Мінскія легенды і паданні
Некалькі цікавых легенд з гісторыі беларускай сталіцы прыгадала «Гістарычная праўда».
Паданне пра Хлусаў мост
Мост, які злучае Ніжні горад і Траецкае прадмесце, здаўна называюць Хлусавым. Назву тую атрымаў ён у далёкім і славутым ХVІ стагоддзі.
У тыя даўнія часы Свяшчэнная Рымская імперыя германскай нацыі (ці прасцей, будучая Германія) пачынала ўсталёўваць адносіны з малавядомай тады ў Еўропе Масковіяй, піша expressnews.by. Шляхі, па якіх накіроўваліся імперскія паслы, натуральна, пралягалі праз беларускія землі. На заходняй мяжы такога пасла звычайна сустракаў прыстаў з ліку дзяржаўцаў і суправаджаў яго пасольства да Вязьмы, дзе ўжо пачыналася ўласна Масковія. Суправаджэнне было неабходным, каб ніхто па дарозе пасла не пакрыўдзіў, каб вольная і разгульная беларуская шляхта не дала паслу ў карчме селядцом па твары ці не нарабіла, барані Божа, чаго больш ганебнага, усчыніўшы міждзяржаўны канфлікт, а тое і вайну.
Ды і агляд за пасламі і іх памочнікамі і слугамі патрэбны быў пільны. Не было сакрэтам, што займаліся яны не толькі дыпламатычнымі, але і выведвальнымі справамі. І чым важнейшы быў пасол, тым больш высокага рангу дзяржаўца суправаджаў яго.
Аднойчы здарылася так, што нейкага вельмі важнага імперскага пасла суправаджаў не хто-небудзь, а сам кашталян Менскі Ян Глябовіч. То быў вельмі славуты і вядомы чалавек. Падчас Інфлянцкай вайны ён наўмысна трапіў у палон да маскоўцаў. Праз нейкі час, нібы пасля доўгіх ваганняў, ён пагадзіўся служыць «цару-сабаку», як тады называлі Івана ІV Жахлівага. І «служыў» Ян Глябовіч цару дзейсна і добра. Вынікам тае «службы» стала бліскучая перамога беларускай зброі ў бітве пад Улай, дзе было разбіта маскоўскае войска. А звесткі аб руху варожых армій слаў на Радзіму Ян Глябовіч, ці не першы вядомы беларускі выведнік.
Але вернемся да нашай гісторыі. Суправаджаў Ян Глябовіч імперскага пасла. Ехалі досыць доўга, марудна, з абозам, спыняючыся ў прыдарожных корчмах ці шынках. Шлях дальні, і каб бавіць час, пасол і дзяржаўца вялі нетаропкую гутарку. Казалі пра тое, пра сёе. Адным разам гаворыць пан Ян:
— Глядзі, пане пасол, якія ў нас пушчы і лясы — вялікія, густыя. Вельмі добрае дрэва.
А паслу ці дарога надакучыла, ці мухі адолелі, ці проста не ў гуморы быў, ён і адказаў:
— Хіба ж гэта лясы і пушчы? Палкі нейкія тырчаць, хмызы рэдкія. Вось у нас у Германіі ўсім пушчам пушчы. Дрэвы доўгія, роўныя. Шмат чаго з іх будуем — і дамы, і караблі.
Хацеў запярэчыць пан Ян, бо ведаў, што здаўна ідуць па Дзвіне і Нёману плыты. Ахвотна купляюць драўніну замежныя купцы. Але не бянтэжыць жа госця. Паціснуў плячыма пан Ян.
Едуць далей.
— Глядзі, пане пасол, якія ў нас замкі!
— Хіба ж гэта замкі, — цягне сваё пасол, — куча камення накіданага. Вось у нас у Германіі замкі дык замкі! І вялікія, і прыгожыя.
Змаўчаў пан Ян. Не біцца ж з немцам на шаблях. Пасол усё ж такі.
Едуць далей.
— Глядзі, пане пасол, якія ў нас палі і лугі — шыкоўныя, багатыя.
