Як упершыню святкавалі 3 ліпеня
На нарадзе Цэнтральнага камітэта Кампартыі бальшавікоў Беларусі, якая адбылася 22 траўня 1945 года, пастанавілі зрабіць 3 ліпеня «ўсенародным нацыянальным святам». Савецка-партыйнае кіраўніцтва Беларусі вырашыла з помпай адзначыць першую гадавіну вызвалення Мінска ад нацыстаў і закласці традыцыю святкавання гэтай падзеі як аднаго з галоўных дзяржаўных святаў БССР.
Тады ж быў зацверджаны план урачыстых мерапрыемстваў, які з Мінска накіравалі ва ўсе абкамы і гаркамы КП(б)Б: мітынгі, дэманстрацыі, сацыялістычныя спаборніцтвы, лекцыі па прапагандзе гераічнай барацьбы беларускага народа з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, упрыгожванне гарадоў, спартовыя спаборніцтвы і канцэрты творчых калектываў. У тыя дні газеты былі перапоўненыя артыкуламі кшталту «Нацыянальнаму святу – дастойную сустрэчу!», «Насустрач галоўнаму святу народа!» і г.д.
Асаблівая роля належала рэспубліканскай кампаніі – падпісанне ад усяго беларускага народа ліста падзякі на імя правадыра народаў СССР Іосіфа Сталіна. Маўляў, каб не ён, і перамогі не было б, таму бясконца трэба ўсхваляць ваеннага і дзяржаўнага генія «савецкага народа». З гэтым узніклі вялікія праблемы на Палессі. Не хацелі падпісвацца і ў іншых мясцовасцях краіны, галасы нязгоды гучалі ў Бягомльскім і Лагойскім раёнах.
Масавае адмаўленне жыхароў тагачаснай Брэсцкай і Пінскай вобласці ад падпісання ліста Сталіну — усё ж мірны, ідэйны супраціў, а быў і ўзброены. Гэта яшчэ больш азмрочвала першае «ўсенароднае нацыянальнае свята савецкіх беларусаў». Менавіта напярэдадні 3 ліпеня 1945 года партыйнае кіраўніцтва Брэстчыны і Піншчыны паведамляла ў Мінск пра актывізацыю антысавецкага падполля. Пераважна гаворка вялася пра атрады Украінскай паўстанцкай арміі (УПА) і польскай Арміі Краёвай (АК). Канечне, дзейнічалі і асобныя групоўкі, як, напрыклад, у Пінскай вобласці атрад Мікалая Лазінскага, у мінулым настаўніка. Атрады УПА і АК, што знаходзіліся на беларускім Палессі, таксама складаліся з мясцовых жыхароў, асабліва ў былым Дзівінскім раёне, цяпер Кобрыншчына.
Сярод усяго антысавецкага падполля вялікі ўплыў быў ва Украінскай паўстанцкай арміі. Па стане на лета 1945 года тэрыторыя па лініі Брэст-Кобрын-Драгічын-Пінск-Давыд-Гарадок уваходзіла ў структуру УПА, якая называлася «УПА-Поўнач». У сваю чаргу, гэтая тэрытарыяльная адзінка дзялілася на некалькі вайсковых акругаў. Так, беларускія землі па лініі Брэст-Кобрын-Драгічын-Янава ўваходзілі ў вайсковую акругу «Кодак», а Піншчына дзялілася на дзве вайсковыя акругі: «Балота» ды «Гало». Дык вось, напачатку ліпеня 1945 года сакратар Брэсцкага абкама КП(б)Б Міхаіл Тупіцын паведаміў у Мінск, што 25 чэрвеня ўзброеная група атачыла вёску Кляцішча Дзівінскага раёна, дзе праходзіў сход, на якім абмяркоўваўся ліст да Сталіна. У выніку невядомыя забілі старшыню сельскага савета Дзям’яна Куцэвіча, фінансавага агента Ганну Вярэмка і чырвонага партызана Мікалая Куліковіча. Верагодна, што гэтая ж група пасля накіравалася ў вёску Воса, дзе за супрацоўніцтва з бальшавікамі забілі былога старшыню Восаўскага сельсавета Карнея Беразюка і мясцовага савецкага актывіста Карпа Кавалевіча.
Не прайшло спакойна абмеркаванне падзякі Сталіну і ў Чамярскім сельсавеце ўсё таго ж Дзівінскага раёна. 29 чэрвеня пасля сялянскага сходу была абстраляная хата з сельскагаспадарчымі пабудовамі вясковага партыйнага актывіста Мікалая Ульгаевіча. У дадзеным выпадку абышлося без людскіх ахвяр.
У 20-х чыслах чэрвеня ў вёсцы Тэмра Старая Дзеткаівіцкага сельсавета Антопальскага раёна (цяпер частка Кобрыншчыны) з’явілася ўзброеная група антысаветчыкаў, але страляніны не рабілі. Звярнуліся да вяскоўцаў з заклікам не сплочваць падаткі і аніяк не дапамагаць савецкай уладзе. Пра гэта Брэст праінфармаваў сакратар Антопальскага райкама Кампартыі Яроцкі.
У вёсцы Магілёўцы, цяперашняга Пружанскага раёна, напрыканцы чэрвеня быў забіты настаўнік і два вясковых актывіста, усе яны агітавалі сялянаў за бальшавікоў і спрыялі хутчэйшаму ўсталяванню савецкага ладу жыцця.
Тэрор у дачыненні да савецка-партыйнага актыву, як і вайскоўцаў, быў адной з задач падполля. І гэта быў сапраўды эфектыўны захад, хоць і крывавы. Вядомыя выпадкі, калі савецка-партыйны апарат адмаўляўся выходзіць на працу ў цэлых раёнах Брэстчыны і Піншчыны. Па дадзеных украінскага гісторыка, прафесара Кіеўскага ўніверсітэта Уладзіміра Сергейчука, у 1945 годзе на тэрыторыі сучаснай Брэстчыны ўкраінскія падпольшчыкі знішчылі 50 чэкістаў, 36 афіцэраў і радавых Чырвонай Арміі, 171 савецка-партыйнага актывіста і 298 асобаў, якія дапамагалі саветам.
У Мінску 3-га ліпеня 1945 года адзначылі маштабна, як таго і жадалі кіраўнікі БССР. З нагоды свята Панцеляймон Панамарэнка падрыхтаваў, як бы сказалі ў часы сталінскіх рэпрэсій, «нацдэмаўскі» зварот, эйфарыя панавала ў галовах кіраўніцтва Савецкай Беларусі. Пад’ём быў на фоне міжнароднага прызнання, уваходжання ў ААН, але неўзабаве Масква патлумачыла кім ёсць Мінск і якое ягонае месца ў савецкай імперыі. Як напісаў у 2015 годзе доктар гістарычных навук Рыгор Лазько: «З наступнага года (з 1946 – аўт.) свята вызвалення Беларусі ў партыйнай прапагандзе перастануць называць нацыянальным, хоць яно застанецца «вялікім» і «ўсенародным». Акрамя таго, яго пачнуць звязваць з датай звароту Сталіна да народаў Савецкага Саюзу 3 ліпеня 1941 года. А народ будзе адсунуты на задні план, за плечы правадыра».
Паводле Пятра Савіча, racyja.com