Апошні фільм Трэцяга Рэйха

Восемдзесят гадоў таму на экраны выйшаў самы дарагі фільм у гісторыі нацысцкай Германіі. Да яе капітуляцыі заставалася прыкладна два месяцы.

8238200415191556.jpg

Канец 1944-га. Другая сусветная ўступае ў фінальную фазу. Саюзнікі з усіх бакоў ідуць на штурм Германіі. А што Гітлер? А Гітлер здымае кіно. З фронту адклікаюцца войскі для масоўкі, неабходнай для фільма «Кольберг».

Фільм апавядаў пра аблогу горада Кольберга. З 20 сакавіка па 2 ліпеня 1807 года войска Напалеона і некаторыя саюзнікі Францыі (у тым ліку, польскія паўстанцы) атачылі горад Кольберг — крэпасць у тагачаснай прускай правінцыі Памеранія. Аблога не ўвянчалася поспехам і была знята пасля аб'яўлення Тыльзіцкага міру.

Сама аблога стала легендай ваеннай гісторыі Прусіі. Асабліва пасля таго, як папулярны нямецкі літаратар Паўль Хейзе апісаў яе ў сваёй паспяховай драме «Кольберг» (1865). Перад Другой сусветнай вайной у цэнтры горада быў устаноўлены помнік героям апісаных вышэй падзей, а 2 ліпеня стала мясцовым святам, якое адзначалі штогадовай працэсіяй.

У 1942-м у Гебельса ўзнікла ідэя перанесці гістарычныя падзеі на экран. Быў замоўлены сцэнар, аўтары якога зрабілі акцэнт на постаці мэра — Ёсіфа Неттэльбека. Па сюжэце Неттэльбек у адзіночку гатовы супраціўляцца французам на кантрасце з іншымі гараджанамі і камандзірам гарнізона. У выніку мэр стварае грамадзянскае апалчэнне. Хоць валанцёрам супрацьстаіць рэгулярнае прускае войска, горад у выніку застаецца за немцамі

Частка сюжэту натуральна не адпавядала рэальным падзеям. Напрыклад, фактычная аблога скончылася з-за капітуляцыі Прусіі, але ў фільме гэта прама не паказана. Па асабістым загадзе Гебельса, які курыраваў працэс падрыхтоўкі да здымак, у фільм увялі рамантычную фабулу: маладая нямецкая патрыётка Марыя закахалася ў аднаго з абаронцаў горада.

Менавіта Марыя на экране выконвае небяспечнае даручэнне бургамістра — дабрацца да Кёнігсберга, дзе мае сустрэцца з каралём і каралевай. Марыя сустракаецца з каралевай сам-насам і пераконвае яе загадаць адправіць у Кольберг ваенную дапамогу.

Здымкі былі пачаты ў студзені 1942 года і скончаны напрыканцы студзеня 1945 года. Пры гэтым шмат якія маштабныя сцэны здымаліся ўжо ў той момант, калі сітуацыя на франтах стала крытычнай для Германіі. Для стварэння фільма з фронту было прыцягнута 187 тыс. салдат, 6 тыс. матросаў і 4 тыс. коней. У батальных сцэнах удзельнічалі салдаты раскватараваных ва Усходняй Прусіі частак вермахта, у тым ліку Кёнігсбергскага гарнізона, а таксама Рускай вызваленчай арміі генерала Уласава.

Гэта без уліку іншых выдаткаў. Напрыклад, для імітацыі снегу ў фільме выкарыстоўвалася соль, для перавозкі якой было задзейнічана 100 чыгуначных вагонаў.

Зразумела, што перакідка войскаў з фронту, ды яшчэ ў такім маштабе, не магла адбывацца без асабістай санкцыі фюрара. Адсюль узнікае лагічнае пытанне: чаму бонзам нацысцкага рэжыму было так важна гэта кіно?

На думку гісторыкаў, «Кольберг» як фільм, які здымалі на фоне ваенных няўдач вермахта, быў закліканы навязаць грамадзянскаму насельніцтву ідэю неабходнасці «татальнай вайны» пры абароне ўласных гарадоў. Пры гэтым гледачы падчас кінасеансаў павінны былі быць маральна падрыхтаваны да таго, што гэтая татальная вайна будзе не лёгкай прагулкай. Напрыклад, у фільме французы пераносяць агонь асаднай артылерыі з умацаванняў горада на дахі дамоў, каб прымусіць жыхароў адмовіцца ад супраціву.

Аднак у выніку ўсё аказалася зусім не так, як планавалі нацысты. Хоць «Кольберг» стаў самай дарагой пастаноўкай кінематографа нацысцкай Германіі, фільм убачыла невялікая колькасць гледачоў. Усё таму, што на момант прэм'еры большая частка кінатэатраў ужо была разбурана саюзнымі бамбардзіроўкамі. Калі кінатэатры і заставаліся функцыянальнымі, людзі не імкнуліся хадзіць у іх праз страх стаць ахвярамі авіяцыйных нападаў.

Застаецца дадаць некалькі слоў аб лёсе самога горада. Кольберг быў аб'яўлены Festung («горадам-крэпасцю»), калі савецкія войскі наблізіліся да яго 24 лютага 1945 года. На працягу месяца горад быў цалкам абложаны, што дазволіла нацысцкай прэсе казаць пра «Другую бітву за Кольберг». Усяго ў «катле» знаходзілася каля 70 000 нямецкіх грамадзянскіх асоб і вайскоўцаў. Аднак на гэты раз Кольберг утрымаць не атрымалася. Пад націскам савецкіх і польскіх войскаў 18 сакавіка 1945 года немцы збеглі з гораду.

Пасля вайны згодна з дамоўленасцямі, якія былі заключаны ў Патсдаме, горад перайшоў у склад Польшчы і атрымаў назву Калабжэг. Пры гэтым хутка цэнтральная вуліца гораду была названа ў гонар Антонія Сулкоўскага — камандуючага польскімі фармаваннямі, якія ўдзельнічалі ў аблозе 1807 года.