— Ды якія там палі і лугі, — адштурхоўваецца пасол, — кочкі нейкія, балаты. Вось у нас у Германіі і палі, і лугі, мо, у сотні разоў і шырэйшыя, і багацейшыя.
Ледзь стрываў крыўду пан Ян. Толькі ў думках назваў ён пасла брахуном, якіх свет не бачыў.
Едуць далей. І раптам прыйшла цікавая думка да Яна Глябовіча.
— Ведаеце, пане пасол, — прыжмурыў ён хітра вочы, — ёсць у нашым слаўным месце Менскім мост праз раку. І мост той ня просты. Завуць яго Хлусавым, бо ўсе хлусы і манюкі, якія праязджаюць праз яго, топяцца ў рацэ.
І замаўчаў Ян Глябовіч.
Мінуў яшчэ нейкі час. Шлях доўгі. Бачыць пан Ян, нешта пачаў нервавацца пасол. Але маўчыць. Маўчыць і пан Ян.
Колькі мінулі літоўскіх вёрстаў, парушыў маўчанне пасол:
— А ці ж далёка места Менскае?
— Ды хутка будзе, — адказвае пан Ян.
Праехалі яшчэ колькі. Ізноў пасол з гэтым жа пытаннем.
І адказ яму: «Хутка будзе Менск».
Нервуецца пасол. Потам заліваецца. Ці то ад спёкі, ці то яшчэ ад чаго. А пан Ян яго пытаецца:
— Пане пасол, ці ёсць у вас у Германіі такія палі і лугі?
— Есць і такія, і лепшыя, і горшыя, — няўпэўнена адказвае пасол.
Праз некаторы час ізноў:
— Пане пасол, ці ёсць у вас у Германіі такія замкі?
— Есць і такія, але іншыя нашмат горшыя і не параўнаюцца з Гародняй, Нясвіжам, Мірам…
І ўвесь час пытаецца пасол:
— Ці ж далёка да места Менскага?
І адказ чуе:
— А вось хутка будзе ўжо.
— А ці ёсць у вас такія пушчы, пане пасол?
— Што вы, пане Ян, няма у нас такіх і лясоў, і пушчаў. Большых і прыгажэйшых за вашыя я і ня бачыў.
Так, гутарачы, яны і мінулі той мост праз Свіслач.
Пасля схамянуўся пасол, запытаўся:
— А дзе ж той Хлусаў мост?
— Разыйшоўся мост, — усміхнуўся пан Ян, — як словы пана пасла.
Млын Менеска
Гэта было так даўно, што і сказаць нельга. Жылі ў той час на нашай зямлі светлавалосыя людзі з блакітнымі вачыма; яны насілі белую вопратку, сеялі жыта сярод лесу на невялікіх лапіках зямлі ды гадавалі дзяцей.
I цягнулася б так вельмі доўга, але ж павадзіліся да іх чужынцы. На малых конях наляталі яны на паселішчы людзей, рабавалі і забівалі іх.
Аднойчы сабраліся старэйшыя з людзей і пачалі раіцца: што ж ім рабіць? I адзін з іх, сівы дзед, прапанаваў: «Хадземце, людзі, у той бок, дзе невялічкая рэчка Няміга ўпадае ў шырокую плынь Свіслачы. Ведаю я, што жыве там чараўнік-мельнік. Пра яго мне яшчэ распавядаў мой дзед, а яму — ягоны дзед. Дзіўны той мельнік. Ніхто не бачыў ніколі яго млына. Але ж у зоркавую ноч ва ўсёй ваколіцы чуваць, як грукоча млын. Не зерне ён трэ, а каменне ды валуны. I у той час чуецца і гогат, і свіст, і скокі, і вясёлая музыка».
