вывучаў старажытную міфалогію.
Нязменным рэктарам Галоўнай школы Вялікага Княства Літоўскага быў добра вядомы ў навуковым свеце Еўропы астраном і матэматык Марцін Пачобут-Адляніцкі.
Адкрывальнік зорак і талентаў
Будучы рэктар і вучоны нарадзіўся ў вёсцы Саломенка Гарадзенскага павета. Шлях у вялікую навуку Марцін пачаў у калегіюме Таварыства Ісуса ў Горадні. Юнак вызначаўся добрым веданнем розных прадметаў — ад матэматыкі да старажытных моваў, але ўжо тады яго вабілі таямніцы бяздоннага зорнага неба. Калі астатнія шкаляры засыналі, Марцін уладкоўваўся пры вакне і мог доўгімі гадзінамі зачаравана назіраць за рухам Месяца, за планетамі і сузор’ямі.
У Віленскай акадэміі Пачобут-Адляніцкі сустрэў таленавітых выкладчыкаў астраноміі. Тут гэтая навука здаўна выкладалася на высокім роўні. Менавіта ў нашай Акадэміі ўпершыню ва Усходняй Еўропе яшчэ ў сярэдзіне XVII стагоддзя адкрыта прызналі геліяцэнтрычную сістэму Мікалая Каперніка, паводле якой Зямля і планеты круцяцца вакол Сонца. Плённаму навучанню віленскіх студэнтаў спрыяла і ўласная абсерваторыя.
Здольнага маладога астранома накіравалі паглыбляць веды спачатку ў Прагу, а затым — у абсерваторыі французскіх гарадоў Марсэля і Авіньёна ды італьянскага Неапаля. Вярнуўшыся ў Вільню, Марцін узначаліў акадэмічную катэдру матэматыкі і астраноміі, а таксама быў прызначаны дырэктарам абсерваторыі, якую вырашыў зрабіць узорнай.
Пад кіраўніцтвам выкладчыкаў, а часта і самога дырэктара студэнты пачалі кожную ноч назіраць планеты Сонечнай сістэмы і зоркі. Прафесар Адляніцкі найперш сачыў за Месяцам і, дзякуючы гэтаму, дакладна вызначыў шырату і даўгату Вільні, а пазней Горадні ды іншых беларускіх гарадоў. Вучоны вырашыў набыць для абсерваторыі найноўшае абсталяванне і выправіўся па яго ў Вялікабрытанію, Францыю і Галандыю. На працягу цэлага года ён вывучаў дзейнасць Парыжскай і Грынвіцкай абсерваторый.
Пачобут-Адляніцкі ніколі не спыняў і назіранняў за нябеснымі свяціламі, не прапускаў ніводнага сонечнага ці месяцавага зацмення. Ён склаў табліцы руху Меркурыя, адкрыў новае сузор’е, названае Каралеўскім Цяльцом Панятоўскіх у гонар нашага тагачаснага вялікага князя і караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Разам з уласнымі навуковымі даследаваннямі рэктар Галоўнай школы чула апекаваў маладых вучоных. Ягоным вучнем быў, напрыклад, сын ашмянскага суддзі Вінцэнт Карчэўскі, што выдаў высока ацэненыя ў навуковым свеце кнігі «Пра каметы» і «Астраномія».
Марцін Пачобут-Адляніцкі не стаяў у баку ад палітычных падзей у нашай дзяржаве. У 1794 годзе ён падтрымаў вызвольнае паўстанне Тадэвуша Касцюшкі і спрыяў кіраўніку паўстанцаў у Вялікім Княстве Якубу Ясінскаму. Рэктар ахвяраваў змагарам вялікія грашовыя сродкі і ўвайшоў у Найвышэйшую Літоўскую Раду — Часовы ўрад Літвы-Беларусі.
Навуковая і грамадская дзейнасць нашага суайчынніка была высока ацэненая ў роднай дзяржаве і ў Еўропе. Вялікі князь і кароль Станіслаў Аўгуст загадаў выбіць медаль з партрэтам Адляніцкага. Вучонага абралі сябрам Лонданскага і Варшаўскага навуковых таварыстваў і сябрам-карэспандэнтам Французскай Акадэміі навук. Імем Пачобута-Адляніцкага названы кратэр на Месяцы.
