Чаму нацысты вывучалі гісторыю вызвольнага паўстання 1863 года?
Хто б мог падумаць, што для барацьбы з польскім падполлем падчас Другой сусветнай нацысты актыўна вывучалі досвед паўстання 1863 года!
Агульнавядома, што ўвосень 1939-га Польшча знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Адначасова з фарміраваннем акупацыйнай адміністрацыі «Генерал-губернатарства» (так называлася Польшча) узнікла Падпольная Польская Дзяржава.
Калі немцы зразумелі, што ў акупаванай Польшчы існуюць структуры падполля, іх экспертныя цэнтры прыступілі да дэталёвага аналізу новага праціўніка. Пры гэтым хутка высветлілася, што ў дыскусіі падпольшчыкаў важнае месца займае досвед Таемнай падпольнай дзяржавы 1863-1864 гадоў.
Дастаткова згадаць, што ўжо ў 1940 годзе Галоўны штаб Саюза ўзброенай барацьбы (пазней Арміі Краёвай) распрацаваў план усеагульнага паўстання. Гэты план быў падобны на план студзеньскага паўстання 1863 года, паколькі меркаваў у пачатку выступу адначасовыя напады на размешчаныя ў краі гарнізоны акупантаў.
Такая сувязь з 1863-м выглядае лагічным. Па-першае, храналагічна гэта было апошняе з польскіх паўстанняў. Па-другое, у міжваенай Польшчы быў створаны сапраўдны культ удзельнікаў паўстання. Нядзіўна, што польскія патрыёты часоў Другой сусветнай бачылі сябе прадаўжальнікамі справы Каліноўскага, Дамброўскага, Траўгута і іншых герояў паўстання.
Так ці інакш, падзеямі 1863 года нямецкія акупанты неўзабаве зацікавіліся не на жарт. І зімой 1939-га даручылі Навуковаму аддзелу Генеральнага штаба Сухапутных войскаў зрабіць даследаванне на гэтую тэму.
23 лютага 1940 года рэйхсфюрар СС Генрых Гімлер атрымаў даклад аб феномене Студзеньскага паўстання пад назвай «Польская тактыка ў галіне падрыхтоўкі і выканання паўстання супраць рускіх у 1863 годзе».
Нацысцкі бонза вельмі хутка прачытаў шматстаронкавае даследаванне, зрабіўшы наступнае рэзюмэ: «Гэтая праца настолькі добрая, што я збіраюся рэкамендаваць яе распаўсюджванне». Неўзабаве рэйхсфюрар СС сапраўды загадаў «разаслаць гэтую працу на ўсе службовыя пасады, камандзірам батальёнаў СС і паліцыі ў Генерал-губернатарстве, а таксама ў мясцовыя пасты гестапа».
Чаму шэф СС зацікавіўся польскім паўстаннем 75-гадовай даўніны? Відавочна, што Гімлера цікавілі перш за ўсё тыя бакі паўстання, з якіх можна зрабіць бягучыя палітычныя і ваенныя высновы. Невыпадкова, у самым пачатку тэксту падкрэслівалася, што «арганізацыя і ажыццяўленне паўстання палякамі, абарончыя мерапрыемствы рускіх і памылкі, дапушчаныя абодвума бакамі, даюць шэраг урокаў, як для сучаснасці, так і для будучыні».
Так, напрыклад, у дакладзе згадваецца, сярод іншага, пазіцыя заходніх краін — Англіі і Францыі ў 1863 і 1939 гадах. Парыж і Лондан у 1939-м, як і ў 1863 годзе, абяцалі палякам падтрымку, аднак у выніку ўсё абмежавалася выказваннем глыбокай занепакоенасці. Немцаў цікавіла, наколькі пасіўнасць саюзнікаў у 1863-1864-м паўплывала на тонус інсургентаў.