Пайшлі людзі ўсёй грамадой, як раіў стары, і здалёк чулі яны грукат млына, музыку і скокі. Выйшаў да іх аднекуль нейкі чалавек. Ростам ён быў вышэй за самага высокага з іх; плечы меў такія шырокія, што і абхапіць нельга. I ўразілі іх яшчэ вялікія пранізлівыя вочы, але сумныя яны былі. I прамовіў гэты чалавек: «Ведаю, чаму прыйшлі вы, людзі. Я дапамагу вам. Прыходзьце зноў сюды праз тры дні, і няхай кожны прынясе з сабой ці рыдлёўку, ці сякеру».
Мінулі тры дні. Зноў прыйшлі людзі на тое месца, зноў сустрэў іх невядомы волат. Стаяў ён на высокім узгорку, а навокал слаліся бязмежныя пушчы, серабрыстыя рэкі ды блакітныя азёры.
Сказаў чалавек людзям: «Капайце роў ды будуйце сцены». I пачалі людзі працаваць. Калі стамляліся яны і пачыналі буркатаць, то з’яўляўся невядомы чалавек. Тады праца ішла лягчэй.
А ў гэты час зноў ехалі вялікаю грамадою ворагі рабаваць людзей. Думалі яны, што зноў з’явяцца нечакана, спаляць мірныя хаты, забяруць людзей у палон ды наб’юць сумы сваіх коней.
Настала ноч. Вырашыў іхні правадыр: «Адпачнем зараз, а раніцай, свежыя ды вясёлыя, мы лёгка патопчам капытамі нашых коней нівы гэтых недарэчных людзей».
Настала раніца. У тумане ўбачылі ворагі такое відовішча, што рты іх самі пачалі раскрывацца, валасы заварушыліся пад шаломамі, а коні пачалі дрыжэць. Высока ўгору ўзнімаліся сцены ды вежы невядомага драўлянага горада. I такім магутным спакоем веяла ад іх, што пачалі коннікі пытацца адзін аднаго, ці не сон усё гэта, ці туды яны заехалі. Але ж правадыр не разгубіўся. Ён пачаў крычаць, каб не баяліся храбрыя воіны і ішлі ўперад.
Палезлі ворагі на сцены. А адтуль на іх сыпанулі каменне, ліўся гарачы вар. Валіліся ворагі адзін на аднаго пабітыя ці абвараныя. Скрыжатаў зубамі правадыр, але нічога зрабіць не мог. Тады паслаў ён сваіх лепшых воінаў. Перамога амаль была блізка. Але раптам з’явіўся аднекуль невядомы чалавек. Сядзеў ён на белым кані, і ў руцэ яго зіхацеў вялізны меч. Убачыў яго правадыр, ускочыў на каня, і памчаліся яны адзін на аднаго.
Як маланкі ляцелі. Грукнула зямля — такі страшэнны быў удар. Выхапіў правадыр сваю шаблю, але такім бязлітасным гневам блішчэлі вочы волата, што здрыганулася рука ворага, і меч незнаёмца рассек яго да сядла, як рассякае гнілую калоду вострая сякера. Убачыўшы гэта, здрыгануліся ад жаху і пабеглі ворагі. I многія, многія вёрсты імчаў за імі коннік на белым кані і сек іх, як капусту.
Аднак з бойкі ён не вярнуўся. Пачалі людзі яго шукаць і хутка знайшлі. Ляжаў ён пасярод шырокага луга, а ў горле яго тырчэла страла. Блакітныя вочы сумна глядзелі ў такое ж блакітнае неба. I спыталі ў яго людзі: «Як завуць цябе, чалавеча?» Доўга чакалі яны, пакуль шэрыя губы нешта прамовілі: «Менеск». Ніхто так і не зразумеў, што ж сказаў невядомы. Узнялі яны яго цела, паклалі ў доўбню і аднеслі да таго месца, дзе Няміга ўпадае ў Свіслач. I апусцілі на дно.
Пачалі з той пары называць гэты горад Менескавым местам, а самы высокі ўзгорак — Менескавым узгоркам.
I яшчэ кажуць людзі, што нібыта і зараз у цудоўную ноч можна пачуць, як грукоча млын, грае музыка. Але ўжо больш сумная.
