Адвечны беларускі шлях. Ігнат Канчэўскі і яго несмяротны твор
Сёння спаўняецца 101 год са дня смерці першага беларускага філосафа Ігната Канчэўскага, аўтара знакамітага эсэ «Адвечным шляхам», якое не набывае сёння другое жыццё і новае прачытанне — як і стагоддзе таму, мы па-ранейшаму ў тых жа абставінах, пра якія вядзецца ў творы.
Усе публікацыі пра Ігната Канчэўскага з матэрыялаў Тамары Юсціцкай чытаць тут.
Вяртанне да актыўнай дзейнасці
Медыкі паставілі Канчэўскага на ногі, ён выйшаў на працу, зноў з'явілася надзея, што ўсё пойдзе на лад. Восенню 1921 года Ігнат і Людміла вырашылі знайсці сабе асобнае жыллё. Радасць была велізарнай, калі атрымалася наняць на Звярынцы сонечную, толькі што выбеленую трохпакаёвую кватэру на другім паверсе ў доме № 28 па Вітольдавай вуліцы (цяпер гэта вул. Вітаўта, 34). На той жа вуліцы, у доме №15, была яўрэйская дзіцячая лякарня, дзе дапамагалі Леначцы, у якой усё яшчэ былі сур'ёзныя праблемы са здароўем.
Канчаткова асяліўшыся ў родным горадзе, Ігнат, які атрымаў адукацыю і абзавёўся сям'ёй, меў усе падставы лічыць сябе самастойным, дарослым чалавекам. Раз'ехаліся, разляцеліся па свеце і не давалі пра сябе ведаць блізкія людзі — аднагодкі, не толькі былыя аднакашнікі, але і шматлікія стрыечныя браты і сёстры. Аднаўляліся ранейшыя, узнікалі новыя знаёмствы, прыяцельскія і сяброўскія адносіны. З людзьмі, за дзейнасцю якіх на ніве беларускай культуры да вайны ён, будучы вучнем, назіраў збоку, цяпер звязвалі агульныя справы і інтарэсы.
Як і ў даваенны перыяд, з завяршэннем нямецкай акупацыі актывізавалася беларуская інтэлігенцыя Вільні, якая дакладна ўсведамляла свае мэты. Яна імкнулася ахапіць уплывам перш за ўсё вясковае насельніцтва Віленшчыны. Самым лепшым, выпрабаваным спосабам было выданне і распаўсюджанне перыядычнага друку.
У Вільні з'яўляліся і знікалі дзясяткі назваў перыядычных выданняў на беларускай мове. Іх рэдактары і выдаўцы (часцей за ўсё, у адной асобе) — прадстаўнікі нешматлікай беларускай інтэлігенцыі, — ставілі перад сабой высакародную мэту абуджэння нацыянальных пачуццяў «простага народа», паказвання яму «дакладнага шляху». Частка выданняў з'яўлялася напярэдадні выбараў і знікала неўзабаве пасля іх, іншыя — якія сталі на шлях асветніцтва, — працягвалі сваю справу ва ўмовах матэрыяльнай патрэбы, цэнзуры і наўпроставага пераследу ўладамі. Век большасці з іх быў нядоўгім — адзін-два гады: пры праяве нелаяльнасці ўлады імгненна адклікалі дазвол на друкаванне непажаданых выданняў.
Ігнат быў у пастаянным пошуку новых ведаў, зносін, спрабаваў сябе ў розных сферах дзейнасці. Арсень Ліс лічыў, што Канчэўскі быў адным з тых, хто стаяў ля вытокаў стварэння «дэмакратычнага перыядычнага друку ў Вільні, якому было наканавана адыграць важную ролю ў палітычнай асвеце народа, у фармаванні вызваленчых яго памкненняў».
Ігнат нібыта наганяў упушчанае або прадчуваў, што жыць яму засталося нядоўга, — і шмат пісаў.
Канчэўскі, малады чалавек з інтэлігентнага асяроддзя, дзяцінства і малалецтва якога прайшлі ў камфортнай атмасферы матэрыяльнага і душэўнага дабрабыту, не быў славалюбным чалавекам, не імкнуўся да ўлады, высокіх пасад і проста да папулярнасці. Свае публікацыі ў беларускай прэсе ён рэдка падпісваў сапраўдным імем, часцей выкарыстоўваў некалькі пастаянных псеўданімаў.