Асноўнае апавяданне пачынаецца з выкладу кароткай гістарычнай падаплёкі падзей, якія прывялі да пачатку паўстання 1863 года. У ім згадваюцца «белая» і «чырвоная» фракцыі, дэманстрацыі, якія папярэднічалі паўстанню, роля жанчын і стаўленне да іх духавенства і сялян. Асобныя ўрыўкі прысвечаны дзеянням расейскіх уладаў у адносінах да польскага нацыянальнага руху.
Галоўным чынам немцы спрабавалі адказаць на пытанне, чаму дрэнна ўзброеныя паўстанцы змаглі так эфектыўна змагацца з царскімі войскамі? Адзначаліся кепская тактыка рускіх войскаў, адсутнасць шчыльнай расійска-аўстрыйскай мяжы, праз якую адбывалася дастаўка зброі для паўстанцаў, безыніцыятыўнасць камандавання на месцы. Зрэшты, аўтары дакладу таксама вельмі крытычна ацанілі ступень вайсковай арганізацыі паўстання, абвінавацілі паўстанцаў у дэфіцыце згоды паміж асобнымі камандзірамі і адсутнасці адзінага вышэйшага вайсковага кіраўніцтва.
Галоўная ўвага звярталася на такі аспект, як грамадзянская падтрымка паўстання. Гэты момант нават міжвольна выклікаў захапленне ў аўтараў даклада, якія ў прыватнасці падкрэслівалі: «Прыкметны поспех заключаўся ў тым, што незаконны ўрад змог утрымацца ў сталіцы, якая літаральна кішэла рускімі войскамі, на працягу ўсяго паўстання. Урад падтрымліваў пастаянную сувязь з ваяводствамі, паветамі, аж да царкоўных прыходаў. Працавала ўласная паштовая служба, важныя грузы адпраўляліся праз кур'ераў, для чаго часта выкарыстоўваліся жанчыны».
Прарыў у барацьбе з паўстанцамі немцы ўбачылі ў двух важных рашэннях расейскіх уладаў. Першым з іх была змена на пасадзе намесніка Царства Польскага — вялікага князя Канстанціна змяніў Тэадор, граф Берг. Апошні распачаў больш радыкальныя дзеянні супраць паўстанцаў, ужыўшы «практыку, ужо апрабаваную яго калегам Мураўёвым — адказваць на тэрор з жалезнай строгасцю».
Другім фактарам быў указ цара Аляксандра II ад 2 сакавіка 1864 года, які даваў выбарчыя правы сялянам у Царстве Польскім, што значна аслабіла дапамогу сялян паўстанцкім войскам. Дадатковымі прычынамі правалу паўстання, на думку немцаў, была адсутнасць дапамогі з-за мяжы, паколькі «без замежнай дапамогі палякам рана ці позна прыйшлося б саступіць больш моцнаму суперніку».
Аналізуючы гісторыю Студзеньскага паўстання, нацысты зрабілі дзве важныя высновы, якія былі закліканыя дапамагчы ў падаўленні супраціву ў Генерал-губернатарстве. Першая: звярнуць увагу на стаўленне сялян да існуючай сітуацыі.
Але галоўная выснова заключаецца ў тым, што барацьба з польскімі партызанамі можа быць эфектыўнай толькі ў тым выпадку, калі яна вядзецца бязлітасна супраць любых праяў сімпатый грамадства на адрас падполля. У канцы сваёй справаздачы аўтары пішуць: «1863 год вучыць бязлітаснай суровасці пры першых прыкметах супраціву. Любая нерашучасць з боку кіраўніка непазбежна скончыцца катастрофай».
Цяжка сказаць, наколькі рэалізацыя гэтай устаноўкі дапамагла акупантам дабіцца лаяльнасці палякаў. Польская партызанка па ходу вайны не знікла, а наадварот набыла яшчэ большы маштаб. Застаецца дапусціць, што некаторыя ўрокі 1863 года Гімлер і яго паплечнікі так і не зразумелі.