Большы за Оксфард
Пасля захопу земляў Вялікага Княства расейцамі Галоўная школа была перайменаваная ў Імператарскі Віленскі ўніверсітэт. Ён быў прызначаны для адукацыі моладзі з васьмі губерняў — Віленскай, Віцебскай, Гарадзенскай, Магілёўскай, Менскай, Кіеўскай, Валынскай і Падольскай.
Як і раней, бальшыня студэнтаў і выкладчыкаў паходзілі з беларускіх земляў, але мовай выкладання, як і ў Галоўнай школе, заставалася польская. Расейская ўлада не прызнавала ні самастойны беларускі народ, ні нашу мову. Гэта ўмела выкарыстоўвалі ў сваіх інтарэсах палякі. Апекуном універсітэта стаў кіраўнік Віленскай навучальнай акругі, набліжаны да расейскага цара паляк Адам Чартарыйскі. Ён імкнуўся адчыняць на нашых землях польскія школы і выхоўваць моладзь у польскім духу.
Студэнты Віленскага ўніверсітэта вучыліся на чатырох факультэтах: фізічна-матэматычным, медыцынскім, маральна-палітычным і філалагічна-мастацкім. Там выкладаліся 55 прадметаў. Вышэйшая школа мела багаты батанічны сад, анатамічны музей, фізічную і хімічную лабараторыі, свой шпіталь. Амаль 60 тысяч кніг налічвала самая вялікая на абшары былога Княства ўніверсітэцкая бібліятэка.
У 1820-я гады Віленскі ўніверсітэт стаў найбуйнейшым не толькі ў Расеі, але і ў Еўропе. Тут займалася больш за 1300 юнакоў, што пераважала колькасць студэнтаў у славутым англійскім Оксфардзе. Пра значнасць Віленскай вышэйшай навучальні казала, напрыклад, тое, што на пачатку ХІХ стагоддзя яна рыхтавала кожнага трэцяга лекара ўсёй Расейскай імперыі.
Ва ўніверсітэце працаваў вядомы вучоны астраном, матэматык і філосаф Ян Снядзецкі, які ў 1812 годзе, калі быў рэктарам, увайшоў у Часовы ўрад адноўленага Вялікага Княства. Снядзецкі некалькі разоў сустракаўся ў Вільні з Напалеонам і ўразіў французскага імператара розумам і вучонасцю.
Катэдрай сельскай гаспадаркі кіраваў прафесар Міхал Ачапоўскі. Ён здзейсніў навуковую вандроўку па дзесяці еўрапейскіх краінах і паспяхова ўкараняў замежныя дасягненні аграрнай навукі на Бацькаўшчыне.
Запрошаны з Вены доктар медыцыны Ёзэф Франк заклікаў калегаў і студэнтаў даследаваць і лекаваць хваробы разам з вывучэннем умоваў жыцця хворых. Дзякуючы яму ў Вільні пачалі рабіць прышчэпкі ад воспы і дапамагаць бедным хворым жанчынам.
Агмень вальнадумства
Вельмі хутка ўніверсітэт пачаў ператварацца ў магутны агмень вальнадумства і супраціву расейскім каланізатарам. Тут узніклі таемныя таварыствы, сябры якіх хацелі служыць не Расейскай імперыі, а свайму народу. Да гэтых суполак належалі самыя здольныя студэнты Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот, Ігнат Дамейка ды многія іхнія сябры і аднадумцы.
Студэнты асабліва шанавалі і любілі выпускніка Віленскага ўніверсітэта прафесара гісторыі Яўхіма Лялевеля. Ён напісаў шматлікія працы пра мінулае Вялікага Княства Літоўскага. У лекцыях прафесар сцвярджаў, што гісторыя павінна стаць летапісам народнага жыцця. Лялевель глыбока перажываў паняволенае становішча Айчыны і верыў у яе вызваленне ў выніку супольнага змагання патрыётаў Літвы-Беларусі і Польшчы разам з расейскімі дэмакратамі. Да іх ён звярнуўся з крылатым заклікам: «За нашу і вашу свабоду!»
Калі жандары раскрылі антыўрадавыя студэнцкія таварыствы, дзясяткі філаматаў і філарэтаў трапілі ў царскія турмы, а затым былі высланыя ў розныя месцы Расейскай імперыі. Улады забаранілі чытаць лекцыі Яўхіму Лялевелю, якога лічылі натхняльнікам моладзі. Пакараныя былі і прафесары Міхал Баброўскі ды Ігнат Даніловіч, якіх лічаць пачынальнікамі беларускага нацыянальнага адраджэння.