А вершнік на белым кані застаўся ў памяці народа. Горда ўзнёсся ён на герб старажытнага беларускага гаспадарства. І ў руцэ волата, як маланка, зіхаціць узняты супраць ворага меч.
Чорны манах дамініканскага кляштара
Дамініканскі кляштар, пабудаваны ў гады XVII стагоддзя, доўгі час быў адным з самых прыгожых храмаў і самым высокім будынкам Менска. Першыя згадкі пра цень Чорнага манаха ў тым кляштары тычацца яшчэ сярэдзіны XVII стагоддзя. Жахлівая была сярэдзіна таго стагоддзя. «Крывавы патоп» пракаціўся па Беларусі, і змыла тым патопам больш паловы насельніцтва нашай краіны. Жылі людзі, і не стала іх…
Улетку 1655 г. да Менcку ішло войска «цішайшага» цара Аляксея. Па загаду крывавага ката, маскоўскія ваяводы выразалі Мсціслаў і залілі крывёю Шклоў, выпалілі і абязлюдзелі менскія наваколіцы. Але жыхары Менска вырашылі біцца за свой родны горад. Залога выбранцаў, падмацаванае гарадскім апалчэннем, выйшла абараняць прадмесце каля Барысаўскай заставы. Там, каля абарончага рэдута Святой Тройцы, разгарэўся люты бой. Мужна біліся менчукі, але сілы былі няроўныя. Разбітыя харугвы абаронцаў адыходзілі, а пасля кінуліся ўцякаць праз мост у горад. Бой ішоў ужо ў горадзе. Невялікія купкі адважных месцічаў замацаваліся ў Петрапаўлаўскім кляштары, у будынку ратушы і дамініканскім кляштары. Доўга пратрымацца яны не маглі, і амаль усе загінулі…
Калі ў 70–80-я гг. ХХ стагоддзя праводзіліся археалагічныя раскопкі Верхняга горада, то на тым месцы, дзе некалі была ратуша, ля рэшткаў яе падмуркаў, было знойдзена шмат паплюснутых мушкетных куляў XVII стагоддзя.
І жахлівая знаходка адкрылася археолагам у лёхах Дамініканскага касцёла. Вялікая глыбокая магіла была спрэс запоўнена шкілетамі людзей. Знойдзены былі і рэчы XVII стагоддзя.
У часе той вайны Менск прыйшоў у поўны заняпад. Ратуючыся ад забойстваў, рабункаў, пагромаў, жыхары разбягаліся хто куды. Людзі паміралі ад голаду, хвароб і пошасцей. Зніклі цэлыя сем’і і роды старадаўніх месцічаў. Неаднойчы рускі ваявода Арсеньеў, які камандаваў гарнізонам інтэрвентаў, скардзіўся цару Аляксею на тое, што людзей у Менску засталося зусім мала і няма каму працаваць.
Няўтульна адчувалі сябе захопнікі ў горадзе. Расквартараваліся яны ў Верхнім горадзе, ў Базыльянскіх мурах, ратушы, дамініканскім касцёле, кляштарах бернардзінак і бернардзінцаў, заклаўшы прамежкі паміж будынкамі драўлянымі сценамі. Гавораць, што менавіта тады і пайшла пагалоска пра цень Чорнага манаха, які пачаў з’яўляцца ў закінутым будынку дамініканскага кляштара.
Прывід паказваўся ў адным з пакояў і пасля нягучна крочыў бясконцымі калідорамі і пасля знікаў недзе ў сутарэннях касцёла. У руцэ ён трымаў свячу, і яе чорна-чырвонае полымя раз-пораз кідала водбліск на твар манаха пад нізка насунутым клабуку. І капаў з той свечкі не воск, а кроў. Тыя, каму не пашчасціла сустрэцца з тым ценем, нібы бачылі твар то сівога старца, або зусім маладога юнака, або мужа сталага веку. А іншым разам нібы ўзнікаў жахлівы аскал чалавечага чэрапа. Прывід нікога не кранаў, але мала хто не дранцвеў з застылай ад жаху крывёю ў жылах, убачыўшы яго.