Прасочваецца пэўная заканамернасць у тым, што артыкулы на палітычныя тэмы і пра кааперацыю ён падпісваў ініцыяламі — I. K., паэтычныя творы, пераклады вершаў з іншых моў Ігнат друкаваў пад імем рэальнага чалавека — Ганны Галубянкі. Лёс гэтай дзяўчыны з вёскі Няверышкі з-пад Лаварышкаў паблізу Вільні, якая на пачатку лютага 1919 года з'ехала ў Санкт-Пецярбург (верагодна, на заробкі) і там, як лічылася, бясследна знікла, усхваляваў Ігната.
Толькі некалькі матэрыялаў падпісаныя ім сваім прозвішчам. Гэта было паўсядзённай практыкай тагачаснага друку — стваралася ўражанне большай колькасці аўтараў. Часам за чужым прозвішчам хаваліся выразнікі «крамольных» разваг.
У 1920-1923 гадах у газетах «Беларускія ведомосці», «Беларускі звон», «Наша будучына», «Наша думка», «Новае жыцьцё» былі надрукаваныя артыкулы Ігната пра міжнародную палітыку, выбары ў Сейм Польшчы, пра гандаль, кааперацыю і пра іншыя тэмы. Напісаныя даходліва, артыкулы Ігната вылучаліся канкрэтыкай, мясцовым матэрыялам.
Верачы ў сілу кааператыўнага руху, Ігнат звярнуўся да самых маладых, актыўных і дапытлівых людзей — навучэнцаў Віленскай беларускай гімназіі, — і стварыў вучнёўскі кааператыў, дзе была магчымасць атрымаць першапачатковыя навыкі кааператара. З пытаннямі кааперацыі быў звязаны гурток геаграфіі, якім кіраваў Канчэўскі і пра працу якога паведамлялася ў раздзеле «Хроніка» газеты «Беларускі звон» ад 20 верасня 1922 года: «…арганiзуецца i пазашкольная праца. Ужо пачалi працаваць: гурток па лацiнскай мове, якiм кiруець п. М. Красiнскi (вольны пераклад Цэзара) i гурток па географii пад кiраўнiцтвам п. Канчэўскага (экскурсii, практыкаваньня па здыманьнi пляноў, гульнi i iнш.)»
«Ігнат Абдзіраловіч». «Адвечным шляхам»
З 8 красавіка 1921 года (дарэчы, Ігнату на наступны дзень споўнілася 25 гадоў) рэдактарам-выдаўцом беларускай Віленскай газеты «Наша думка» пачаў працаваць дзеяч Слуцкага паўстання 1920 года Алесь Кабычкін, які нядаўна прыбыў у Вільню. Рэдакцыя пераехала на вул. Вастрабрамскую, 9 (Базыльянскія муры), газета стала друкавацца ў друкарні Барыса Клецкіна на вул. Мала-Стэфанскай, 23. Мабыць, з новым рэдактарам — юрыстам, інтэлігентным чалавекам пэўных поглядаў, што імпанавалі Ігнату, — Канчэўскі знайшоў агульную мову, а то і быў знаёмы раней.
Нягледзячы на хваробу, Ігнат працягваў працаваць над завяршэннем свайго асноўнага твора. Шматгадовыя неспакойныя роздумы пра беларускую нацыю, пра магчымыя шляхі яе лёсу ён нарэшце сфармуляваў, запісаў на дробных лістках дэфіцытнай пісчай паперы. Гэта заняло ў яго крыху больш за месяц: з 4 красавіка па 12 траўня 1921 года.
У 22-27-м нумарах «Нашай думкі», з 3 чэрвеня па 8 ліпеня 1921 года, пад псеўданімам «Ігнат Абдзіраловіч» быў надрукаваны філасофскі трактат «Адвечным шляхам» з падзагалоўкам «Даследаванні беларускага светапогляду», які Ігнат Канчэўскі прысвяціў «У. I.», то-бок свайму бацьку Уладзіміру Ігнатавічу.
Асоба Уладзіміра Ігнатавіча, якім ён быў да вайны, так і засталася для нас загадкай. Ствараецца ўражанне, што гэта быў спакойны, удумлівы чалавек, эрудыт, які не імкнуўся выслужыцца перад начальствам, хутчэй хацеў бы заставацца ў цені. У гэтым да яго быў падобны старэйшы сын, названы ў гонар дзеда — Ігнат. Магчыма, інтарэсы Уладзіміра Ігнатавіча адносіліся да іншай сферы дзейнасці, але нешта не атрымалася, не ўдалося ажыццявіць задуманае. Ёсць адчуванне дваістасці яго жыцця...
Як і адкуль у яго сфармаваліся імкненне і патрэба выхаваць, навучыць сваіх сыноў быць «сапраўднымі беларусамі»? У лістах Арсеня Канчэўскага, якія захаваліся, няма згадак пра тое, што дзеці, да прыкладу, праводзілі лета ў беларускай глыбінцы — у Івашкевічах Гродзенскай губерні, у дзядулі з бабуляй. Але родная мова братоў беларуская, багатая і свабодная, — уплыў пастаяннага моўнага асяроддзя відавочны.