Нядоўга зажыўся ў Менску ваявода Арсеньеў. Сонечным днём 3 ліпеня 1660 года пасля бліскучай перамогі гетмана Паўла Сапегі над войскам Хаванскага пад Палонкай каля Ляхавіч Менск быў вызвалены ад інтэрвентаў.
Распавядаюць, што з’яўляўся прывід Чорнага манаха напярэдадні войнаў. Часта бачылі яго і ў другой палове XVII стагоддзя, і перад Шведскай вайной, і ў XVIIІ стагоддзі, і ў час паўстанняў ХІХ стагоддзя. З’яўляўся той цень і ў ХХ стагоддзі. Бачылі яго жыхары кватэр, калі памяшканні зачыненага кляштару пачалі выкарыстоўвацца пад жылыя дамы. Казалі, што часта бачылі яго і ў 1939 годзе.
Згарэлы і пашкоджаны ў час Другой Сусветнай вайны будынак дамініканскага кляштара быў знішчаны ў 1950-я гады. Пасля працяглы час на тым месцы быў прыгожы Цэнтральны сквер. Сёння дакладна на тым месцы стаіць гмах Палаца Рэспублікі. Але там, недзе ў глыбіні, захаваліся падмуркі і сутарэнні кляштара і касцёла. Цікава, а ці не з’явіцца зноў калі-небудзь прывід Чорнага манаха? Барані нас, Божа, ад гэтага!
Апошняя сустрэча
Было гэта больш за два стагоддзі таму. У тых дамах, што стаяць сёння на вуліцы Койданаўскай, жыла сям’я заможных месцічаў. І было ў іх тры дачкі. Але толькі старэйшая вылучалася незвычайнай прыгажосцю. Калі дзяўчыне споўнілася васемнаццаць гадоў, да яе пачалі заляцацца розныя хлапцы — былі то і простыя месцічы, і шляхцюкі. Але з усёй той грамады спадабаўся ёй толькі адзін. Быў ён жаўнерам залогі, што абараняла места Менскае. Па святочных днях, апрануты ў прыгожую форму, ён ладна граў на флейце ў аркестры каля ратушы.
Шмат гадзін праводзілі паненка і жаўнер разам. Разам гулялі ўздоўж Свіслачы каля Ракаўскага прадмесця, разам зліваліся ў танцы пад велічныя гукі паланэза. І шапацела восеньскае лісце пад іх нагамі, і сонна цякла Няміза, узіраючыся ў неба. І глядзелі яны адзін аднаму ў вочы, і такое незвычайнае святло кахання струменілася з іх, што здавалася, няма ў свеце той сілы, што зможа перарваць тыя чароўныя пачуцці.
Здавалася закаханым, што яны жывуць адзін для аднаго. Аднак усе навокал бачылі тое каханне і ціха яму ўсміхаліся.
Час быў неспакойны. Неўзабаве бяда пагрукала ў дзверы.
Аднойчы раніцай убачыла паненка, як яе каханы прайшоў праз браму ў двор, і пачула, як дзінькнуў званочак ля ўваходу. Ужо не розумам, а сэрцам адчуваючы нядобрае, яна кінулася да сходаў. Унізе лесвіцы стаяў яе каханы ў поўнай баявой форме пешага рэгімента.
— Што здарылася, любы мой? — здрыгануўся яе голас.
— Каханая мая, адзіная мая, мне трэба ісці.
— Куды, сэрца маё?
— У паход, любая. Наш гетман Агінскі стаў на бок барскіх канфедэратаў, і цяпер усё войска Вялікага Княства Літоўскага будзе біцца з ворагам. А я павінен быць там, дзе наша войска, дзе мае сябры.
Яна стаяла на сходах, трымаючыся за парэнчы, і пальцы яе былі белыя, і твар бялейшы за паперу, і не магла вымавіць і слова.
— Але ты вер, мая любая, я вярнуся, чуеш, вярнуся абавязкова, і мы адсвяткуем нашае вяселле.
— І яшчэ, — тут ён зняў з плячэй ранец, расшпіліў яго і дастаў флейту. — Вось, ты захавай яе, а то ці раптам што…
Тут дзяўчына ўрэшце ўсвядоміла словы юнака, кінулася да яго, абняла за шыю і закрычала так, што, здаецца, здрыгануўся ўвесь дом:
— Мілы мой, каханы мой, ты толькі вярніся, вярніся, я прашу цябе…
Раптам нейкая думка працяла яе твар, яна адхіснулася ад хлапца і дрыжачым голасам прамовіла:
— Пакляніся, пакляніся ўсім, што для цябе дорага, што ты вернешся.
Камяк падкаціў да горла, слязінка задрыжэла ў вачах хлапца і скацілася па яго шчацэ.
— Я клянуся, клянуся маім каханнем да цябе, клянуся маёй матуляй і нашай Айчынай, што я вярнуся, абавязкова вярнуся.
Тут ён больш не змог стаяць, нізка схіліўся, пацалаваў дрыжачыя кончыкі пальцаў рукі сваёй каханай, падхапіў ружжо і ранец і выбег на двор, закрываючы рукавом вочы.
Далейшае, сябры мае, вам вядома. Нягледзячы на мужнасць і адвагу, канфедэраты былі разбіты вялізнай расійскай арміяй.
У няшчаснай бітве каля Сталовіч утрая большы корпус генерала Суворава разбіў войска вялікага гетмана Міхала Агінскага. Там, на баявым полі, навечна застаўся і жаўнер залогі слаўнага места Менскага.
Калі тыя звесткі дайшлі да дома на вуліцы Койданаўскай, дзяўчына не паверыла.
— Не, тое няпраўда, — казала яна, — ён абяцаў, ён пакляўся, ён вернецца.
Родныя не настойвалі, паціху суцяшалі, мяркуючы, што час загоіць і гэтыя раны.
Так міналі дні, месяцы. Прайшоў год. Паненка, здаецца, не заўважала часу. Нават падзеі падзелу Рэчы Паспалітай, калі хцівыя драпежнікі рвалі на часткі цела нашай айчыны, прайшлі для яе незаўважна. Яна жыла чаканнем. Яе прыгажосць зрабілася яшчэ больш узнёслай. Зноў да іх сталі наведвацца кавалеры. Яна прымала іх проста і ветліва і, ціха ўсміхаючыся, казала:
— Дзякую вам, але я абяцала, ён пакляўся, хіба ж я магу сама не стрымаць клятву, узяўшы яе з другога.
Але сэрца ёй шчаміла ўсё болей і болей.
Бацькі яе ўжо не маглі даць рады. Лекары толькі паціскалі плячыма.
А яна сядзела ля акна і чакала. Іншы раз адчыняла футляр з флейтай і гладзіла яе.
Так мінула некалькі год. У Менску насталі ціхія вераснёўскія дні. Аднойчы надвячоркам ў пакоі раптам загучала музыка. Гэта быў той самы паланэз, які любіў іграць яе каханы. Музыка лілася з флейты.
— Гэта ён, гэта ён! — крыкнула дзяўчына і выбегла на лесвіцу. Месячнае святло залівала сходы, дзе ўнізе, абапіраючыся на ружжо, стаяў жаўнер пешага рэгіменту войска Вялікага Княства Літоўскага. Ён выглядаў амаль такім жа, як у апошні дзень, у дзень развітання. Толькі мундзір яго быў не бліскучы, а нейкі светла-шэры і выразна былі бачны некалькі чырвоных плям у тых месцах, дзе прабіла яго картач. Гэта быў яе Каханы.
— Я стрымаў клятву, Каханая, — пачуўся яго голас. — Я вярнуўся.
— Любы мой, мілы мой, каханне маё! — ускрыкнула дзяўчына. — Ты стрымаў клятву!