Фёдар Канчэўскі ў лістах да Уладзіміра Калесніка адмаўляе, што Уладзімір Ігнатавіч прыняў сан святара, піша, што ён «не быў рэлігійным... і нават левых поглядаў». Нягледзячы на тое, што Уладзімір Ігнатавіч нарадзіўся і вырас у сям'і святара, у яго ўласнай сям'і ніхто не быў фанатычна рэлігійным.
Галава сям'і быў хлебасольным і гасцінным гаспадаром, прытрымліваўся старой традыцыі жыць па прынцыпе «госць у хаце — Бог у хаце». Яго не бянтэжыла разнастайнасць і супярэчлівасць поглядаў яго сваякоў і сяброў, сяброў яго сыноў. З абсалютнай упэўненасцю можна сцвярджаць, што Уладзімір Ігнатавіч быў чалавекам талерантным, з павагай ставіўся да розных меркаванняў і поглядаў. Мяркуючы па тым, якімі рознымі выраслі яго ўласныя сыны, ім была прадастаўлена поўная свабода выбару жыццёвай пазіцыі.
У тым жа 1921 годзе віленскае «Беларускае выдавецкае таварыства» выпусціла «Адвечным шляхам» асобнай брашурай. Жанр тэксту самім аўтарам не быў вызначаны. Хочацца пагадзіцца са сталым меркаваннем адносна гэтага твора як створанага ў жанры эсэ. Ён сапраўды мае не толькі філасофскую, але і мастацкую каштоўнасць.
Несумненна, Ігнат Канчэўскі разумеў выключнасць, важнасць сваёй працы, названай ім сімвалічна — «Адвечным шляхам». Тым не менш ён і тут выказаў сваё грэбаванне да вядомасці, застаўся верным сабе: прыпісаў аўтарства герою аповесці Максіма Гарэцкага «Дзве душы».
У 1919 годзе ў Вільні выходзіла газета «Беларуская думка» (як яе вызначалі самі выдаўцы, «дэмакратычнага кірунку»). Яе старонкі запаўняла, у асноўным, актуальная і практычная інфармацыя пра дзеянні ўладаў і жыццё горада: цэны, забеспячэнне прадуктамі, курсы валют, расклад руху цягнікоў, разнастайная іншая тэматыка прыцягвалі чытачоў. І раптам у газеце, якая нагадвала пастаянна пра штодзённыя праблемы і клопаты, выдавец Уладзіслаў Знамяроўскі пачаў друкаваць, з працягамі, аповесць Максіма Гарэцкага «Дзве душы».
«Дзве душы» — аповесць з так званым «вандроўным сюжэтам»: багацей і бядняк воляю выпадку мяняюцца месцамі і пражываюць не сваё жыццё, падвяргаюцца выпрабаванням не свайго лёсу. Жыццё герояў блізкае і зразумелае чытачу: многія выраслі ў вёсцы, нечаму вучыліся, больш старыя былі прызваныя ў войска, вызналі нягоды вайны і, вярнуўшыся з фронту, шукалі сваё месца ў жыцці. Многія пазналі ў творы свае пачуцці і эмоцыі, пазналі сябе. Для маладых, думаючых, актыўных пасля вайны прыйшоў час выбіраць, з якімі сіламі будаваць будучыню грамадства і нацыі.
Аповесць здабыла такую папулярнасць, што ў Віленскай беларускай гімназіі на працягу некалькіх гадоў праводзіліся дыспуты наконт вобразу і лёсу Ігната Абдзіраловіча, яго надзей і сумневаў, пошукаў і расчараванняў, наконт фармавання грамадзянскай пазіцыі. Светапоглядныя пошукі героя аповесці, які аказаўся ў гушчы палітычных і сацыяльных праблем свайго часу, пакутаваў ад раздвойвання сваёй душы, не разумеючы, да якіх сіл асабіста яму было б больш правільна далучыцца, былі блізкія грамадска ангажаванай частцы моладзі.
Ігнат Канчэўскі стварыў нейкую містыфікацыю, нібыта паўдзельнічаў у напісанні працягу ўпадабанай чытачу аповесці «Дзве душы», канчаткова вызначыўшы жыццёвую пазіцыю Ігната Абдзіраловіча. А можа, выданне трактата ад імя літаратурнага героя з боку Канчэўскага было гульнёй, спробай прыцягнуць маладое пакаленне да сваіх разваг, зацікавіць гісторыяй і будучыняй беларусаў як нацыі?