Ужо не разумеючы, дзе яна і што з ёй, дзяўчына зляцела ўніз па сходах і кінулася да жаўнера. Толькі абняць яго яна не здолела.
Унізе стаяў толькі цень юнака…
Калі ўзрушаныя крыкамі дзяўчыны бацькі выбеглі да сходаў, каля расчыненых дзвярэй яны ўбачылі бездыханнае цела дзяўчыны, якая сціскала ў руцэ запаветную флейту. Непадалёк ляжала шапка жаўнера пешага рэгімента войска Вялікага Княства Літоўскага. Адкуль яна ўзялася, ніхто так і не здолеў знайсці адказу.
Пахавалі дзяўчыну на Кальварыйскіх могілках. Руку яе, што сціскала флейту, так і не здолелі расціснуць, а мо і не хацелі. У труну паклалі і тую шапку.
Шмат часу мінула з тых дзён. Але казалі, што некалі раз на год у доме раздаваўся гук флейты, што грала паланэз. Тады на сходах уверсе з’яўлялася белая постаць паненкі ў вясельным уборы. Яна спускалася ўніз па сходах, а насустрач ёй узнімалася постаць жаўнера. Ён падыходзіў да Каханай і пяшчотна цалаваў ёй руку. Сам ён трымаў шапку, нібы хаваючы ад позірку сваёй нявесты прабіты ў некалькіх месцах мундзір пешага рэгімента войска Вялікага Княства Літоўскага.
Загадкі менскіх падзямелляў
Пад старажытным горадам раскінулася цэлая сетка падземных хадоў і таямнічых падзямелляў. Як сведчаць нешматлікія археалагічныя даследаванні, увесь верхні горад літаральна працяты гэтымі падземнымі камунікацыямі. Да нашага часу яшчэ нікому не ўдалося прайсці гэтымі падземнымі камунікацыямі з аднаго канца ў другі.
Аднак, паводле сведчанняў відавочцаў, гэтыя хады быццам бы злучалі паміж сабою комплекс бернардзінскіх кляштароў і ішлі да касцёла і кляштара баніфратаў у канцы Казьмадзям’янскай вуліцы (сёння не існуе). Далей падземны калідор нібы ішоў у бок вуліцы Гандлёвай і Свіслачы. Уваход у тое падзямелле знаходзіўся ў двары кляштара бернардзінак.
Вялікая верагоднасць таго, што падземныя хады злучалі Замчышча і Верхні горад, а таксама Петрапаўлаўскую царкву. Вядома, што падземныя скляпенні і пераходы існавалі пад Базыльянскімі мурамі. У 1960-я гады былі выяўлены падземныя хады, адзін з якіх ішоў у бок Дамініканскага касцёла і туды, дзе некалі стаяў кляштар францысканцаў. Адваротны — у бок вуліцы Зборавай да кляштара бенедыкцінак (раён сённяшніх будынкаў Пракуратуры Рэспублікі Беларусь і кінатэатра «Перамога»). У розны час былі выяўлены ўваходы ў падзямеллі ў будынках прыватных дамоў XVII-XVIІI стагоддзяў.
Відавочна, што будаўніцтва лёхаў і падземных калідораў пачалося не пазней другой паловы XVI стагоддзя, калі стаў актыўна забудоўвацца Верхні горад. Трэба думаць таксама, што працягвалася (дакладней — паглыблялася) пракладка тых старажытных тунэляў і ў XVII, і ў XVIIІ стагоддзях. Безумоўна, выклікана гэта было неабходнасцю бяспекі і абароны. Вядома, што ў XV-XVI стагоддзях насельніцтва беларускіх гарадоў хавалася ў падземных сховішчах пры нападах крымскіх татараў. Наступныя стагоддзі неслі таксама шмат войнаў і разбурэнняў. Памятайма і пра рэлігійныя сутычкі, якія ўспыхвалі неаднойчы паміж жыхарамі горада ў тыя неспакойныя часы. А ў тых лёхах месцічы хавалі сваю маёмасць і хаваліся самі.
“Гістарычная праўда”